Каля вадаёма за вёскай Міхнавічы будзе парк «Юбілейны»

З нагоды 80-гадовага юбілею раённай газеты «Івацэвіцкі веснік», які раёнка будзе адзначаць восенню 2019 года, каля вадаёма за вёскай Міхнавічы быў закладзены парк «Юбілейны». Работы па пасадцы дрэўцаў згодна з распрацаваным праектам тут пачаліся 17 красавіка.
Права першымі пасадзіць дрэўцы было прадастаўлена заснавальнікам раённай газеты «Івацэвіцкі веснік». Ад іх імя гэта зрабілі Аляксандр Грыцук, старшыня Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта, Аляксандр Сарока, старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў, і Аляксандра Джэжора, галоўны рэдактар КУП «Рэдакцыя раённай газеты «Івацэвіцкі веснік» і праграма радыёвяшчання «Раённае радыёвяшчанне».

Галоўны рэдактар Аляксандра Джэжора коратка пазнаёміла ўдзельнікаў акцыі з праектам парка «Юбілейны», адзначыла, што назва парка абрана не выпадкова. 2019 год юбілейны не толькі для раёнкі: сёлета краіна адзначае 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, г. Івацэвічы – 500-гадовы юбілей, 115 гадоў прафсаюзнаму руху краіны, 25 гадоў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, 20 гадоў службе МНС… Яна падзякавала ўсім за праяўленую актыўнасць і жаданне паўдзельнічаць у пасадцы парку.
Старшыня Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Грыцук падкрэсліў, што сёння рэалізуецца шмат добрых ініцыятыў, многае робіцца для таго, каб наш райцэнтр і населеныя пункты раёна станавіліся яшчэ больш прыгажэйшымі і камфортнымі для жыцця. Аднак, на жаль, не ўсе беражна адносяцца да таго, што ствараюць другія. Таму вельмі б хацелася, каб да добрых спраў далучалася ўсё больш грамадзян, бо навядзенне парадку на зямлі – гэта агульная справа.
Аляксандр Сарока, старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў, дадаў, што вельмі важна, калі сярод мясцовага насельніцтва ёсць ініцыятыўныя і нераўнадушныя грамадзяне. Так, напрыклад, ён узгадаў, што па ініцыятыве старасты в. Міхнавічы Марыі Іванаўны Белай быў наведзены парадак каля вадаёма, дзе і будзе размяшчацца парк “Юбілейны”. Ён адзначыў, што мясцовае насельніцтва тут вельмі працалюбівае і актыўнае ў адносінах да грамадскіх работ, і выказаў упэўненасць, што клопат пра новы парк будзе ажыццяўляцца і з боку мясцовых жыхароў, тым больш, што і яны праявілі жаданне паўдзельнічаць у пасадцы дрэўцаў.
У пасадцы парка, акрамя калектыву рэдакцыі, прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і службаў, з якімі раённая газета супрацоўнічае доўгія гады: Івацэвіцкай РА РГА «Белая Русь» на чале з Дзянісам Пакалюком, раённага аб’яднання прафсаюзаў пад кіраўніцтвам Ігара Паўшко, РК «БРСМ» у складзе першага сакратара Вольгі Беляковай і вучняў 11 «А» класа СШ №3 г. Івацэвічы Дзяніса Рыжова, Рамана Шыбайкі, Дзмітрыя Прымачука, Мікалая Гойшыка і Дзмітрыя Янкоўскага, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пад началам Віталія Дыдышкі, Івацэвіцкай РА ГА «Беларускі саюз жанчын». Таксама ў ліку першых да работы прыступілі дэпутат Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Анатолій Трафімчык з вучнем 4 «Г» класа СШ №3 г. Івацэвічы Ільёй Белым, стараста в. Міхнавічы Марыя Белая і мясцовыя жыхары Леанід Лукоўскі і Віктар Равенка, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11 Міхаіл Кавальчук.
Усяго ў гэты дзень было пасаджана 80 дрэўцаў: ліпы, грабы, елкі, сосны. Работы па рэалізацыі праекта будуць прадоўжаны восенню.
Рэдакцыя раённай газеты «Івацэвіцкі веснік» дзякуе ўсім удзельнікам за работу, а таксама выказвае падзяку за дапамогу ў арганізацыі па рэалізацыі праекта аддзелу архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Івацэвіцкага райвыканкама, ААТ «Івацэвічыбудпраект», ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас», УА «Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці» і ДУВП «Івацэвіцкае ЖКГ».
Дзяніс КАРПАЎ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

 

ивацевичи новый парк