У 2019-м годзе Івацэвіцкім райаддзелам СК узбуджана прыкладна на 100 крымінальных спраў менш, чым у папярэднім годзе.

Крымінагенная абстаноўка як быццам стабілізавалася. Разам з тым, вельмі многа рэгіструецца фактаў крадзяжоў. Як і раней, гэты від злачынства самы «папулярны»– 148 крымінальных спраў райаддзелам узбуджана па крадзяжах (гэта каля 40 працэнтаў ад усіх парушэнняў закона). І неяк непрыкметна на вядучыя пазіцыі выйшлі злачынствы ў сферы інфармацыйнай бяспекі і высокіх тэхналогій, звяртае ўвагу начальнік Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Вадзім Лішко:
– Пяць-шэсць гадоў назад у нас фіксаваліся адзіныя выпадкі падману людзей, якія страчвалі грошы, бо зламыснікі скарыстоўваліся іх банкаўскімі пластыкавымі карткамі. Сёння сітуацыя змянілася значна: у нашым калектыве няма ніводнага следчага, хто б не займаўся расследаваннем падобных спраў – іх дзясяткі толькі за 2019 год.
І гэты від злачынстваў выйшаў на больш высокі ўзровень.
Вось прыклад. Следствам устаноўлена, што невядомы зламыснік летам 2019 года неўстаноўленым шляхам завалодаў рэквізітамі доступу да спецыяльнага банкаўскага рахунку, ажыццявіўшы несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай сістэмы аднаго з прадпрыемстваў нашага раёна, і змог «спісаць» з бягучага рахунку прадпрыемства каля 8 000 рублёў. Толькі ў самы апошні момант ААТ АСБ «Беларусбанк» заблакіраваў гэты вывад грошай, і зламыснік не змог давесці свой злачынны намер да канца.
Гэтым я хачу сказаць наступнае: у тых умовах, якія склаліся, трэба быць максімальна абачлівым і асцярожным – як фізічным асобам, так і юрыдычным. Што тычыцца праблем грамадзян, то скажу наступнае: дазваляць карыстацца сваёй банкаўскай карткай, паведамляць код іншым людзям – гэта прыкладна тое ж самае, што аддаць трэцяй асобе ключ ад кватэры, дзе грошы ляжаць. Вы вельмі рызыкуеце, калі ваша картка трапляе ў чужыя рукі!
– Вадзім Мікалаевіч, гандаль праз інтэрнэт таксама стварае пагрозу?
– Так, і фактаў падману нашых грамадзян сумнеўнымі гандлярамі з сусветнай павуціны не становіцца менш. Тут падман або махлярства ідзе праз розныя «барахолкі», дзе прапаноўваюцца «по бросовым ценам» тавар, які звычайна значна больш дарагі. Гэта розныя віды адзення – шубы, паліто, дарагі абутак… Найчасцей у такія пасткі трапляюць жанчыны. Вялікая спакуса купіць шубу за 800 рублёў, калі ты ведаеш, што такая каштуе ў краме не меней 2 000 рублёў. Пачынаецца гандаль, прадавец патрабуе перадаплату, атрымлівае грошы і… прападае. Банальна? Згодзен! Але ж такога кшталту злачынстваў менш не становіцца! Як і выпадкаў, калі ашуканцы «перафарбоўваюцца» ў родных-сяброў і праз сацыяльныя сеткі просяць грошай або рэквізіты банкаўскіх пластыкавых картак. Непакоіць значная колькасць фактаў нейкіх незразумелых знаёмстваў праз інтэрнэт, калі розныя прайдзісветы просяць «скінуць» здымкі новых сяброў у аголеным выглядзе, а пасля пачынаецца шантаж… Пра гэтыя злачынствы мы рэгулярна расказваем і ў раёнцы, бо, паўтаруся, такіх фактаў многа.
Некаторыя нашы грамадзяне, не маючы належнага вопыту і эканамічных і фінансавых ведаў, размяшчаюць грошы на інтэрнэт-пляцоўках, набываюць біткойны, акцыі, гуляюць на віртуальных валютных біржах – і застаюцца без грошай. Нярэдка разлічваючыся з інтэрнэт-магазінам, нашы грамадзяне сутыкаюцца з падманам так званых данатаў – так званыя добраахвотныя ахвяраванні, калі пакупнік аплачвае і ўносіць дадатковыя сумы, пра якія ён не ведаў, але якія былі непрыкметна ўнесены ў
здзелку. Пасля вельмі цяжка даказаць адваротнае… На мой погляд, нашы грамадзяне вельмі «захапіліся» жыццём у сусветнай павуціне, бо сёння інтэрнэт – і сябар, і магазін, і ледзь не месца работы.
– У мінулым годзе ў нашым раёне не фіксаваліся забойствы. Так бывае нячаста?
– Згодзен, 2019 год аказаўся ў гэтым сэнсе асаблівым – не зафіксавана ніводнага забойства. Але менавіта напрыканцы 2019-га года нам удалося раскрыць забойства, якое здарылася 14 гадоў назад, калі маладая жыхарка нашага раёна нарадзіла дзіця і задушыла яго. Знайшлі праваахоўныя органы гэтае няшчаснае дзіця на звалцы камунальных адходаў у Міхнавічах.
Спадзяюся, што падобных злачынстваў будзе станавіцца менш. Хаця сямейна-бытавая сфера не дае сумаваць: у мінулым годзе ўзбуджана сем крымінальных спраў па фактах нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання. Пачатак новага года таксама «адзначыўся» падобнымі фактамі. Не сакрэт, што большасць гэтых здарэнняў маюць нецвярозую афарбоўку.
– Якую мадэль паводзін павінен абраць любы наш грамадзянін, каб не стаць фігурантам крымінальнай справы?
– Многія злачынствы здараюцца па прычыне таго, што нашы землякі легкадумна адносяцца да аховы ўласнай маёмасці. У нас фіксаваліся ўгоны транспартных сродкаў, калі іх гаспадары не толькі не замыкалі легкавік, але нават ключы пакідалі на відным месцы ў аўтамабілі – лепшай дапамогі злодзею і не знайсці. А колькі па прычыне такой неабачлівасці ўкрадзена веласіпедаў! Важна прытрымлівацца цвярозага ладу жыцця – вельмі часта крымінальныя здарэнні адбываюцца менавіта з моцна п’янымі людзьмі, якія не заўсёды вядуць сябе адэкватна і прадказальна.
– Колькі слоў пра прафілактычную работу.
– Пакрыццё нанесенага ўрону па закончаных крымінальных справах у 2019-м годзе – 73,1 працэнтаў (з улікам кошту маёмасці, на якую накладзены арышт, – 85 працэнтаў). Па закончаных справах унесены 247 прадстаўленняў, па выніках разгляду іх прыцягнуты да адказнасці і прымяняліся меры матэрыяльна-дысцыплінарнай адказнасці ў адносінах да 23 службовых асоб і да 10 іншых асоб. Вось прыклад: адзін з вядучых спецыялістаў прадпрыемства з Івацэвічаў, які ўжо быў раней затрыманы за ўпраўленне аўто ў стане алкагольнага ап’янення, зноў у нецвярозым стане сеў за руль. У рабочы час! Ён быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ, узбуджана крымінальная справа, а да адказнасці прыцягнуты не толькі гэты спецыяліст, але і дыспетчар, і механік, якія нясуць адказнасць за выпуск транспарту.
– Якая крымінальная справа 2019-га года вам асабліва запомнілася?
– Запомнілася, на першы погляд, непрыкметная справа: двое мужчын незаконна лавілі рыбу сеткамі на Бабровіцкім возеры, але былі затрыманы. Адзін з іх нідзе не працуе, не мае даходаў, а вось другі, пенсіянер К., мае аўтамабіль (на машыну накладзены арышт). Урон сур’ёзны – каля 7 000 рублёў, гэтую суму аплаціць прыйдзецца менавіта пенсіянеру, калі гэты яго гора-сябра не працаўладкуецца, каб з яго спагнаць палову ўрону.
Той рыбы яны налавілі каля 10 кілаграмаў – і вось якія праблемы цяпер чакаюць К. Гэтыя дзесяць кілаграмаў ён мог налавіць і вудай, купіўшы пуцёўку на адзін дзень. Аднак вырашыў лавіць так, як лавілі некалі, – сеткамі. Але сёння прыйшоў іншы час, непавага да Закона каштуе вельмі дорага.
…Лепшыя вынікі работы за 2019 год маюць старшы следчы Вадзім Жданюк, следчы Дзяніс Валошчык, старшы следчы Андрэй Прадзільшчыкаў, следчы па асабліва важных справах Сяргей Падсадны. Гэтыя людзі – касцяк нашага калектыву, дэманструюць пастаянна высокую якасць работы.
Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ.