Хутка запрацуе рэспубліканскі маладзёжны парламент

4 лютага ў Мінску ў Савеце Рэспублікі намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка сустракаўся з маладзёжным актывам Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. На сустрэчы таксама прысутнічаў Віктар Лісковіч, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі  Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.

У складзе дэлегацыі Брэсцкай вобласці, якую ўзначальваў старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч, была і прадстаўнік Івацэвіцкага раёна, старшыня Маладзёжнага парламента пры Івацэвіцкім раённым Савеце дэпутатаў Ганна Ільяшэвіч.

Моладзь сустрэлася, каб пазнаёміцца асабіста і абмяняцца вопытам у галіне дзейнасці маладзёжных парламенцкіх структур і перспектывамі іх развіцця.Так, будзе створаны Маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, у які будуць уваходзіць самыя актыўныя маладыя людзі з кожнай вобласці нашай краіны.

– За моладдзю – наша будучае. Хочацца, каб вы сталі цэнтрам прыцягнення таленавітай, актыўнай моладзі, – адзначыў Анатолій Ісачанка. – Хочацца, каб Маладзёжны парламент запрацаваў, каб ён быў цікавым і карысным маладым людзям па ўсёй нашай краіне. Члены рэспубліканскага Маладзёжнага парламента разам са сваімі старэйшымі калегамі будуць удзельнічаць у пасяджэннях камісій, разглядзе законапраектаў, таму што нам важна пачуць голас новага пакалення.

Маладыя людзі падзяліліся сваімі поглядамі на тое, як павінен функцыяніраваць рэспубліканскі Маладзёжны парламент, а таксама ўжо ўнеслі свае прапановы, агучылі пэўныя пытанні, якія найбольш цікавяць сучасную моладзь: тэмы размеркавання студэнтаў, падтрымкі маладзёжнага бізнэсу, а таксама студэнцкіх праграм па абмене вопытам у межах саюзнай краіны.