Івацэвіцкі раён наведала дэлегацыя з Мехаўскага павета

4-6 лютага ў нашым раёне знаходзілася з сяброўскім візітам дэлегацыя з Мехаўскага павета. Нагадаем, у мінулым, 2019 годзе між Івацэвіцкім раёнам і Мехаўскім паветам малапольскага ваяводства Рэспублікі Польшча падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў гандлёва- эканамічнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і культурнай сферах.

Нашымі гасцямі на гэты раз былі Кшыштоф Капіга, прэс-сакратар Мехаўскага павета; Яўген Скочэнь, прэзідэнт Рацлавіцкага культурнага таварыства; Марчын Флорек, дацэнт, дырэктар Мехаўскага краязнаўчага музея. Адпаведна з прафесійнай дзейнасцю гасцей ім была прапанавана праграма, згодна з якой яны маглі б максімальна за такі кароткі час прабывання пазнаёміцца з культурным жыццём нашага раёна, яго гісторыяй і знакамітымі асобамі.
4 лютага госці пабывалі на ўрачыстасцях ў гонар угодкаў Тадэвуша Касцюшкі ў Марачоўшчыне, пазнаёміліся з гістарычнымі мясцінамі Косаўшчыны, дзе гідам для іх быў старшыня Косаўскага гарвыканкама Леанід Юдчыц.
Наступным днём польская дэлегацыя наведала рэдакцыю раённай газеты «Івацэвіцкі веснік», пазнаёмілася з кірункамі дзейнасці рэдакцыі, працоўным калектывам. Госці прызналіся, што прыемна ўражаныя тым, у якіх умовах працуюць журналісты і сучаснымі тэхналогіямі ў розных сферах, якія асвоены журналістамі.
Прыемна здзівіў і ўразіў гасцей наш гісторыка-краязнаўчы музей, дзе яго дырэктар Раіса Горбач не толькі паказала і расказала аб экспанатах, але пазнаёміла калег з работамі вядомых людзей нашага краю – мастака і паэта Анатолія Галушкі, краязнаўцы і пісьменніка Алеся Зайкі. Трэба заўважыць, што госці засталіся пад вялікім уражаннем ад карцін Анатолія Галушкі, кніжнай спадчыны Алеся Зайкі. Асаблівыя эмоцыі выклікаў відэафільм аб жыцці і творчасці Анатолія Галушкі, які дэманстраваўся гасцям тут жа.
Пасля госці наведалі філіял музея – мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына», які выклікаў у іх вельмі глыбокія пачуцці.
– Мы вельмі кранутыя той увагай, якую вы надаеце захаванню гістарычнай і культурнай спадчыны, – па-
дзяліліся госці сваімі ўражаннямі. – Мы бачым, што вы шмат працуеце над далучэннем да сваёй гісторыі і культуры моладзі, дзяцей. І мы ў сябе робім гэтаксама, разумеючы неабходнасць пераемнасці пакаленняў. Мы бачым у вашым музеі шмат рэчаў, якія ёсць і ў нашым музеі. У нас вельмі шмат агульнага ў культуры…
Валерый Гапееў, фота аўтара.