Карупцыйныя з’явы ў эканоміцы: плён прынясе работа на папярэджанне

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1732, якая ўбачыла свет яшчэ ў 2011-м годзе, зацверджана Палажэнне аб стварэнні ў працоўных калектывах камісій па процідзеянню карупцыі. Мэта – удасканаленне прававога рэгулявання пытанняў процідзеяння карупцыі, а таксама ўстараненне прычын і ўмоў, якія параджаюць карупцыю… Такія камісіі створаны на прадпрыемствах, але работа ў іх вельмі часта вядзецца фармальна, звяртае ўвагу мой суразмоўца Вячаслаў Боршч, намеснік пракурора Івацэвіцкага раёна.

-Так, неразуменне важнасці стварэння камісіі і, паўтаруся, фармальнае стаўленне да яе работы прыводзіць да таго, што часта кіраўнікі дакладна не ведаюць, што робіцца на тым або іншым участку прадпрыемства, якое яны ўзначальваюць, – гаворыць Вячаслаў Боршч. – Адсюль і крымінальныя справы, якія ўзбуджаны па карупцыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У 2019-м годзе іх было не так і многа – шэсць крымінальных спраў, з іх чатыры ўзбуджаны па арт. 210 “Крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам”. Злачынствы адбываліся ў сельскагаспадарчай галіне, а таксама ў галінах дрэваапрацоўкі і будаўніцтва. Адзначу таксама, што сельскагаспадарчая галіна адносіцца да сферы вытворчасці, дзе высокі ўзровень карупцыйнай рызыкі.

-Вячаслаў Віктаравіч, злоўжыванні дапускае дырэктарскі корпус?

-Не, злачынствы адбываліся па прычыне абыякавасці кіраўнікоў, якія часта слепа давяраюць сваім спецыялістам, якія маюць арганізацыйна-распарадчыя паўнамоцтвы. І гэтыя спецыялісты, якія ведалі, што ў кіраўніка найчасцей рукі не даходзяць праверыць той або іншы ўчастак прадпрыемства, дазвалялі сабе парушаць Закон.

-Якія канкрэтна злоўжыванні выяўлены?

-Выяўлены факты, калі спецыялісты, якія адказваюць за вядзенне табеля ўліку працоўнага часу, наўмысна ўносілі ў спісы заведама падманныя дадзеныя – фаміліі людзей, якія тут не працуюць, але ім, тым не меней, ставіліся “васьмёркі”, гэтая табелі зацвярджаліся. Адпаведна цераз бухгалтэрыю ішла зарплата чалавеку, які на вытворчасці не бывае. Яшчэ адзін выпадак: службовая асоба мела доступ і магла распараджацца будматэрыяламі – і адпусціла “налева”, аднаму з грамадзян, бетонную сумесь. Як вынік у адносінах да гэтай службовай асобы таксама ўзбуджана крымінальная справа па арт. 210 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Фіксуюцца рэгулярна факты парушэнняў пры правядзенні працэдуры закупак, якімі нярэдка на прадпрыемствах займаюцца выпадковыя людзі.

-Як рэагуюць кіраўнікі прадпрыемстваў, калі даведваюцца пра падобныя злоўжыванні сваіх падначаленых?

-Часта чуеш адказ: гэта мой спецыяліст, чаму я не павінен яму давяраць? Маўляў, я не магу правяраць усіх адначасова. Але ўсіх адначасова правяраць і не трэба! Гэта немагчыма! Сістэматычна трэба правяраць кожны аб’ект ці ўчастак, працаваць на папярэджанне. Для таго і ствараліся вышэйзгаданыя камісіі, каб кіраўнік (а ён паводле норм Закона павінен ўзначальваць такую камісію) паступова праверыў кожны “закутак” свайго прадпрыемства, вызначыў, дзе ўзровень карупцыйнай рызыкі асабліва высокі, прыняў адпаведныя меры.

…Па выніках праверак, якія праведзены пракуратурай Івацэвіцкага раёна ў 2019-м годзе, 19 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці за парушэнне антыкарупцыйнага заканадаўства. У іх ліку тры кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія груба ігнаравалі патрабаванні заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй. Тры асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, унесена пяць прадстаўленняў і 10 прадпісанняў.

Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ.