Народны каляндар: люты

Даўней слова «люты» абазначала «празмерна», «вельмi». I сапраўды, зiма ў гэтую пару звычайна ў самай сiле. «Пытаецца люты, ці добра ногі абуты» – гаварыла прыказка. Па стану лютага прадказвалі асаблівасці будучага надвор’я. Калі ў гэтым  месяцы быў востры мароз, зіма павінна працягвацца нядоўга. Звычайна халаднейшай бывае першая палова месяца. Маразы i завiрухi ў асноўным назiраюцца ўначы. Казалi: «Люты ўдзень карове бок нагрэе, а ўначы рог сарве», або «Зiма ўцякае цёмнымi начамi». Як і студзень, люты меў свой адпаведнік у другім паўгоддзі: раз люты востры і сухі, то жнівень – гарачы. Па тым, наколькі высока нападае ў лютым снег, меркавалі пра вышыню травы ўлетку.

1 лютага – дзень Макарыя Сонечнага. Гаварылi, якое надвор’е першага, такi будзе i ўвесь люты. Калi ў гэты дзень на небе многа зорак, то зiма яшчэ доўга пратрымаецца.

2 лютага – Каталіцкія Грамніцы. А яшчэ гэты дзень называюць Яфiмкiны мяцелiцы. Калi апоўднi будзе сонца – да ранняй вясны, а калi ж пахмурна цi мяцелiца ў сярэдзiне дня разгуляецца – доўга будзе надвор’е з мяцелiцамi.

4 лютага – дзень Цiмафея-паўзiмнiка. У гэты дзень звычайна бываюць моцныя маразы. Чым больш выпадзе снегу, тым большы ўраджай збожжавых.

5 лютага – Агата. Каровіна свята. «Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты».

6 лютага – дзень Аксiннi-паўхлебнiцы, паўзiмнiцы (Ксені, Аксені).   Пералом зiмы. Якое ў гэты дзень надвор’е – такая i вясна. У царкоўным календары гэты дзень прысвечаны прападобнай Ксеніі (V ст.). Пазней сюды была ўключана і блажэнная Ксенія Пецярбургская.  Кепскае надвор’е ў гэты дзень сведчыла аб працягласці зімы. Як пераконвалі сялянскія назіранні, «калі на Аксінню дарогу перамяце, то і корм падмяце» – г. зн. зіма затрымаецца і хатняя жывёла паесць усе нарыхтаваныя яе запасы.

9 лютагаІван Залатавус. У народным каляндары гэты дзень замацаваны за Іванам Залатавусам, а не за Злалавустам, як у царкоўным. Згодна легендзе, Касьян падпаліў Івану Хрысціцелю вусы. Бог пакараў Касьяна тым, што яго прысвятак адзначалі толькі адзін раз у чатыры гады – 29 лютага па стараму стылю. І Івану Бог падараў залатыя вусы. Яшчэ існуе і такое тлумачэнне, чаму дзень Касьяна святкуецца толькі раз у чатыры гады: «Касьян тры гады запар у свае імяніны быў п’яны і толькі на чацвёрты год суняўся…» У мінулыя часы 29 лютага сяляне стараліся не выходзіць з хаты, асабліва да сонечнага ўзыходу.  Аб злым, недабразычлівым чалавеку казалі: «Гэтакій ты Касьян! Відаць, у цябе няма крыві-то чалавечай». Кажуць, што Касьяну падпарадкаваны ўсе вятры, ён трымае іх на дваццаці ланцугах за дваццаццю замкамі. «У яго ўладзе спусціць вецер на зямлю і наслаць на людзей і на скаціну мор».

11 лютага – Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад».

14 лютага – Трыфан. «На Трыфана зорна – вясна позняя».

15 лютага. Праваслаўныя Грамніцы, альбо Стрэчанне. Першая назва свята, як мяркуюць, пайшла ад язычніцкага бога Грамоўніка, якому прыпісвалася ўтварэнне веснавых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінна была ўпасці ўлада змрочных бостваў зімы: «На Грамніцы – паўзіміцы» або «Як прыйдуць Грамніцы – скідай рукавіцы». У засеках памяншаўся запас збожжа, і гэты святочны дзень таксама выступаў у гаспадарцы са сваёю меркаю: «Грамніца – хлебу палавіца». Другую назву – Стрэчанне, якая паходзіла ад царкоўнага «Сретенье», народ тлумачыў як сустрэчу зімы з вясною:

«А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне, //Зіма з летам стрэлася, стрэлася.//Лета зіму піхнула, піхнула//I ножачку звіхнула, звіхнула».

Не дзіўна, што гэта пераломнае свята звязана з шэрагам метэаралагічных прыкмет: «Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я — вол пад’есць травіцы». Калі ж на Грамніцы здараўся вялікі мароз – снег павінен быў праляжаць нядоўга, а вясна і лета не абяцалі нічога добрага. Грамнічная мяцеліца прадказвала, што вясна затрымаецца даўжэй, чым звычайна, у выніку чаго вычарпаюцца запасы корму для жывёлы. Рэзкае пацяпленне надвор’я не давала селяніну разлічваць на прыбытак у полі і на агародзе: «Як на Грамніцы адліга – з ураджаю будзе хвіга». Пры адсутнасці адлігі можна было спадзявацца на пагодлівае, сухое лета. На Беларусі гэта свята знамянальна такім абрадам, як асвячэнне свечак у царкве. Грамнічныя свечкі (або проста «грамніцы») асабліва шанаваліся ў народзе – іх запальвалі з вераю ў дапамогу падчас навальніц, каб маланка не спаліла хату; іх давалі цяжка хвораму ў час канання, каб полымя асвятляла таму шлях на той свет, ачышчала душу ад грахоў. Жыло ў народзе перакананне, што грамнічных свечак баіцца «нячыстая сіла», таму і вешалі іх ля ўваходу ў хлеў ці на стайню, каб, маўляў, ведзьмы не адабралі ў кароў малака і не заездзілі да смерці коней.

24 лютагаУлассе, Аўлас. Свята жывёлы. Яго народ лічыў апекуном свойскай жывёлы. У гэты дзень жывёле трэба даваць лепшы корм, не працаваць на ёй. Таксама раілася аб’язджаць маладых коней. Мацей. «На Мацея дарога пацее», «На Мацея адліга – будзе мароз».

26 лютага – Фаціння. Заступніца ад хвароб.