І адпачыць, і пазнаёміцца са славутасцямі Косаўшчыны…

Дзясяткі тысяч турыстаў штогод наведваюць музей-сядзібу імя Т. Касцюшкі і  палац Пуслоўскіх – сапраўдныя жамчужыны Косаўшчыны. Прыязджаюць сюды госці з розных рэгіёнаў Беларусі, з Расіі, Польшчы, Украіны. Але, напэўна, не ўсе ведаюць, што наведвальнікаў могуць прыняць не толькі залы музея-сядзібы ці палаца Пуслоўскіх; побач месцяцца дзве аграсядзібы – «У Людмілы», якая знаходзіцца ў Косаве, і «Стары хутар» – размяшчаецца каля аўтадарогі паміж Косава і Ружанамі ў 2-3 кіламетрах ад вышэйзгаданых славутасцяў. Тут з радасцю сустрэнуць гасцей і дапамогуць арганізаваць адпачынак.

Аўтар публікацыі наведаў гэтыя дзве аграсядзібы.

Адпачынак з усімі зручнасцямі

Аграэкасядзіба «У Людмілы» знаходзіцца ў цэнтры Косава, на вул. 3 Лютага. Яе гаспадыня – Людміла Рудая, добра вядомая ў нашым раёне і далёка за яго межамі творчая асоба, якая ў самых розных сцэнічных вобразах дэманструе свае таленты. Прыкладна два гады таму яна адкрыла гэтую аграэкасядзібу. Аўтар публікацыі наведаўся сюды і пацікавіўся ў яе гаспадыні: чым можа быць прыцягальным для турыста аграэкасядзіба ў цэнтры горада?

– Мой кліент той, хто хоча кампактна размясціцца ў аграэкасядзібе з усімі камунальнымі зручнасцямі, – гаворыць Людміла. – Гэты дом, які набыла ў 2016-м годзе, прыйшлося перарабляць амаль поўнасцю. Зараз ён радуе вока і гасцей. Правяла сюды газ, зрабіла ўнутраны рамонт, з’явілася тут і цэнтральнае водазабеспячэнне… Для невялікай кампаніі – для тых, хто хоча адасобіцца, пабыць у адзіноце і адпачыць, тут выдатныя ўмовы. 6-7 чалавек могуць тут адначасова знаходзіцца. Можна правесці і карпаратыў, калі кампанія мнагалюдная – на вуліцы альтанка, мангал і ўсе тыя «прыбамбасы», якія патрэбны чалавеку на адпачынку.

Людміла Рудая звяртае ўвагу на тое, што яе аграэкасядзіба можа быць і «стартавай пляцоўкай» да тых, хто хоча пазнаёміцца з жыццём і славутасцямі не толькі Косаўшчыны, але ў цэлым Брэстчыны – Ружанскі палац, гістарычныя помнікі Бярозаўшчыны, Слонімшчыны… Можа яна зацікавіць і тых, каму трэба спыніцца ў гэтых мясцінах па працоўных пытаннях. Аўтар публікацыі пацікавіўся ў Валерыя Шкуты, жыхара Брэста, які пражываў «У Людмілы», пра ўражанні ад наведвання аграэкасядзібы:

– Працавалі на Косаўскім замку. Наша брыгада з пяці чалавек спынілася ў аграэкасядзібе «У Людмілы». Вельмі нізкія цэны тут, у Брэсце такіх цэн няма. Не параўнаць з гасцініцай. Дадайце, што ў гасцініцы ты не будзеш сам сабе гатаваць ежу, а тут у цябе газавая пліта, халадзільнік – карацей, усе зручнасці, каб не хадзіць па кропках грамадскага харчавання і не патраціцца моцна. Засталіся самыя цёплыя ўражанні ад пражывання ў гэтай аграэкасядзібе…

А вось як ацэньвае адпачынак у дадзенай аграэкасядзібе Таццяна Сіроткіна, якая пражывае ў Гомелі.

– У другой палове 2019 года праводзіліся «Дажынкі» ў Ружанах, культурныя мерапрыемствы праходзілі і ў суседнім Слоніме. А мы гандлюем усходнімі ласункамі, таму падобныя мерапрыемствы любім. Прыехалі на вашу Брэстчыну, спыніліся ў Косаве, у аграэкасядзібе «У Людмілы». Цэны тут проста смешныя – каля 10 рублёў з чалавека. У самой сядзібе чысценька, па-дамашняму ўтульна. Вельмі спадабалася, мы нават засталіся на некалькі дзён, каб яшчэ больш пазнаёміцца з косаўскім краем…

«Стары хутар» запрашае 

Прыкладна 10 гадоў таму жыхар Івацэвічаў Вячаслаў Мельнікаў адкрыў аграсядзібу «Стары хутар», якая месціцца каля аўтадарогі паміж Косава і Ружанамі, непадалёку ад вёскі Скураты. Назва поўнасцю адпавядае сутнасці – тут насамрэч хутар, або, як паведамляецца ў тлумачальным слоўніку, – асобная сялянская сядзіба з адасобленай гаспадаркай.

Для нас, беларусаў, такі побыт добра знаёмы, большасць з нас або нарадзіліся ў вёсцы або часта наведваліся да бабуль-дзядуль. Аграсядзіба «Стары хутар» якраз і «завострана» на аўдыторыю, якая засумавала па адпачынку ва ўлонні прыроды, дзе чыстае свежае паветра не азмрочана пахамі цывілізацыі, дзе ласкае слых цішыня, а зоркі ноччу ледзь не зазіраюць у акенца. А якая радасць роснай раніцай, узяўшы вуды, накіравацца да бліжэйшага возера, дзе клюе буйная плотка, лешч, шчупак.

– Хаця наша сядзіба не мае амаль ніякіх інжынерных зручнасцяў, але гэта не значыць, што тут будзе нязручна дарослым ці дзецям, – з такімі словамі сустракае аўтара гэтых радкоў гаспадар аграсядзібы Вячаслаў Мельнікаў. – Зімой па зразумелых прычынах госці прыязджаюць не так часта, як хацелася б, а вось летам у нас рэдка бывае сумна: наведваюцца і сем’ямі, і нават, не паверыце, працоўнымі калектывамі…

Вячаслаў таксама звяртае ўвагу, што музей-сядзіба імя Касцюшкі і палац Пуслоўскіх вядомы вельмі многім, прыцягвае наведвальнікаў, якія не супраць спыніцца ў аграсядзібе. Нават з Гомеля нядаўна прыязджаў калектыў невялікай установы разам з дырэктарам, каб пазнаёміцца са славутымі мясцінамі Косаўшчыны. Не супраць адпачыць тут і выпускнікі суседніх школ, хто скончыў навучальную ўстанову нядаўна або вельмі даўно.

А асноўны гонар гаспадара – лазня.

Пад лазню пайшла набытая ў суседняй вёсцы вялікая хата, якую Вячаслаў перавёз на ўчастак аграсядзібы. Збылася мара гаспадара: лазня – прасторная, тут не цесна нават і вялікай кампаніі. Спальная зона нават ёсць на некалькі пакояў, каб можна было і памыцца, і на паветра выйсці, і пасядзець, і нават прылегчы. Многія жыхары Івацэвіччыны з задавальненнем наведваюцца ў лазню «Старога хутара».

За гады станаўлення-аднаўлення аграсядзібы зроблена вельмі многае, як кажа Вячаслаў Мельнікаў, у набытых дамах і пабудовах толькі сцены засталіся ранейшыя, а ўсё астатняе прыйшлося перарабляць. Адных толькі печаў прыйшлося шэсць адзінак або перабудаваць або ўзвесці. Але і зрабіць запланавана многае, каб быў яшчэ больш разнастайным адпачынак – і дзіцячыя пляцоўкі ўзвесці, і новых кветкавых кампазіцый дадаць… Што тычыцца кухні, то Вячаслаў з жонкай могуць прыгатаваць стравы па жаданні наведвальнікаў. Ёсць і свае фірменныя рэцэпты, таму кожны наведвальнік будзе прыемна здзіўлены, падкрэслівае гаспадар аграсядзібы. Вы толькі прыязджайце!

Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).