Радыёсігнал са Слоніма ўстойлівы

У райгазету звярнуўся Мікалай Пятровіч Ш. (прозвішча і больш падрабязны адрас ёсць у рэдакцыі), які пражывае на вул. Шаўчэнкі ў Івацэвічах. Наш чытач звяртае ўвагу на тое, што радыёпрыёмнік, які пастаянна працуе ў яго кватэры, стаў горш прымаць сігнал, трансляцыі ідуць з перашкодамі, хаця раней такога не было.
І справа не ў прыёмніку: спецыялісты раённага вузла электрасувязі ўпэўніліся ў гэтым, калі прыехалі, каб адрэагаваць на скаргу. «Можа, якая перашкода з’явілася на шляху сігналу? А можа Слонімская радыётэлевізійная станцыя працуе з перабоямі?» – цікавіцца Іван Пятровіч.
Супрацоўнік «ІВ» звярнуўся за тлумачэннямі да кіраўніцтва Слонімскай радыётэлевізійнай перадаючай станцыі «Новыя Стражні». Гаворыць Павел Кулак, вядучы інжынер станцыі «Новыя Стражні»:
– Працуем у звычайным рэжыме, магутнасць сігналу ад нашай станцыі не стала большай ці меншай. Калі сігнал стаў прымацца горш, то тут, калі радыёпрыёмнік якасны, прычына бачыцца ў адным: змяніўся, так бы мовіць, рэльеф мясцовасці, узніклі нейкія новыя збудаванні і аб’екты, якія «перабіваюць» сігнал.
Магу толькі параіць набыць больш магутны радыёпрыёмнік, выкарыстоўваць знешнюю антэну…
Да слоў вядучага інжынера варта дадаць наступнае: на пустцы, якая знахо-
дзіцца ад вуліцы Шаўчэнкі на поўнач (у кірунку Слоніма), зараз сапраўды з’явіліся вежы кранаў, пачынаецца работа па будаўніцтве двух шматпавярховых дамоў. У нейкай ступені можна лічыць, што гэта таксама можа ствараць перашкоды. І хаця Івацэвічы знаходзяцца ў зоне ўпэўненага прыёму сігналу са Слоніма, трэба мець на ўвазе, што ў пэўных месцах прыём можа пагоршыцца.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.