Прыйшоў п’яны на вакзал…

На тое, што з моцна п’янымі пасажырамі рэгулярна здараюцца нейкія непрыемнасці, мы неаднаразова звярталі ўвагу. Вось яшчэ два выпадкі, пазнаёміўшыся з якімі, будзем спадзявацца, нашы грамадзяне зробяць належныя вывады.
В., 48-гадовы жыхар адной з вёсак Целяханшчыны, прыехаў у Івацэвічы і чакаў электрацягнік, каб ехаць да станцыі Аранчыцы. Але мужчына перад пасадкай у цягнік стаў ужываць спіртное, а ў вагоне заснуў. Прачнуўся ўжо ў Брэсце. На жаль, В. дзесьці «пасеяў» рукзак, у якім, акрамя розных рэчаў, знаходзіўся ордэн – баявая ўзнагарода ягонага дзядулі. Толькі праз месяц В. звярнуўся ў праваахоўныя органы, каб дапамаглі знайсці і рукзак, і ордэн, аб страце якога асабліва шкадуе наш зямляк.
Штосьці падобнае адбылося з 52-гадовым мужчынам Г. з Брэста, ураджэнцам Волькі, які адзначыў святы ў роднай вёсцы з бацькам, сеў у маршрутны аўтобус да Івацэвічаў… і «адключыўся». Мужчына прыйшоў у стан прытомнасці толькі… у Жабінцы. Што з ім адбывалася – не памятае. Але «памятаюць» сістэмы відэаназірання, якія засведчылі, як гэтаму ўшчэнт п’янаму мужчыне дапамагалі ўзняцца, калі ён упаў на чыгуначнай станцыі, як «падабралі» яго тэлефон і прысвоілі… Вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Паўтаруся: калі б гэтыя мужчыны былі цвярозымі, падобныя здарэнні з імі дакладна не адбыліся б.
Віталь ВЫСОЦКІ, начальнік лінейнага пункта міліцыі на ст. Івацэвічы.