Афганістан: памяць жыве ў нашых сэрцах

 

Прайшоў 31 год з дня вываду савецкіх войск з Афганістана. Дзень 15 лютага для нас і радасная і, можна сказаць, святочная дата, але ў той ж час і сумная. У гэты дзень мы, воіны-інтэрнацыяналісты, збіраемся разам, успамінаем свой баявы шлях, аддаём даніну памяці нашым былым баявым сябрам.

Івацэвіцкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» была створана ў маі 1985 года і насіла назву «Асацыяцыя воінаў-інтэрнацыяналістаў». Галоўнай задачай арганізацыі заўжды была абарона канстытуцыйных праў і свабодаў, законных інтарэсаў членаў аб’яднання з мэтай паляпшэння іх матэрыяльнага забеспячэння, жыллёвых умоў, бытавога, медыцынскага і іншых відаў абслугоўвання.
У цяперашні час арганізацыя аб’ядноўвае 58 членаў арганізацыі, а ўвогуле на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна пражывае 166 чалавек, якія служылі ў Афганістане. Вечна будуць жыць памяць аб нашых загінуўшых у гэтай паўднёвай краіне таварышах. Вось іх імёны: Пётр Гардзейчык, Віктар Баярчук, Пётр Анодзін, Уладзімір Гук, Сяргей Дзягцярык, Віктар Канановіч, Віктар Касянік, Генадзь Страковіч.
Вайна не прайшла бясследна: раненымі і кантужанымі вярнуліся з Афганістана 15 нашых землякоў. У мірны час ад хвароб і атрыманых стрэсаў у гады праходжання баявой службы памерла 49 воінаў-інтэрнацыяналістаў – маладых мужчын.
Нашы землякі з чэсцю выканалі свой воінскі і інтэрнацыянальны абавязак. Аб гэтым гавораць і ўзнагароды: ордэнам Чырвонай Зоркі ўзнагароджаны 8 чалавек, медалямі «За баявыя заслугі», «За адвагу» – 46. Кожны з тых, хто служыў у гэтай паўднёвай краіне, узнагароджаны медалём «Ад удзячнага афганскага народа».
У Івацэвічах пабудаваны помнік загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам, устаноўлена 8 мемарыяльных дошак, у школах раёна створаны куткі памяці, а там, дзе ёсць музеі, ствараюцца і экспазіцыі, прысвечаныя па-
дзеям у Афганістане. Імёнамі загінуўшых рабят названы сем вуліц у Івацэвічах і раёне. Праводзяцца традыцыйныя спаборніцтвы па валейболе, лёгкай атлетыцы, прысвечаныя памяці загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Праведзена работа па доглядзе за магіламі нашых загінуўшых рабят. Так, у апошнія гады ўстаноўлены новы помнік на магіле Сяргея Дзягцярыка ў вёсцы Краі.
Раённая арганізацыя «БСВВА» на рэгулярнай аснове праводзіць работу па героіка-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, вырашэнні сацыяльных праблем сем’яў загінуўшых, інвалідаў, членаў арганізацыі. Праводзяцца сустрэчы са школьнікамі і моладдзю раёна, члены арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх значымых мерапрыемствах, што праводзяцца ў раёне.
З другога боку, мы адчуваем клопат нашай дзяржавы аб «афганцах». Распрацаваны і ўкараняюцца ў жыццё меры сацыяльнай падтрымкі ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін. Штогод папраўляюць свае здароўе воіны-інтэрнацыяналісты ў санаторыях – у Віцебскім рэабілітацыйным цэнтры і ў шпіталі ў Бараўлянах. Так, за 2019 год не меней 10 нашых ветэранаў вайны ў Афганістане правялі аздараўленне ў вышэйзгаданых медыцынскіх установах, прычым у Віцебскім рэабілітацыйным цэнтры – разам з жонкамі.
Актыўна працуюць і штодзённа павышаюць аўтарытэт раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Васіль Новік, Юрый Янчук, Альберт Валах, Мікалай Канявега, Васіль Коваль, Георгій Арабей.
Сяргей МАТОНІН, старшыня раённай арганізацыі  ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».