Адплата

Не дадзена нам ведаць, што прыносіць на крыльцах птушка…

У тую раніцу Ганна ледзь не выліла на сябе кубак з чаем – сядзела ля акна, а ў шыбу стукнулася сінічка. Сесці не змагла на пластык новага акна, успырхнула і назад – спрабаваць учапіцца тонкімі чорнымі лапкамі за невысокі парожак.
Ганна перажагналася спуджаная: ведала, што птушка ў акно стукае не да дабра.
У канторы на працы ўсё з рук валілася. Патэлефанавала сыну і дачцэ – у тых усё добра, унучкі ў садку, здаровыя. Маці ў суседняй вёсцы – здаровая, хоць ёй восьмы дзясятак пайшоў, на агародзе калупаецца. Муж доўга не адказваў, захвалявалася, але дарма: быў на працэдурах. Ён зараз у санаторыі, радыкуліт свой лечыць.
Чаго ж сініца стукалася ў акно?
Вярталася дадому вясковай вуліцай і здаля згледзела: на іх лавачцы сядзіць нейкі стары. Сэрца затахкала ў прадчуванні нядобрага. Падышла, ён узняў вочы, сам устаў – згорблены лёсам і часам, гадоў за восемдзясят. Выгляд бамжаваты, шчэць сівая на твары, але адзенне не бруднае і не тхне ад яго.
– Дзень добры, нешта хацелі, дзядзь-
ка? – спытала Ганна, а позірк цёмных, не выцвілых вачэй старога як ударыў пад дых, ажно дыханне перахапіла.
– Дзень добры, дачушка… – пачула ў адказ.
І зразумела, што яе так ударыла: у сына вочы – такія ж во, глыбокія, выразныя на скуластым твары. І дачка вачыстая. Узялі ўнукі дзедавы гены…
Апошні раз Ганна бачыла бацьку, калі ёй было адзінаццаць гадкоў. Яны пабудавалі ўрэшце дом, вось гэты, вялікі, светлы. Бацька ў калгасе ў будаўнічай брыгадзе пачынаў, рукі да любой справы здатныя. Пасля, як пачалі будавацца, ездзіў у заробкі, як тады казалі – шабашнікам быў. На тыя грошы і будаваліся, мэблю набылі. Хоць недаробкаў яшчэ хапала, перасяліся са старой хаткі. Жыві ды радуйся.
Але бацька ў чарговы раз збіраўся на заробкі засяроджаны і сумны. І ля варот сказаў ціха маці: не прыедзе больш. Бо недзе там, далёка, чакае яго жанчына.
Маці моўчкі прысела і гадзіны тры не ўставала. Ні слова, ні слязінкі. Твар шэры, скамянелы.
Год яшчэ мелі яны надзею: адумаецца бацька, вернецца. Не вярнуўся. Хату да ладу самі даводзілі, як умелі, наймалі работнікаў. Цягнула маці з усіх сілаў, каб вывучыць Ганну, а вывучыла, то злегла. Ганна вярнулася ў вёску, уладкавалася ў кантору, даглядала маці. І тая акрыла пакрысе. А тут удавец з суседняй вёскі стаў заходжваць у госці да яе. І да Ганны вясковы хлопец зазіраў. От так амаль што разам і пайшлі замуж – дачка і маці.
Больш за сорак гадоў мінула. Дзеці ў Ганны выраслі, сваіх дзяцей нарадзілі.
І вось, наце вам: знайшоўся ім яшчэ дзядуля.
Помніла, канешне, Ганна бацьку. І як у лесе суніцы збірала з ім і маці, як вярталася яна, седзячы на бацькавых плячах, а неба было глыбокае і сіняе. Як майстраваў у доме і паказваў ёй: вось табе свой пакой будзе, светлы! І як сыходзіў уздоўж вуліцы, і не змагла тады Ганначка бегчы за ім услед, бо не разумела – чаму скамянела маці, прыхінулася да яе суцешыць, і толькі праз месяц даведалася пра бацькавы словы пры развітанні.
Ганна маўчала, перад ёй стаяў стары, чужы чалавек. І ўсё ж – родны. Яна спінай адчувала позіркі суседзяў, тыя ў цікаўнасці чакалі: што вырашыць Ганна?
– Чаго ж ты прыехаў сюды? – толькі і спытала хрыпата.
– Памерці ў сваёй хаце хачу, – ціха адказаў бацька, трымаючы ў руках невялікі чорны заплечнік.
І раптам успомніла Ганна: маці з тым удаўцом жыве, не разведзеная з першым мужам, бацька іх ні загінуўшым, ні прапаўшым без вестак не лічыцца. То хата гэтая – і ягоная хата…
– А дзе ж тая хата, у якую ад нас з’ехаў?
– Спаліў я яе. Пабудаваў сам і сам спаліў, як мяне выгнала, а іншага прывяла. То быў пасля мой дом – турма, а потым – тайга. Мне нядоўга засталося, дачушка…
– Праходзь…
Накарміла, у лазні запаліла. Чыстую бялізну і адзежу знайшла, ложак падрыхтавала. Доўга думала: ці званіць маці, не стала – і так сарокі на хвасце данясуць. І праўда, маці пазваніла:
– Гані яго, які ён табе бацька? Зараз яшчэ байструкі ягоныя явяцца, пачнуць за дом судзіцца!
– Хай будзе як будзе, – ціха, але цвёрда адказала Ганна. – У мяне і так грахоў многа, а хлеба ён многа не з’есць…
І праўда, не еў бацька Ганны многа хлеба, больш кашы. Муж Ганны вярнуўся з санаторыя – спрэчак не было.
Папрасіў у самым пачатку бацька, каб асобна ад усіх есці яму – рукі трэсліся так, што лыжку да рота не мог данесці. Днямі праседжваў у садзе. Рабіць нічога не мог – не гнуліся спіна і ногі. Не жаліўся, не дакучаў роспытамі. Глядзеў фотакарткі, чытаў газеты, дзівіўся тэлевізар. Неяк спытаў, ці можа пабачыць унукаў і праўнукаў. Ганна адказала, што дзеці хай вырашаюць. Дзеці прыехалі са сваімі дзецьмі. Ён не лез у вочы, здароўкаўся прыязна, вінавата ўсміхаўся. Прыязджала і маці Ганны. Ён сустрэў яе, тую, якая і цяпер па законе была ягонай жонкай, пабітым сабакам. Але ні слоўцам не прасіў нічога. Усё ў вачах было.
Разы са два ці тры ездзіў у райцэнтр, па якіх справах – Ганна не пыталася. Можа, сябрукоў былых сустракаў.
Лета мінулася, восень надышла. За дажджамі – бабіна лета. Неяк вярнулася Ганна з работы – сядзіць бацька ў садзе, увесь аблытаны павуціннем. Падышла – ён не дыхае.
Сціпла пахавалі, без слёз і галашэнняў.
Муж у куце сада расклаў вогнішча, Ганна выносіла і паліла бацькавы транты. Раскрыла той чорны заплечнік, што стаяў пад ложкам. Пабачыла тугі скрутак папер. Разгарнула. Там ляжалі банкаўскія аблігацыі, пашпарт бацькі і завяшчанне, як належыць, у натарыяце заверанае: аблігацыі ў некалькі дзясяткаў тысяч долараў бацька завяшчаў ёй, Ганне.
Тады Ганна заплакала.
Валерый Гапееў.