Агароджы для павышэння бяспекі

У адыходзячым лютым з’явіліся агароджы на вуліцах Дзяржынскага і на вул. Чарткова (насупраць дзіцячай паліклінікі). Аўтар публікацыі пацікавіўся ў Ірыны Івановай, намесніка начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, галоўнага архітэктара раёна, чым выклікана неабходнасць устаноўкі гэтых агароджаў.

-Найперш – дзеля бяспекі! Вуліца Дзяржынскага ў гэтым сэнсе з’яўлялася асабліва небяспечнай, бо тут пешаходу ці веласіпедысту не было куды і адступіць – бетонная сцяна папраўчай калоніі №5. Таму раней тут быў арганізаваны аднабаковы рух транспарту, а зараз з’явілася і агароджа. Шырыня праезнай часткі для аўтамабіляў – 4,1 метра, для пешаходаў і веласіпедыстаў – 2,5 м. Для зручнасці жыхароў, якія пражываюць на цотным баку вуліцы Дзяржынскага , зроблены тэхналагічныя разрывы ў турнікетах, каб чалавек мог зайсці напрамую ў свой двор.

На перакрыжаванні вуліц Камуністычнай і Чарткова з’явіўся святлафорны аб’ект, адпаведна, для павышэння бяспекі наведвальнікаў сацыяльнага аб’екта – дзіцячай паліклінікі – тут таксама “прасіўся” турнікет, які літаральна на днях з’явіўся тут, каб дзеці ці дарослыя, крый Божа, не аказаліся на праезнай частцы. У гэтым месцы таксама зроблены тэхналагічны разрыў для праезду машыны “Хуткай дапамогі”.

Аляксандр ГОРБАЧ.