І нехта над намі раптам махне крылом…

Можа, гэта быў самы звычайны голуб. А можа…

Забыў свой тэлефон, калі кіраваўся ў магазін. А ў тэлефоне, у кішэньцы чахла – банкаўская картка. Набраў прадуктаў, разлічвацца – няма карткі…
Знаёмая сітуацыя, праўда ж? Колькі разоў так было: некуды спяшаешся, збіраешся, нервуешся, а тут усё не атрымліваецца! Прыкрая недарэчнасць – і вось ужо спазніўся. Не паспеў. Нешта недзе пачалося без цябе…
Па шчырасці кажу, сёння я паспытваю прыкрасць ад такіх сітуацый толькі ў першае імгненне. Пасля быццам спрацоўвае тумблер у памяці, і супакойваешся, і ўсміхаешся дню і сонцу, ці нават дажджу і хмарам. І прамаўляеш пра сябе тры словы, як формулу-закляцце: «Усё будзе добра».
Чаму так?
…Раніцай маладая жанчына збіралася, як звычайна, на працу. Усё было добра да моманту, калі яна дапіла каву і пачала ўжо ўставаць з-за стала. І тут ля акна неспадзявана мільгануў крыламі голуб, так нечакана, што жанчына ўздрыгнула, кубачак павярнуўся, рэшткі кавы – на яе дзелавы касцюм. Пачала ліхаманкава пераапранацца, ужо ведаючы, што спазняецца на аўтобус, а таксі ў іх раёне злавіць амаль немагчыма, а значыць – спозніцца на працу, будзе вымова, пазбаўленне прэміі.
…Сына трэба было першы раз весці ў садок. Маці, прасуючы ягоныя штонікі, апаліла моцна руку, ды так, што шпіталізавалі. А бацьку, кіраўніку фірмы, трэба было быць раніцай на дзелавой сустрэчы – падпісваць дамову. Давялося ахвяраваць выгаднай здзелкай і весці самому сына ў садок.
…Звычайны ранак, маці збірае дзяцей у школу, каб паспець самой на працу. Малодшы сабраўся, старэйшая дачка ніяк не можа высушыць валасы, бо зламаўся фен. Пачынаецца пошук другога фена, у гэтай нервовай мітусні малодшы сын стукаецца брывом аб вушак дзвярэй, кроў… Вэрхал яшчэ большы. Урэшце спазніліся ў школу, маці – на працу.
…Малады супрацоўнік фірмы заканчвае свой рабочы дзень звычайна, вечарам у бары знаёміцца з пекнай жанчынай, нават трошкі заляцаецца да яе. Прыходзіць дадому, а тут яму тэлефонны званок – ад кіраўніка фірмы: «Як ты пасмеў фліртаваць з маёй жонкай!? Ты звольнены!». І цяпер ужо малады беспрацоўны раніцай не спяшаецца на працу.
Чатыры розныя гісторыі. Але ўсе іх яднае адно: гэтыя людзі не патрапілі ў час на сваю працу. Іх фірмы і канторы размяшчаліся ў адным вялікім доме – гэты дом быў у ЗША, на Манхэтане. І то быў ранак 11 верасня 2001 года. У гэты дзень у 8 гадзін 46 хвілін першы самалёт тэрарыстаў уразаецца ў адну з «башняў» гандлёвага цэнтра.
Сотні людзей не загінулі па той прычыне, што ў іх раніцай «нешта пайшло не так» і яны спазніліся ці адсутнічалі на сваіх працоўных месцах.
«Што ні робіцца – усё да лепшага» – такая прымаўка ёсць у нашым народзе.
Нам не дадзена ў большасці выпадкаў даведацца, як бы было, каб мы не спазніліся, не спатыкнуліся, не павярнулі ў той ці іншы бок, не вярнуліся за тым, што забылі.
І я не ведаю, як бы склаўся мой вечар у той дзень, калі б не забыў банкаўскую картку. Але ведаю, што адбылося пасля: вярнуўся па картку, прыйшоў у магазін і тут нечакана сустрэў чалавека, вельмі добрага знаёмага, з якім адбылася надзвычай важная для нас абодвух размова.
Нехта назаве гэта Богам, нехта – лёсам, нехта іначай, але цвёрда ўпэўнены, што ёсць тое, што лепш за нас ведае: дзе нам і ў якой якасці знахо-
дзіцца ў пэўны час.
Валерый Гапееў.