Новыя гісторыка-культурныя артэфакты

адшукаў нястомны адраджальнік гісторыі роднага краю Сцяпан Куніцкі

Гэтым разам былы настаўнік з Дабромысля, цяпер – пенсіянер, але нястомны шукальнік, знайшоў пад падлогай мясцовай царквы жмут папер, які выклікаў у яго вялікае ўзрушэнне і хваляванне. Бо ж разумеў: тое, што захавалася з сівых стагоддзяў, заўсёды бескаштоўнае, бо яно само па сабе ёсць сапраўдная гісторыя, гістарычны факт, а не прэпарыраваныя ідэалогіяй тагачасных уладаў зацемкі.
Некалькі гадзін затраціў Сцяпан Пятровіч на тое, каб зубной шчотачкай акуратна ачысціць ад зямлі і пылу старонкі шчыльнай паперы – даўняй, пажоўклай, але захаваўшай запісы.
І вось дакументы.
Першы – ужо вядомы нам раней. Бо падобны знаходзіў Сцяпан Ку-
ніцкі – метрычная кніга царквы XVIII стагоддзя! Пазначаны год – 1745. Канешне, яе яшчэ трэба пачытаць і расшыфраваць, бо запісы зроблены на польскай мове. У кнізе – звесткі пра нараджэнне, хрышчэнне, шлюбы і смерці хрысціян Дабромысленскага прыходу. Для тых, хто шукае свае карані, – вялікі скарб.
Другі дакумент – гэта ўнікальныя па сённяшнім часе спісы прыгонных сялян памешчыкаў Юндзілаў. Спісы не датуюцца, але зразумела, што гэта час прыгоннага права, значыць, да 1861 года, бо чытаем на адным спісе: «Крестьяне помещика Адама Юндила», на другім: «Крестьяне помещика Владимира Юндила». У гэтых спісах вельмі падрабязная справаздача аб колькасці дамоў і забудоў у сям’і, колькасці пражываючых разам з галоўным членам сям’і, у тым ліку запісаны дзеці. Асобна – графа аб тым, ці былі на споведзі, а калі не былі, то па якой прычыне, хто прычашчаўся.
Як бачым, на той час праваслаўная царква была максімальна цесна ўвязана ў жыццё грамадства – да-
дзеныя аб наведванні царквы і споведзях служылі асаблівай справаздачай лаяльнасці сялян да мясцовай улады.
Зразумела, гэтыя запісы маюць асаблівую каштоўнасць для тых, хто цікавіцца сваім родам і імкнецца адшукаць усе магчымыя свае карані. Для гісторыка – гэта дакладныя дадзеныя аб колькаснай характарыстыцы вёскі, аб першых яе жыхарах, аб самых старых прозвішчах.
…Праўду кажуць: хто шукае – той знаходзіць. У навакольных вёсках ведаюць прагу Сцяпана Куніцкага да падобных знаходак, дапамагаюць, калі могуць. Папаўняецца скарбонка шукальніка – багацее гісторыя Дабромысленскага краю. А колькі яшчэ самых розных гістарычных артэфактаў чакаюць свайго адкрыцця…
Пажадаем поспеху Сцяпану Пятровічу ў яго шукальніцкай працы і напісанні кнігі пра свой родны край. Мы верым, што такая кніга будзе.
Валерый Гапееў.