А бабёр ужо не той…

Тое, што некалішні мілы звярок, занесены ў Чырвоную кнігу нашай краіны, пераўтварыўся ў сапраўднага шкодніка, адзначаюць многія. Сёння бабры з неверагодным поспехам валяць шматгадовыя дрэвы ўздоўж каналаў, ладзяць запруды. Для меліяратараў і сельгасвытворцаў бабры – сапраўднае нашэсце: каналы перастаюць дзейнічаць як сродак рэгуляцыі ўзроўню вады, забалочваюцца ў адных месцах і перасыхаюць у другіх пашы і палі.

Няма сёння таго дрэва, з якім бы не справіліся зубы бабра. Зірніце, якую вялізную асіну пачалі рэзаць бабры! І зрэжуць жа…

А вось незвычайнае і рэдкае на сёння, чаму здзіўляюцца знаўцы прыроды: бабры пачалі валіць хваёвыя дрэвы.

Зваліўшы вялізнае дрэва, бабры прыступаюць да яго «раздзелкі» – абразаюць усе галіны, перагрызаюць тыя на кавалкі і сцягваюць у канал: што сабе есці, што на рамонт і будаўніцтва плаціны ці хаткі.

Што яшчэ заўважылі знаўцы тутэйшых мясцін: цяпер вельмі мала дзе можна заўважыць бабровую хатку – сваё жытло бабры рыюць у берагах, з некалькімі «пакоямі» і калідорамі. Былі выпадкі, калі ў такое падземнае жытло правальваліся людзі.

І нагадаем – бабёр зусім не бяскрыўдны і безабаронны, як можа падасца. Яшчэ не забыўся выпадак, калі ў Камянецкім раёне бабёр пакусаў чалавека так, што той памёр ад страты крыві. Падобных здарэнняў без такіх трагічных фіналаў таксама хапае…

Валерый Гапееў, фота Валерыя Міскевіча.