Выбар на ўсё жыццё

У кожнага чалавека свой шлях у самастойнае жыццё. Адны доўга вагаюцца пры вызначэнні сваёй прафесіі, а другія яшчэ з юнацкіх гадоў вырашаюць, кім стаць, каб потым душа не балела, што ступіў не туды, добра не падумаўшы. Менавіта такую разважлівасць некалі праявіў цяперашні начальнік аддзялення дзяржаўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў Івацэвіцкага райвыканкама маёр міліцыі Васіль Жур. Але пачнём з самага пачатку.

Хацелася шмат ведаць
Гэта пра яго, Васіля Жура. Ён рос у вялікай сялянскай сям’і – тры браты ў яго і сястра. Быў другім пасля старэйшага брата Віктара. Маці, Любоў Сцяпанаўна, працавала ў мясцовым саўгасе «Пескаўскі», бацька, Аляксей Васільевіч, – там жа шафёрам. Вучыўся юнак у сярэдняй школе ў роднай вёсцы Старыя Пескі. Гэта Бярозаўскі раён. Вучоба давалася хлопцу даволі лёгка. Таму быў час займацца ў розных гуртках – гістарычным, радыётэхнічным, лазапляцення. А яшчэ спяваў у школьным хоры, удзельнічаў у розных спартыўных спаборніцтвах. Змалку ездзіў з бацькам у кабіне грузавіка ГАЗ-53. Захапленне тэхнікай пераважала над іншымі…
Правы шафёра атрымаў па заканчэнні сярэдняй школы. Ведаў, што праз год яго чакае прызыў у армію. Каб не губляць часу, паступіў у Белаазёрскае ПТВ-182 і ўжо наступным летам атрымаў дакументы па спецыяльнасцях, а іменна – зваршчык, слесар, наладчык кацельнага абсталявання.
Што дала армія…
– Я ведаў па водгуках, – прызнаецца Васіль Жур, – што ў арміі будзе нялёгка, таму і рыхтаваў сябе, займаючыся спортам. Гэта ў многім дапамагло мне справіцца перш за ўсё з фізічнымі нагрузкамі. Курс маладога байца прайшоў паспяхова. А потым паўгода была вучэбка…
Такім чынам, стаў сувязістам. Атрымаў ваенную спецыяльнасць – механік радыёстанцыі Р-140. Прысвоілі званне «старшына». Прызначылі камандзірам аддзялення і намеснікам камандзіра ўзвода. Як механік, вучыў і маладых салдат, і старэйшых. З абавязкамі ваеннага настаўніка справіўся на выдатна. Да канца службы гэтым і займаўся.
Мара збылася
Яшчэ задоўга да службы ў арміі Васіль неяк намякнуў бацьку, што мае намер пайсці на работу ў міліцыю. Баць-
ка прамаўчаў, паківаўшы галавой, маўляў, рана думаць пра гэта. Але перад адыходам сына на армейскую службу, коратка кінуў: «Вось адслужыш, тады і вырашыцца…»
Вярнуўшыся з арміі, вырашыў не мяняць свой намер.
І ўжо з 1 ліпеня 1996 года Васіль Жур пачаў службу ў Івацэвіцкім райаддзеле міліцыі на пасадзе інспектара дарожна-патрульнай службы на ўчастку ў Целяханах у званні прапаршчыка. А далей, як кажуць, усё пайшло-паехала. За свае амаль 24 гады службы ў міліцыі прайшоў усе ступені дзяржаўтаінспекцыі: ад малодшага сяржанта да маёра, ад інспектара да начальніка ДАІ. Набыты вялікі вопыт работы з людзьмі, які перадае сваім супрацоўнікам. Усё помніцца – і добрае, і ліхое. А з ягоных настаўнікаў не забываюцца многія: і ў першую чаргу, Мікалай Аляксеевіч Арцёмчык, Ігар Мікалаевіч Куіс, Алег Рыгоравіч Гацуковіч.
У полі зроку – матацыклісты
Хтосьці назваў іх, матацыклістаў, смяротнікамі. Крыўдна чуць такое. Але ж матацыкл, і праўда, вельмі небяспечны від транспарту, патрабуе павышанай пільнасці і асцярожнасці пры карыстанні ім.
За гады сваёй службы Васіль Жур сутыкаўся з самымі рознымі парушальнікамі правілаў дарожнага руху. Сам некалі ганяў на матацыкле, таму ўсё да драбніц ведае пра яго. На пачатку службы і потым жыхароў вёсак даймалі маладыя матацыклісты, што ўстройвалі начныя гонкі з вялікім рокатам па вуліцах. Выязджалі неаднойчы ў такія населеныя пункты для навядзення парадку. Асабліва эфектыўнымі былі паездкі па вёсках на матацыклах, калі гэтага не чакаюць начныя парушальнікі цішыні.
А што тычыцца сённяшніх так званых байкераў, што ноччу ганяюць па вуліцах Івацэвічаў, то на іх многа скаргаў. Яны парушаюць спакой нашых грамадзян. Дзеянні байкераў, менавіта парушальнікаў, падпадаюць пад артыкул хуліганства і павінны карацца. З такім довадам зго-
дзен Васіль Жур. І ён прыхільнік самых жорсткіх мер да ўладальнікаў матацыклаў, што наўмысна парушаюць правілы дарожнага руху.
У раёне каля 13 тысяч матацыклаў. Уявіце сабе, што ў адзін дзень хаця б палова іх з’явілася на дарогах: хтосьці з правамі, а хто і без іх, хто са шлемам на галаве, а хто без яго, хто цвярозы, а хто на падпітку…
– Канешне, усіх не пракантралюеш і не праверыш, – зазначае Васіль Аляксеевіч, – але многія парушальнікі трапляюць у поле зроку міліцыі. Тады ўжо позна каяцца…
Трагедыі на алімпійцы
Каго вінаваціць? Непагадзь? Так. Былі густыя туманы, мяцеліцы, галалёд, моцныя дажджы… Усё гэта перашкаджала імкліваму руху па трасе. За рулём машын жывыя людзі. Яны павінны самі выбіраць хуткасць для бяспечнага руху, самі арыентавацца ў няпростай абстаноўцы, і, галоўнае, клапаціцца не толькі за сваё жыццё, а і за тых, хто з імі разам, хто рухаецца ззаду або наперадзе. Чалавек за рулём у адказе, бо кіруе машынай. І не мае значэння, на якой дарозе, – хуткаснай ці звычайнай.
Нельга не пагадзіцца з гэтымі разважаннямі Васіля Жура.
Дарога, як правіла, не даруе памылак. Сапраўды, у той ранішні світанак быў густы туман. На легкавіку «Сітраен» ехалі палякі. Чамусьці спяшаліся, не разлічылі дыстанцыю, не паспелі зрэагаваць і ўрэзаліся ў МАЗ, што рухаўся наперадзе. Два трупы адразу. Страшнае відовішча.
Або такі прыклад. Жнівеньскі дзень толькі-толькі пачынаўся, калі 51-гадовы мужчына на 149-м кіламетры «алімпійкі» (на ўчастку каля АЗС «Беларуснафты» ля Івацэвічаў) памкнуўся з веласіпедам перайсці аўтамагістраль, не агледзеўся як след і трапіў пад колы легкавіка «Таёта». Загінуў на месцы.
Пагоня
Тая ноч добра запомнілася Васілю Журу. Прыкладна а палове трэцяй гадзіны з Бярозы паведамілі, што ў бок Івацэвічаў імчыцца легкавік «Міцубісі», на сігналы інспектараў не зрэагаваў. Па ўсім відаць, вадзіцель нецвярозы.
– Мы адразу перакрылі вуліцу Леніна ў Івацэвічах, – расказвае Васіль Жур. – Чакалі нядоўга. Вось набліжаецца той легкавік і не збаўляе хуткасці. Далі знак спыніцца. Але дзе там. Ледзь не збіў нас. Знайшоў невялікі праход на тратуары і паімчаў далей на Баранавічы. Мы ўслед за ім, перадаўшы ў Баранавічы, каб сустракалі «госця»…
Ужо ў Любішчыцах старшы інспектар ледзь не крычаў Васілю Журу:
– Страляй! Яшчэ бяды наробіць!
– Але я марудзіў, – пазней успамінаў Жур. – Нешта не падымалася рука страляць. Вялікая хуткасць, машыну занясе, або яна вылеціць на абочыну ці ў кювет. Загіне чалавек, навошта гэтыя смерці…
Пакуль Жур раздумваў тыя секунды – страляць ці не страляць – адбылося няйначай як цуда. Відаць, вадзіцелю было суджана жыць. Ужо за Любішчыцамі з выхлапной трубы машыны паваліў чорны дым, а гэта азначала, што рухавік перагрэўся і выйшаў са строю. Легкавік спыніўся. Адлягло на сэрцы – усе жывыя, і той самы ўцякач таксама. Тады ж стала вядома, што ён быў у гасцях у Бярозаўскім раёне і штосьці атрымалася не так, як хацеў, і насуперак угаворам рашыў сесці за руль. І паехаў. Шлях аказаўся кароткім…
Прафілактыка – галоўнае
Калектыў «даішнікаў» невялікі – усяго 13 чалавек. Маюцца чатыры спецмашыны. А раён вялікі, дарог многа, а яшчэ больш рознага віду механічнага транспарту. Да таго ж шмат веласіпедыстаў, не заўсёды радуюць сваімі паво-
дзінамі на дарогах і вуліцах пешаходы.
Акрамя пастаяннага дзяжурства на вуліцах і дарогах, інспектары ДАІ і сам начальнік вядуць карпатлівую работу ў працоўных калектывах, у школах, у дзіцячых садках. У цэнтры ўвагі Правілы дарожнага руху.
Традыцыйнымі сталі раённыя злёты юных інспектараў дарожнага руху. Бяспека дзяцей на дарозе – клопат усіх. Таму на такіх злётах у гульнявой, спаборніцкай форме школьнікі дэманструюць сваё веданне правілаў дарожнага руху, бяспечных паводзін на дарогах і вуліцах. Звычайна, гэта некалькі конкурсаў па правілах дарожнага руху, па фігурным ваджэнні веласіпеда, па аказанні першай медыцынскай дапамогі пацярпелым…
Варта падкрэсліць што сапраўднай трыбунай прафілактыкі і прапаганды правілаў дарожнага руху, надзённай інфармацыі па гэтых пытаннях з’яўляецца раённая газета «Івацэвіцкі веснік». На яе старонках з інфармацыйнымі матэрыяламі выступаюць і начальнік ДАІ, і яго падначаленыя.
Гаворачы аб значнай прафілактычнай рабоце па бяспецы руху, важна зазначыць, што колькасць парушальнікаў штогод усё ж зніжаецца. І гэта радуе. А засмучае тое, што, ведаючы правілы, многія з вадзіцеляў наўмысна іх парушаюць: сядаюць за руль машыны ці матацыкла на падпітку, перавышаюць хуткасць руху, не прапускаюць пешаходаў на «зебры», а пешаходы і веласіпедысты не пазначаюць сябе флікерамі ў цёмны час сутак. Да таго ж, веласіпедысты часта імчаць па «зебры», не зважаючы на небяспеку.
Некалькі лічбаў. Летась, напрыклад, прыцягнена да адказнасці 847 удзельнікаў дарожнага руху, якія парушылі хуткасны рэжым; 427 кіравалі транспартам без правоў; 127 дазволілі сабе сесці за руль у нецвярозым стане… Хвалюе і тое, што па выніках мінулага года горад Івацэвічы стаў самым аварыйным населеным пунктам раёна. Як сказаў Васіль Жур, ёсць над чым працаваць усім супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі.
Служы і вучыся
Без ведаў – ніяк, асабліва спецыяльных. Сам Васіль Жур, стаўшы супрацоўнікам міліцыі, не меў спецыяльнай адукацыі. А каб працаваць прафесійна, патрэбны былі веды. Васіль стаў навучэнцам Баранавіцкай сярэдняй школы міліцыі. Скончыў паспяхова. І служба пайшла спарней. Званні не абміналі яго. А неўзабаве і міліцэйскую акадэмію закончыў.
Само жыццё і падказвала, і вучыла. Да таго ж розныя курсы, семінары, зборы, вучоба ў аддзеле не давалі і не даюць, як кажуць, драмаць на службе. Гэта адчуваюць усе супрацоўнікі аддзялення ДАІ, якім кіруе маёр міліцыі Васіль Жур. Як і ён сам, яго падначаленыя, вучыліся ці вучацца, павышаюць свае прафесійныя веды. Ім, супрацоўнікам, ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад.
Клопаты і радасці разам…
Гэта найперш і насамрэч пра Васіля Аляксеевіча Жура. Ён сам з вялікай сялянскай сям’і, таму не па чутках ведае вясковы побыт, сямейныя адносіны. Ажаніўся яшчэ ў даволі маладым узросце, як толькі самастойна пачаў зарабляць. Якраз на другім годзе міліцэйскай службы. Абранніцай Васіля стала Алена, зямлячка, з Бярозаў-
шчыны. Пазнаёміліся, як звычайна здараецца, на танцах, і вось ужо звыш дваццаці гадоў разам. Клопаты і радасці таксама разам. Маецца на ўвазе і службовыя, і сямейныя. Дачка Аліна ўжо дарослая, скончыла педагагічны інстытут у Брэсце, працуе. Сын Антон першакласнік. І цяпер асаблівая ўвага яму, вучню, і хто ведае, можа быць, і прадаўжальніку бацькавай прафесіі. Жонка Алена Мікалаеўна па прафесіі повар, працуе ў сталовай ААТ «Івацэвічдрэў». Яна стараецца, каб яе мужчыны былі дагледжаныя і сытыя. Яна мацуе сямейныя адносіны і служыць прыкладам для іншых. Як кажуць у такіх выпадках, моцная сям’я, здаровыя дзеці, здаровае пакаленне і тым самым – моцная дзяржава. А іншага і не трэба.
Святаслаў Кажадуб.
Фота Валерыя Міскевіча.