«Aніма» – народны аматарскі калектыў рэспублікі Беларусь

Інструментальнаму ансамблю «Аніма» настаўнікаў ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы» на днях урачыста ўручана пасведчанне Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб прысваенні наймення «Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

Інструментальны ансамбль «Аніма» быў створаны з кагорты настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы ў 2008 годзе. Гэта выразны, яскравы калектыў, які мае сваё творчае аблічча, непаўторнасць і індывідуальнасць. За дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень і актыўную канцэртную дзейнасць яму было прысвоена найменне «народны».
– Ансамбль «Аніма» – мабільны гурт сапраўдных энтузіястаў сваёй справы, – кажа дырэктар ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы» Ала Груздзева. – У ім створана творчая, плённая сяброў-
ская атмасфера, якая садзейнічае раскрыццю індывідуальных здольнасцей выканаўцаў і іх творчага патэнцыялу. Кожны ўдзельнік калектыву – гэта саліст, які мае сваю індывідуальную партыю. Ансамбль вылучаецца значным тэхнічным майстэр-
ствам, выразнай нюансіроўкай, мяккасцю гучання, тонкасцю густу, артыстызмам, прафесіяналізмам.
Аснову рэпертуару ансамбля складаюць каля 40 нумароў. Гэта творы беларускіх, рускіх і замежных кампазітараў, старадаўняя і сучасная музыка. Народны аматарскі калектыў – майстра выканання даволі складаных класічных твораў. Іскрыста гучыць у выкананні калектыву беларуская, руская, украінская народная музыка.
– За апошнія тры гады наш інструментальны ансамбль «Аніма» працаваў над выканаўчым майстэрствам, актыўна прапагандаваў сваёй творчасцю народныя інструменты сярод дзяцей, падлеткаў і моладзі, прымаў актыўны ўдзел у культурным жыцці горада і раёна, вёў даволі паспяховую і напружаную канцэртную дзейнасць, – расказвае мастацкі кіраўнік ансамбля Людміла Зыбайла. А ўдзельнік ансамбля Алег Зыбайла дадае: «Нядаўна наш калектыў папоўніўся яшчэ адным музыкантам – гэта трубач Барыс Кушнер. Дзякуючы яму, наш ансамбль зайграў новымі фарбамі ў выкананні беларускай народнай і сучаснай музыкі, значна пашырыўся наш рэпертуар».
Колькі слоў і аб удзельніках мастацкага калектыву. Людміла Зыбайла – ня-
зменны кіраўнік ансамбля. Яна выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе домры. Людміла Барысаўна валодае вялікім педагагічным вопытам, працуе настаўнікам па класе домры. За гады работы ў школе мастацтваў праявіла сябе таленавітым настаўнікам, які пастаянна ўдасканальвае сваё педагагічнае і выканальніцкае майстэрства. Людміла Барысаўна – граматны і дасведчаны спецыяліст, да любога вучня знаходзіць індывідуальны падыход, спрыяе развіццю мастацкага густу ў вучняў, выхоўвае ў іх творчую індывідуальнасць. Яе шчырая праца з навучэнцамі вылучаецца карпатлівасцю і дбайнасцю. Людміла Барысаўна карыстаецца павагай сярод выкладчыкаў школы, вучняў і іх бацькоў. Узнагароджана яна рознага кшталту дып-
ломамі і граматамі, яе імя летась было занесена на раённую Дошку гонару.
Кацярына Жук – выдатны спецыяліст, творчы музыкант, выпускніца дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы, якая пасля заканчэння музычнага вучылішча і ўніверсітэта паспяхова працуе дзесяць гадоў канцэртмайстрам на фартэпіянным аддзяленні і з’яўляецца канцэртмайстрам ансамбля «Аніма».
Яскравы ўдзельнік ансамбля «Аніма» – Алег Зыбайла, які грае на домры-бас і баяне і з’яўляецца цудоўным мастацкім кіраўніком і канцэртмайстрам узорнага дзіцячага ансамбля інструментальнай музыкі «Забавушка». Не ўяўляецца ансамбль «Аніма» і без таленавітага выкладчыка па класе цымбалы Вольгі Шаціла.
На працягу 2017-2019 гадоў інструментальны ансамбль «Anima» прымаў
удзел у справаздачных канцэртах дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы, канцэртах струнна-народнага аддзялення, канцэртах-пасвячэннях у юныя музыканты, канцэртах у рамках «Тыдня дзіцячай музыкі», прысвечаных дзяржаўным святам, у справаздачным калядным канцэрце гарадскога Дома культуры «Парад зорак», у святочным канцэрце, прысвечаным 75-годдзю ўтварэння Івацэвіцкага раёна, у канцэрце на раённым свяце-кірмашы «Дажынкі», на абласным семінары сацыяльных работнікаў, на метадычным аб’яднанні настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў раёна…
Актыўная канцэртная дзейнасць прынесла свой плён – ансамбль з’яўляецца шматразовым лаўрэатам Рэспубліканскіх і Міжнародных аглядаў, конкурсаў, фестываляў. У скарбонцы ўзнагарод ансамбля за апошнія гады: Дыплом сімпатый журы на II Мiжнародным фестывалі-конкурсе «Новыя вяршыні», г. Мінск, 2016 г; Дыплом лаўрэата I ступені на рэгіянальным свяце-конкурсе інструментальнай музыкі «Музычны калейдаскоп», г. Пружаны, 2018 г.; Дыплом II ступені на Міжнародным конкурсе выканаўчых відаў мастацтваў «Сябры» г. Мінск, 2018 г.; Дыплом II ступені на Мiжнародным фестывалі-конкурсе «Новыя вяршыні», г. Мінск, 2019 г.
Народны аматарскі калектыў знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. У яго планах – узбагачаць рэпертуар творамі беларускіх кампазітараў, павышаць узровень выканаўчага май-
стэрства, наладзіць творчыя сувязі з іншымі калектывамі краін бліжняга і далёкага замежжа.
Гэта не толькі высокапрафесійны музычны калектыў, але і вялікая сям’я аднадумцаў, дзе любоў да музыкі аб’ядноўвае ўсіх у адзіным творчым парыве.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.