Першая перамога ФК “Івацэвічы”

У суботу, 20 красавіка, распачаўся чэмпіянат Беларусі па футболе сярод каманд другой лігі. У першым матчы сезона на стадыёне «Кляноўка-Арэна» супернікамі футбольнай каманды “Івацэвічы” сталі футбалісты з Горак.

На стадыёне сабралося шмат гледачоў – прыходзілі вялікімі сем’ямі, каб падтрымаць нашых футбалістаў, таксама было шмат моладзі. І вось ігракі каманд выходзяць на поле, іх суправаджаюць юныя футбалісты. Удзельнікаў турніру і гледачоў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, ён пажадаў футбалістам годнай і прыгожай гульні, балельшчыкам параіў добра падтрымліваць не толькі нашых землякоў, а і футбалістаў з Горак. Гучыць дзяржаўны Гімн, капітанам каманд уручаюць караваі. І праз некалькі хвілін распачынаецца гульня.

Пачатак першага тайму для івацэвіцкіх футбалістаў быў не вельмі ўдалым, ужо на пятай хвіліне ФК “Горкі” адкрылі лік – 1:0. Барацьба была жорсткай, і на 41 хвіліне перашага тайму ігракі ФК “Івацэвічы” зраўнялі лік – 1:1. Падчас перапынку паміж таймамі, гледачы маглі пазмагацца ў трапнасці і атрымаць прыз – абанемент на хатнія матчы ФК “Івацэвічы”. У другім тайме івацэвіцкія футбалісты вырваліся наперад -2:1. Пасля асноўнага часу былі дадзены дадатковыя чатыры хвіліны гульні, падчас якіх ФК “Івацэвічы” зноў трапна пацэліла ў вароты суперніка. У выніку гульні ФК “Івацэвічы” перамагла ФК “Горкі” лікам 3:1.  Галы ў ФК “Івацэвічы” забівалі Ягор Піцык, Ягор Варановіч і Станіслаў Сіняк.

Жадаем нашым футбалістам новых перамог!

Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.