У парку па вул. Механізатараў – будаўніцтва новых дарожак і азеляненне

Паціху абжываецца наш малады гарадскі парк па вул. Механізатараў Івацэвічаў. На сённяшні дзень, у адпаведнасці з праектам, тут пачаліся работы па добраўпарадкаванні асноўнай утваральнай алеі парка.

Асноўны кірунак руху жыхароў квартала забудовы «Заходні-2» – а гэта вуліцы Школьная, Жураўліная, Касцюшкі, Палявая і іншыя – цяпер праходзіць па пешаходна-веласіпеднай дарожцы, якая звязала яго жыхароў з цэнтрам горада, з аб’ектамі сацыяльнага прызначэння. Канчатковым пунктам гэтай дарожкі стала малая архітэктурная форма – зорка, якая свеціцца і зараз ноччу. Утварылася цэнтральная пешаходная алея. Ад індывідуальнага квартала забудовы «Заходні-2» на прафліцэй, уздоўж саджалкі, таксама пралягла дарожка.
І ўздоўж агароджы стадыёна «Кляноўка-арэна» будуецца пешаходная дарожка, побач з якой, як плануецца, з цягам часу з’явіцца скейт-парк. Работу па будаўніцтве дарожак праводзіць Івацэвіцкая ДБПМК-34.
Наш парк абжываюць новыя дрэвы, у апошні час тут з’явілася шмат хвойных парод – елкі, сосны, піхты, лістоўніцы. На радасць, амаль усе яны прыжыліся – і праз 5-10 гадоў тут будзе сапраўдная прыгажосць. Паркавая зона прадугледжвае, што тут будзе расці змешаны лес, – і ў нашым выпадку ў гарадскім парку будуць радаваць вока дзясяткі самых розных парод дрэў і кустоўя.


Ірына ІВАНОВА, галоўны архітэктар раёна.