Народны каляндар: сакавік

Даўней казалі: «Люты вады падпусціць, а сакавік падбярэ». Але надта давярацца лагоднасці першага веснавога месяца было б неабачліва, паколькі  «Марац кусае за палец». Такі ён, месяц сакавік: часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе. Калі зямля зарань вызвалялася з-пад снежнага покрыва і агаляла азіміну ў той час, як прыціскалі маразы, селянін мог разлічваць на небагаты ўраджай: «Калі жыта ў марцы глядзіць на неба, не есці тады хлеба».

1 сакавіка. Масленіца. Развітальны, або Дараваны дзень. Гуканне вясны. «Блаславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці».
2 сакавіка. Дзень пакутніка Фёдара Цірана, які ўспрымаўся сялянамі як ахоўнік ад злодзеяў.
4 сакавіка. Згодна ж з каталіцкім календаром, адзначаецца Казімір. Яго імя, зарыфмаванае ў народнай прыкмеце з адпаведным станам прыроды, нібы падводзіла рысу пад панаваннем зімы: «На Казімера зіма ўмера», «Святы Казімір дровы сякець і ў клад кла-
дзець». Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскоквалі цераз пень.
9 сакавіка. Прысвятак Паўраценне, або Абратанне (ад царкоўнага «Обретение» – знаходжанне галавы Іаана Хрысціцеля), Янка. Асабліва шанавалі яго пчаляры. Яны заглядвалі ў вуллі і калі знаходзілі («обретали») пчол жывымі, то ўжо не сумняваліся ў паспяховай іх перазімоўцы. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.
14 сакавіка. Дзень Аўдакеі (Яўдокі). Імя святой нярэдка ў народзе гучала таксама і ў мужчынскай форме: «Аўдакей». Радок з валачобнай песні быццам пацвярджае беларускую назву першага веснавога месяца: «Святы Аўдакея сокі збіраець». Да гэтага тэрміну, як правіла, сыходзіў снег, нярэдкім быў і галалёд, таму і зазначана ў прыказцы: «На Яўдокі – голы бокі», «Святы Еўдакей – пераступ года».
19 сакавіка. Кастусь, Феафіл, Хведар, Аркадзь. У каталіцкім жа календары – Язэп. Народная прыказка таксама не абышла гэтую дату ўвагаю: «Як Язэп кіўне барадою, дык зіма ўцякае ўніз галавою». Наогул жа, ясная пагода на Язэпа прыносіла спадзяванні на добры ўраджай. Як вядома, у перыяд пастоў (на які прыпадае і Язэп) існуе афіцыйная забарона на вянчанні. Калі ж такое здаралася, то ў народзе знаходзіла адпаведную ацэнку: «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту».
22 сакавіка. Сорак пакутнікаў, або па-народнаму Саракі (Соракі). Калі на Саракі здараўся мароз, то меркавалі, што пасля яго адбудзецца яшчэ 40 маразоў. На Саракі сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Раніцай перад усходам сонца хлопчыкі стараліся перакінуць цераз страху 40 трэсак – калі гэта ўдасца, то ўлетку добра будуць ім знаходзіцца птушыныя гнёзды. Свае звычаі былі і ў дзяўчат: яны пераломвалі 40 дошчачак і перарывалі 40 вяровачак і шнуркоў. Прадметы, што пераломваліся і разрываліся, напэўна, павінны сімвалізаваць сабою сілы, якімі была скавана зямля, і выкананне гэтага абраду мела сваёй мэтаю наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. «На Саракі дрэвы адпушчаюцца» – сведчылі народныя назіранні. «На Саракі прыляцелі з-за мора птакі» – падказвалі вясковыя фенолагі і нават удакладнялі: «Прылятае 40 жаўранкаў». Калі ў гэты дзень на стрэхах ляжаў снег, то на Дабравешчанне снег будзе пакрываць усю зямлю, а на Юр’я – асобныя мясціны. Калі на Саракі ўволю нап’ецца вол ад расталых ледзяшоў – значыць, будзе добрая вясна.
А яшчэ 22 сакавіка – дзень веснавога раўнадзенства. Свята вясновага раўнадзенства. «Дзень з ноччу мераецца».
30 сакавіка. Аляксей, Макар, Марына. «На Аляксея зіма пацея» – адзначалі ў народзе.  А яшчэ казалі: «рыба – аб лёд, саначкі – аб плот», г. зн. рэкі ўскрываліся, а селянін з саней канчаткова пераходзіў на калёсы. Аляксей настойліва нагадваў земляробу пра набліжэнне палявых работ.
Марыя САЗОНАВА.