Аб правах работнікаў, наглядзе за тэхнікай і другаснай сыравіне – Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Саўміна

Эканамічная сістэма Беларусі павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 сакавіка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

Прэзідэнт вырашыў абмеркаваць з членамі ўрада і іншымі ўдзельнікамі нарады пакет праектаў нарматыўных актаў. Паводле яго слоў, дакументы закранаюць шырокі спектр пытанняў і пранізваюць важныя сферы жыцця грамадства. “Таму да іх падпісання з’явілася неабходнасць удакладніць, ці дастаткова абгрунтаваны гэтыя прапановы? Ці патрэбны яны наогул? Ці ёсць ва ўсіх зацікаўленых узгодненасць у іх далейшай рэалізацыі? Ці ўлічаны распрацоўшчыкамі ўсе наступствы?” – спытаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанні, нявырашанасць якіх людзі ў першую чаргу адчуваюць на сабе. “Гэта датычыцца гарантый правоў работнікаў на фінансава неплацежаздольных прадпрыемствах. Пытанне, што называецца з барадой. Ніякіх кампрамісаў, вядома, быць не можа, і ўся эканамічная сістэма краіны павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Ніякага папулізму тут няма”, – заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы абазначыў яшчэ адну праблему, з вырашэннем якой у краіне спазняюцца, і гэта стрымлівае развіццё грамадства. “Размова ідзе аб стварэнні стымулаў і інфраструктуры для збору, перапрацоўкі, утылізацыі тары і ўпакоўкі тавараў”, – растлумачыў ён.

Урад, напрыклад, бачыць рашэнне ва ўкараненні дэпазітнай сістэмы абарачэння спажывецкай тары з-пад вады і напіткаў. “Калісьці я паўтарыў сваё патрабаванне да ўсіх, перш за ўсё вертыкалі выканаўчай улады: з адходамі трэба навучыцца працаваць, пачынаючы ад бою шкла, поліэтылену і іншымі”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у прыклад Швейцарыю, дзе вельмі многія тавары вырабляюцца з другаснай сыравіны. “А нам што перашкаджае? Мы што ў кампактнай краіне – гэта ж не Расія – не можам сабраць адходы і перапрацаваць? Ды тое ж шкло атрымаць традыцыйным спосабам значна даражэй, а тут гатовае шкло пераплавіў і зноў атрымаў бутэльку, – заўважыў ён. – Не, мы чакаем, як з гэтай нафтай, пакуль смажаны певень, як у народзе кажуць, не дзеўбане ў пэўнае месца. Потым будзем гераічна шукаць альтэрнатыву, дамаўляцца і гэтак далей. Грошы пад нагамі – узяць не можам”.

Паводле слоў Прэзідэнта, урад прапануе толькі ў 2022 годзе зрабіць тое, што апрабавана яшчэ ў Савецкім Саюзе. “І ўсе эксперты, у тым ліку Адміністрацыя Прэзідэнта, далі станоўчае заключэнне. Дзіўна”, – абурыўся кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець некалькі прапаноў, якія “забяспечваюць устойлівасць функцыянавання асобных сфер і законнасць у іх”. Напрыклад, удасканаленне сістэмы дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам трактароў, прычэпаў, самаходных машын і абсталявання.

“Мае патрабаванні да пытанняў забеспячэння бяспекі жыцця людзей, захаванасці тэхнікі вы ўсе ведаеце. Безгаспадарчае стаўленне да тэхналагічнага абсталявання, асабліва набытага з падтрымкай дзяржавы, недапушчальна. Але, галоўнае, спраўная тэхніка – залог бяспекі людзей”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён назваў злачынствам, калі дарагую тэхніку, якая адпрацавала ў гаспадарцы два гады, кідаюць пад плот, як металалом.”З гэтым трэба змагацца. І не трэба тут рыначных нейкіх разважанняў. Там, дзе рынак спрацаваў, у прыватніка, яго правяраць не трэба. Трэба кантраляваць тэхнічны стан на дарогах у плане бяспекі. Не трэба ісці і глядзець на захоўванне, як ён там паставіў тэхніку, як даглядае яе: гэта яго асабістая ўласнасць, ён ведае, як з ёй абыходзіцца, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Але колькі ў нас такіх гаспадароў? Напэўна, менш за працэнт. А астатнія будуць хадзіць з працягнутай рукой і прасіць: дайце грошай, каб купіць трактар, таму што пасеяць няма чым. А гэта ўпіраецца ў харчовую бяспеку нашай дзяржавы і вялікія аб’ёмы экспарту. Вось і рабіце высновы, трэба гэта кантраляваць ці не”.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ствараць новыя структуры з сотнямі новых чыноўнікаў, каб “ударыць па безгаспадарчасці”, не трэба. “Лепш не ўносьце такія прапановы, – папярэдзіў ён. – У нас дастаткова кантралёраў на месцах, пачынаючы ад старшыні райвыканкама і заканчваючы начальнікам міліцыі. Я ўжо не гавару пра тых, хто непасрэдна павінен гэтым займацца: кіраўнікі і спецыялісты канкрэтных гаспадарак”.

Прэзідэнту прадстаўлены таксама праекты прававых актаў, накіраваныя на ўдасканаленне натарыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем распрацоўшчыка дакументаў, якім выступіла Міністэрства юстыцыі, і Вярхоўнага суда, якія дадатковыя дзеянні прапануецца прыняць для павышэння эфектыўнасці работы натарыусаў. “Рэгуляванне сфер, у якіх дзяржава ўзаемадзейнічае з грамадзянінам, павінна адбывацца максімальна асцярожна, – звярнуў ён увагу. – Чаго яшчэ не хапае? Ці патрэбны нам гэтыя новаўвядзенні або, можа, яшчэ не зжыла сябе дзеючая сістэма работы?”

Сярод дакументаў, якія вынесены на разгляд кіраўніка дзяржавы, – праекты ўказаў аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады, аб прапановах па ўдасканаленні працэдуры банкруцтва і абароне правоў работнікаў, аб дзяржнаглядзе за тэхнічным станам трактароў і іншай тэхнікі, аб дэпазітнай сістэме абарачэння спажывецкай упакоўкі і стымуляванні выкарыстання электрамабіляў. У ліку тэм, якія абмяркоўваюцца, -таксама змяненне норм бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі.

Як растлумачыў першы намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Крутой, распрацаваны ўказ аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады прадугледжвае прэміраванне кіраўніцтва і работнікаў гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў за дасягненне пэўных вынікаў. Дакумент, паводле яго слоў, нацэлены на разняволенне ініцыятывы на месцах.

“Думаю, гэта добрая прапанова – падтрымаць дзяржслужачых першаснага звяна, якія, як справядліва гаворыць Прэзідэнт, знаходзяцца на перадавой, ад іх работы залежыць эканамічны поспех развіцця краіны ў цэлым, – сказаў першы віцэ-прэм’ер. – Пры гэтым не прапануецца ламаць існуючую сістэму аплаты працы ў дзяржапараце. Яна сёння паспяхова функцыянуе, прадоўжыць спакойна працаваць і далей. Пытанне толькі ў тым, каб дапоўніць яе магчымасцю прастымуляваць за асобныя добрыя вынікі”.

Лукашэнка: дзяржаўная сістэма мае сэнс толькі тады, калі яна на карысць людзей

“Уся эканамічная сістэма краіны павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Хачу падкрэсліць: ніякага папулізму тут няма, як некаторыя, зноў расчуліўшыся, могуць заяўляць у тэлеграм-каналах, што, маўляў, вось пярэдадзень выбараў. Я яшчэ раз хачу паўтарыць тое, што гаварыў з першага дня свайго прэзідэнцтва: уся сістэма і дзяржава ў цэлым маюць сэнс толькі тады, калі яны на карысць людзей. Усё астатняе сэнсу на мае”, – заявіў Прэзідэнт.

У час нарады на разгляд кіраўніка дзяржавы быў вынесены пакет дакументаў. Сярод іх праекты ўказаў аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады, аб прапановах па ўдасканаленні працэдуры банкруцтва і абароне правоў работнікаў, аб дзяржнаглядзе за тэхнічным станам трактароў і іншай тэхнікі, аб дэпазітнай сістэме абарачэння спажывецкай упакоўкі і аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў. У ліку тэм, якія абмяркоўваюцца, – удасканаленне натарыяльнага абслугоўвання, змяненне норм бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі.

Прэзідэнту ўнеслі на разгляд праект указа аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў

На думку кіраўніка дзяржавы, развіццё электратранспарту ў краіне не атрымлівае належнага імпульсу. А нявызначанасць з цаной на нафту і адпаведна на паліва даказвае, што электратранспарт мае каласальны патэнцыял, адзначыў Прэзідэнт.

“Гэта не проста даніна модзе або імкненне не адстаць ад перадавых краін, хоць і гэта так. Гэта надзённая неабходнасць ужо сёння”, – заявіў ён.

Многія дзяржавы ўжо развіваюць гэты перспектыўны напрамак. “Краіны, такія як мы, экспартна арыентаваныя, якія не маюць пад зямлёй велізарных запасаў, даўно сарыентаваліся на электратранспарт. А нам і сам бог наканаваў. Мы заўтра-паслязаўтра ўводзім два блокі атамнай электрастанцыі, – сказаў Прэзідэнт. – Мы можам больш вырабіць электраэнергіі. Дык чаму мы не робім сёння, з запасам па часе, крэн да электратранспарту, да большага спажывання электраэнергіі? Гэта замена вуглевадародам”. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават на асабістым прыкладзе ўжо дэманстраваў магчымасці электрамабіля. “Не для таго, каб паказацца ў аўтамабілі ці паказаць новы аўтамабіль. Не, я падштурхоўваў вас і ўсё грамадства да таго, што на гэта трэба арыентавацца”, – растлумачыў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб даручэнні Нацыянальнай акадэміі навук па стварэнні айчыннага электрамабіля.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на нарадзе неабходна яшчэ раз абмеркаваць, наколькі эфектыўныя прапанаваныя меры стымулявання выкарыстання электратранспарту. “Задача, якая вынікае з будаўніцтва атамнай электрастанцыі, – зрабіць так, каб электрычная энергія для аўтамабіляў была таннейшая за кошт бензіну і дызельнага паліва. Тады людзі будуць з задавальненнем купляць аўтамабілі на электрычнай цязе, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Ці адпавядаюць ініцыятывы, якія ўнесены, гэтай задачы?”

Румас пракаменціраваў зніжэнне цэн на нафту ў свеце і ваганні на валютным рынку

Пакуль яшчэ нельга ацаніць усе наступствы рэзкага зніжэння цэн на нафту і дэвальвацыі расійскага рубля. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, каменціруючы сітуацыю на адпаведных рынках і тое, як гэта ўплывае на Беларусь.

“Думаю, цяпер яшчэ нельга ацаніць усе наступствы дэвальвацыі расійскага рубля і рэзкага зніжэння цэн на нафту. Будзем глядзець, як будзе развівацца сітуацыя. Расіяне выпусцілі заяву, што Мінфін будзе прадаваць валюту. Гэта такое неардынарнае рашэнне. І першыя некалькі дзён гэтага тыдня пакажуць, як будзе развівацца сітуацыя з расійскім рублём. Адпаведна, і наш Нацыянальны банк зыходзячы з гэтага будзе выбудоўваць сваю стратэгію”, – адзначыў прэм’ер-міністр.

“У любым выпадку Нацыянальны банк будзе прытрымлівацца рыначных тэндэнцый і не будзе штучна стрымліваць беларускі рубель”, – заявіў Сяргей Румас.

Адказваючы на пытанне, ці будуць задзейнічаны нейкія рэзервы, кіраўнік урада сказаў: “Калі Нацыянальны банк будзе арыентавацца на рыначную кан’юнктуру попыту і прапанавання, то гэта не будзе прыводзіць да залішняга расходавання золатавалютных рэзерваў. У гэтым заключаецца яго стратэгія”.

Сяргей Румас таксама адказаў на пытанне, якія плюсы або мінусы для Беларусі нясе ў сабе зніжэнне цэн на нафту ў свеце. “Гэта сёння дадатковыя магчымасці дамовіцца з Расійскай Федэрацыяй. Паколькі сітуацыя, якая ёсць сёння, значна адрозніваецца ад сітуацыі ў снежні або студзені”, – сказаў ён.

Прэм’ер-міністр пацвердзіў, што гэта роўным чынам уплывае і на перагаворы з альтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі нафты.

Як паведамляла БЕЛТА са спасылкай на ТАСС, кошт ф’ючарса нафты маркі Brent з пастаўкай у маі 2020 года ў час таргоў на біржы ICE ў Лондане падае на 42,6 працэнта, да $31,74 за бараль. Кошт красавіцкага ф’ючарса нафты WTI знізіўся на 48,9 працэнта і знаходзіцца на адзнацы $27,72 за бараль. Агенцтва Bloomberg адзначае, што цяперашняе зніжэнне цэн на нафту стала мацнейшым з 1991 года, калі завяршылася вайна ў Персідскім заліве.

Нафта падае на фоне навін аб тым, што краіны ОПЕК+ па выніках перагавораў у Вене не змаглі дамовіцца аб дадатковым скарачэнні здабычы нафты ва ўмовах спаду попыту з-за каранавіруса. ОПЕК прапаноўвала дадаткова знізіць здабычу на 1,5 млн бараляў у суткі да канца 2020 года. Аднак супраць гэтай прапановы выступілі Расія і Казахстан. У прыватнасці РФ настойвала на прадаўжэнні бягучых дамоўленасцей толькі на другі квартал.

На рэзкае зніжэнне кошту нафты ўжо адрэагавалі сусветныя фондавыя рынкі. Так, ф’ючарсы індэкса S&P 500, які ўключае 500 самых буйных кампаній рынку ЗША, спалі на 145,10 пункта (4,90 працэнта). Ф’ючарсы прамысловага індэкса Dow Jones скараціліся на 1245 пунктаў (4,85 працэнта). Ф’ючарсы электроннай біржы Nasdaq знізіліся на 410 пунктаў (4,82 працэнта).

Рэзкае зніжэнне сусветных цэн на нафту стала прычынай масавага распродажу акцый на азіяцкіх фондавых рынках. Ганконгскі індэкс Hang Seng пры адкрыцці таргоў скараціўся больш як на 1 тыс. пунктаў, або амаль на 3,9 працэнта. У негатыўнай зоне таксама праходзяць таргі на фондавых пляцоўках Кітая, Японіі, Сінгапура, Рэспублікі Карэя, Тайланда. У Ганконгу амаль на 10 працэнтаў патаннелі акцыі кітайскага гіганта Petrochina. Адразу на 17 працэнтаў абясцэніліся паперы Кітайскай нацыянальнай афшорнай нафтавай карпарацыі (CNOOC).

Сітуацыя на нафтавым рынку аказвае націск і на курс расійскага рубля. Курс долара да расійскага рубля на міжнародным рынку Forex дасягнуў у панядзелак адзнакі 73,47 рубля, еўра павышаўся да 83,77 рубля, сведчаць даныя таргоў.

Уладальнікі электрамабіляў у Беларусі могуць атрымаць падатковыя і іншыя льготы

Уладальнікі, а ў будучым і вытворцы электрамабіляў у Беларусі могуць атрымаць падатковыя і іншыя льготы. Яны прадуглежданы праектам указа аб стымуляванні выкарыстання гэтага віду транспарту. Асноўныя палажэнні дакумента абмяркоўваліся на нарадзе кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Савета Міністраў, паведаміў першы намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Крутой.

“Сусветная практыка паказвае, што ўсе дзяржавы, якія найбольш рушылі наперад у гэтай галіне, тым ці іншым чынам стымулююць набыццё электратранспарту. У першую чаргу ў частцы зніжэння падаткаў (ПДВ, інвестыцыйныя вылікі і іншае) і ўкаранення ўскосных стымулаў, напрыклад, вызваленне ад падатку на ўдзел у дарожным руху, бясплатныя парковачныя месцы, выкарыстанне выдзеленай для гарадскога транспарту паласы на дарозе і іншыя ініцыятывы. У прынцыпе, прэзідэнт іх усе падтрымаў. У бліжэйшы час дакумент будзе дапрацаваны, і ён стане добрым стымулам для развіцця гэтай сферы”, – сказаў першы віцэ-прэм’ер.

Цяпер у адносінах да электрамабіляў у Еўразійскім эканамічным саюзе ўстаноўлена адзіная стаўка мытнай пошліны ў памеры 15 працэнтаў, падатак на дабаўленую вартасць пры ўвозе фізічнымі асобамі такіх аўто для асабістага карыстання – 20 працэнтаў. У рыхтуемым праекце ўказа гэтыя стаўкі будуць зведзены да нуля.

На нарадзе таксама падрабязна аналізавалася, як спрацаваў прыняты ў ліпені 2018 года указ аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў. Дакумент змяшчаў меры, накіраваныя ў прыватнасці на стварэнне зараднай і сэрвіснай інфраструктуры. “Было адзначана, што ёсць вынік у частцы развіцця інфраструктуры. Ужо з’явіліся 250 заправак, якія даюць магчымасць падзараджацца электрамабілям на адлегласці да 100 км. З улікам увядзення ў гэтым годзе яшчэ 150 такіх заправачных пунктаў мы ў першасным прыбліжэнні на мінімальным узроўні гэту інфраструктуру забяспечваем”, – адзначыў першы віцэ-прэм’ер.

Крутой: пытанне ўкаранення дэпазітнай сістэмы абарачэння ўпакоўкі патрабуе дадатковай прапрацоўкі

Кіраўнік дзяржавы на нарадзе выказаў меркаванне, што яшчэ з часоў Савецкага Саюза ў Беларусі захавалася і дзейнічае сетка зборачных пунктаў другаснай сыравіны. “Калі мы яе пашырым або выдзелім дадатковыя рэсурсы, павялічыўшы кошт другасных матэрыяльных рэсурсаў, то нам, можа, не спатрэбіцца будаваць нешта новае. Гэта значыць неабходна яшчэ дадаткова тэхнічныя і эканамічныя аспекты абмеркаваць”, – сказаў Дзмітрый Крутой.

Прэзідэнту было даложана аб вопыце ўкаранення сістэмы дэпазітна-залогавай тары ў краінах Еўрапейскага саюза, прыводзіліся прыклады Нарвегіі, Германіі, Літвы, дзе гэта мадэль нядрэнна працуе. Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, такая сістэма ў цэлым адобрана кіраўніком дзяржавы. Разам з тым ураду даручана на працягу некалькіх месяцаў падрыхтаваць падрабязную даведку, як дзейнічае цяперашняя сістэма па зборы другаснай сыравіны і чаго не хапае для яе развіцця, чаму колькасць пунктаў збору другаснай сыравіны не павялічваецца. “Магчыма, у дзеючай сістэме ёсць што палепшыць, перш чым укараняць дэпазітна-залогавую мадэль”, – адзначыў Дзмітрый Крутой.

У Беларусі да канца года плануюць прыняць новы закон аб банкруцтве

“Прэзідэнт даў згоду, каб закон быў унесены ўрадам у ніжнюю палату ўжо афіцыйна. Да верасня будзем адпрацоўваць у профільных камісіях усё мноства прапаноў, якія паступілі ўжо і паступяць яшчэ. На асенняй сесіі, думаю, у першым прыбліжэнні ўжо зможам з дэпутатамі паабмяркоўваць, каб на працягу 2020 года ён быў прыняты”, – расказаў Дзмітрый Крутой.

Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, у Беларусі даўно працуюць над карэкціроўкай заканадаўства аб неплацежаздольнасці (банкруцтве). “Дзеючая рэдакцыя нашага закона была прынята ўжо даволі даўно – у 2012 годзе. Мінула практычна восем гадоў. Наперадзе комплексная перапрацоўка дакумента з улікам міжнароднага вопыту”, – заўважыў ён.

Дзмітрый Крутой расказаў, што Прэзідэнт на нарадзе звярнуў увагу на дырэктыву Еўрапейскага саюза “Аб рэструктурызацыі і прадастаўленні другога шанцу”. Яна была прынята ў мінулым годзе і сёння з’яўляецца найбольш прапрацаваным дакументам міжнароднага ўзроўню. “Яе на працягу трох гадоў будуць імплементаваць у сваё заканадаўства ўсе краіны ЕС. Заканадаўства ўжо будзе нацэлена ў першую чаргу на аднаўленне даўжнікоў, а не прыярытэт крэдытораў”, – растлумачыў першы віцэ-прэм’ер.

У Беларусі распрацавана новая сістэма прэміравання мясцовай улады за высокія рэзультаты

Сярод дакументаў, вынесеных на разгляд Прэзідэнта, быў праект указа аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады. Урад прапануе падтрымаць кіраўніцтва і работнікаў раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў за высокія фінансавыя і эканамічныя рэзультаты.

“У першую чаргу гэта напаўненне мясцовага бюджэту, дадатковыя даходы і прырост. Калі яны будуць перасягаць сярэднеабласныя паказчыкі, магчыма ўвядзенне новай сістэмы прэміравання кіраўніка раёна і непасрэдна работніка выканкама, які будзе вызначацца найбольш высокім рэзультатам”, – сказаў Дзмітрый Крутой.

Як адзначыў першы віцэ-прэм’ер яшчэ на нарадзе, распрацаваны дакумент нацэлены на разняволенне ініцыятывы на месцах. “Думаю, гэта добрая прапанова – падтрымаць дзяржслужачых першаснага звяна, якія, як справядліва гаворыць Прэзідэнт, знаходзяцца на перадавой, ад іх работы залежыць эканамічны поспех развіцця краіны ў цэлым, – сказаў ён. – Пры гэтым не прапануецца змяняць існуючую сістэму аплаты працы ў дзяржапараце. Яна сёння паспяхова функцыянуе, прадоўжыць спакойна працаваць і далей. Пытанне толькі ў тым, каб дапоўніць яе магчымасцю прастымуляваць за асобныя добрыя рэзультаты”.

Па матэрыялах БелТА.