Праязныя на гарадскі маршрут набыць можна, а кампосцераў не чакаецца

У рэдакцыю «ІВ» звярнулася жыхарка аднаго з населеных пунктаў раёна Людміла К., якая паскардзілася на нязручнасці падчас праезду гарадскім аўтобусам, які ідзе ў бальніцу ранкам. Яна адзначыла, што раніцай аўтобус быў перапоўнены і не вельмі зручна, зайшоўшы ў сярэднія дзверы, спачатку прабірацца да вадзіцеля, каб купіць білет, а потым назад, каб прапусціць астатніх пасажыраў. Раней быў кандуктар, абілечвацца было зручней, упэўнена жанчына. Людміла К. звярнула ўвагу, што гэтым маршрутам ездзіць шмат хворых людзей, якія накіроўваюцца ў бальніцу, і для зручнасці ў аўтобусах можна было б усталяваць кампосцеры, а білеты прадаваць у кіёсках ці ў касе аўтавакзала.

Гэты зварот быў накіраваны ў філіял «Аўтамабільны парк №14 г. Івацэвічы», і вось які адказ мы атрымалі ад кіраўніцтва аўтапарка:
«Насельніцтва г. Івацэвічы абслугоўваецца з дапамогай чатырох гарадскіх маршрутаў, на якіх працуюць чатыры аўтобусы мадэлі МАЗ 103, нарматыўная пасажыраўмяшчальнасць іх складае 100 чалавек. Акупнасць выдаткаў не перавышае 50%. Факт высокай напаўняльнасці аўтобуса на маршруце №6 у перыяд з 7.30 да 9.30 сапраўды мае месца. У астатнія гадзіны машына працуе з вольнымі пасадачнымі месцамі.
Паводле правілаў аўтобусных перавозак пасажыры заходзяць у пярэднія дзверы машыны для ажыццяўлення аплаты за праезд, што забяспечвае бесперашкодны праход у салон аўтобуса.
Па прычыне прывядзення колькасці ў адпаведнасць з даходамі пасада кандуктара на філіяле скарочана.
Набыццё праязных білетаў на месяц ажыццяўляецца на аўтастанцыі Івацэвічы з 05.00 да 19.00 штодня або на базе філіяла «Аўтамабільны парк №14».
Перавод сістэмы разлікаў за праезд праз кампосцерную сістэму ў бліжэйшы час не плануецца па прычыне нязначных аб’ёмаў перавозак і высокімі выдаткамі на яе ўкараненне.
Адміністрацыяй прадпрыемства пастаянна адсочваецца пасажырапаток на ўнутрыгарадскіх перавозках з мэтай аператыўнага прыняцця мер пры непрадбачаных сітуацыях. Так, напрыклад, штодня плануецца рэзервовы аўтобус для ліквідацыі форс-мажорных сітуацый».
Падрыхтавала  Ганна Ільяшэвіч.