Купілі саджанец. А дзе яго пасадзіце?

Карэспандэнт “ІВ” пацікавіўся ў Ірыны Івановай, галоўнага архітэктара Івацэвіцкага раёна, наконт таго, ці вітаецца той факт, што людзі высаджваюць дрэвы і кусты за межамі свайго ўчастка.
– Так, мы вітаем ініцыятыву нераўнадушных людзей, хто жадае бачыць прыгажосць і за межамі свайго прысядзібнага ўчастка, хто па ўласнай ініцыятыве азеляняе наваколле. Але тут важна ўлічваць некалькі важных момантаў.
Перад пасадкай такіх дрэў і кустоў у абавязковым парадку звярніцеся ў аддзел будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама ці ў мясцовыя сельвыканкамы, калі вы пражываеце ў сельскай мясцовасці. Пасадка павінна быць, так бы мовіць, санкцыянавана, каб вашы дрэвы не з’явіліся на інжынерных падземных камунікацыях, бо арганізацыя, якая праводзіць эксплуатацыю такіх сетак мае права скласці пратакол на «самазванца», хто пасадзіў не там, дзе трэба, дрэвы ці кусты.
І гэта яшчэ не ўсё, падкрэслівае Ірына Іванова: кіраўніцтвам адпаведных ведамстваў рэкамендавана абмежаваць пасадку фруктовых, ягадных і костачкавых культур за межамі прыдамавых тэрыторый. Толькі на ўласным участку.
– Ірына Эдвардаўна, гэта значыць, што за межамі свайго ўчастка я не маю права пасадзіць яблыньку ці грушу? А калі побач знаходзіцца, напрыклад, пустка – няўжо я тым нараблю шкоды, калі пасаджу там яблыньку?
– Гэта, паўтаруся, не рэкамендуецца! Нават культурныя фруктовыя дрэвы, якія не маюць нагляду, дзічэюць, яны патрабуюць догляду, а на самай справе разносяць хваробы (іх не прышчэпваюць, не апырскваюць і г. д.), пад імі трэба прыбіраць, а найчасцей яны становяцца нічыйнымі – няма з каго спытаць за іх. Узнікаюць нярэдка і канфлікты: хтосьці сарве яблык як быццам з нічыйнай яблыні – канфлікт узнікае, бо ў дрэва, высвятляецца, ёсць гаспадар.
Я разумею, што магчыма, гэта кагосьці не парадуе, але прытрымлівайцеся адпаведнага парадку: зарэгіструйце асабістую падсобную гаспадарку, купіце дом нежылы з участкам (яны сёння каштуюць адносна нядорага) – і разгарніце там сваю дзейнасць. Займіцеся фермерствам, у рэшце рэшт, садаводствам…
– Прабачце, вы гаворыце пра ўпрыгожванне і азеляненні тэрыторый, а самі забараняеце пасадзіць яблыньку ці грушу…
– Але мы не забараняем на землях агульнага карыстання садзіць іншыя дрэвы і кусты – ліпу, бярозу, рабіну, клён, дуб, кустоўе, што прыгожа цвіце. Зразумела, узгадніўшы гэтую пасадку з аддзелам будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама ці ў сельвыканкаме.
– А ці могуць жыхары шматпавярховак, да прыкладу, у Івацэвічах пасадзіць на прыдамавой тэрыторыі тое ці іншае дрэўца?
– Калі дом на балансе ЖКГ, то ўзгадніце пасадку, якая будзе праводзіцца ў рамках правядзення суботніка, з майстрам па азеляненні. Інакш нельга, бо, згадзіцеся, крыўдна будзе даведацца, што ваша дрэўца, якое не там пасадзілі, пасля могуць спілаваць.
Што тычыцца жыллёва-будаўнічых кааператываў, то пасля ўзгаднення з усімі службамі, чые камунікацыі прахо-
дзяць каля шматпавярхоўкі, можна абраць месца, дзе зноў-такі ў рамках суботніка вы можаце пасадзіць дрэўца. Самае галоўнае, паўтаруся, менш самадзейнасці, больш узгадненняў. І горад, і населеныя пункты раёна стануць зялёнымі і прыгожымі. Памятайце, што мала пасадзіць дрэўца – даглядайце яго, улічвайце, што лета можа быць засушлівым і яно можа загінуць, калі не паліць своечасова.
Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ.