коссовскій замок

Выстаўка мастакоў у Косаўскім замку – 29  красавіка

У сёлетнім красавіку мастакі-перасоўнікі, сябры аб’яднання “Абуджэнне”, пачынаюць свой сёмы год творчых выязных выставак менавіта з Косаўскага замка, бо лічаць за гонар выстаўляцца менавіта тут. Гэта будзе, на думку ўдзельнікаў выстаўкі, добрым і спрыяльным знакавым праектам, каб 2019 год быў для іх плённым і творча-актыўным. Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 29.04.2019 года ў 14:00.

“Абуджэнне” – гэта добраахвотнае аб’яднанне мастакоў з розных гарадоў Беларусі: Андрэй Лычкоўскі – з г. Узда Мінскай вобласці, Таццяна Зданевіч і Анатоль Маразюк з г. Бяроза Брэсцкай вобласці, Фёдар Ладуцька і Яўген Шунейка з Мінска. Поруч з імі ў выстаўцы прымаюць удзел бліжэйшыя калегі-аднадумцы з суполкі “Арт-Слонім” – Васіль Грыневіч і Казімір Кулеш. Іх творы прысвечаны гісторыі і сучаснасці, хараству роднага краю і яго веснавому абуджэнню. Мастакі знойдуць час, каб правесці аднадзённы пленэр і ўзбагаціць свае калекцыі свежымі творамі, прысвечанымі палацу Пуслоўскіх, сядзібе Касцюшкі і яе наваколлю, правядуць падчас адкрыцця выстаўкі творчыя майстар-класы.

Трэба адзначыць, што Яўген Шунейка, Андрэй Лычкоўскі, Таццяна Зданевіч і Фёдар Ладуцька з’яўляюцца членамі журы Адкрытага рэгіянальнага конкурсу дзіцячага малюнка “Спадчына”, які ўжо чацвёрты год запар паспяхова праводзіцца ў г. Івацэвічы і на тэрыторыі раёна. Заснавальнік конкурсу аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама. Арганізатар конкурсу – ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы”, Храм у гонар дзяржаўнай іконы Божай Маці па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Стэфана, арцыбіскупа Пінскага і Лунінецкага.

Першы этап IV Адкрытага рэгіянальнага конкурсу дзіцячага малюнка “Спадчына-2019” адбудзецца 30.04.2019 года, дзе журы зробіць выбар на карысць удзельнікаў другога тура конкурсу. Другі тур – пленэр – адбудзецца 11.05.2019 года. Трэба адзначыць, што на першы тур конкурсу ўжо паступіла каля 200 дзіцячых малюнкаў.

Людміла Крукоўская.