Быць ці не быць муралу на сцяне дома ў Івацэвічах?

А гэта залежыць і ад тых, хто будзе ў доме жыць

Мурал – адносна новы від гарадскога мастацтва – вялізныя карціны на сценах шматпавярховых дамоў. Выглядаюць яны даволі незвычайна, сустракаюцца самыя розныя ў розных гарадах розных краін. Ёсць такія і ў Мінску, некаторыя становяцца візітнымі карткамі мікрараёнаў, прыцягваюць увагу і жыхароў краіны, і шматлікіх турыстаў. Мурал у Мінску «Лічбавы свет» быў названы ўвогуле лепшым у свеце ў мінулым годзе!

У Івацэвічах пакуль няма муралаў. Мастацтва гэта – не з дзяшовых само па сабе. Хоць іншыя мастакі працуюць літаральна бясплатна, пытаючы грошы толькі за фарбу ды выкарыстанне спецтэхнікі. І тым не менш.
Праект новага дома ў Івацэвічах па вуліцы М. Танка ўтрымлівае ў сабе такі элемент, як мурал на фасадзе дома. Жыццярадасны, пазітыўны, выкананы з нацыянальным каларытам. Так запланавана.
Варта спыніцца на гэтым доме і па іншай прычыне: у яго будзе сучасны экалагічны двор. Гэта значыць, стаянак для аўтамабіляў там не будзе – яны вынесены за зону двара. Гэта сённяшняе неабходнае слова ў архітэктурным планаванні жыллёвага будаўніцтва ў гарадах. Сам двор прадугледжвае зоны адпачынку, будзе, канешне, і праезд для спецтэхнікі, часовыя прыпынкі аўтамабіляў.
Пытанне ў загалоўку адносна таго, ці быць муралу на фасадзе гэтага дома, зусім не выпадковае. Як правіла, архітэктары пры стварэнні плана ўлічваюць усе нюансы, у тым ліку экалагічныя і эстэтычныя. Да прыкладу, закладваецца ў план азеляненне, магчымае выкананне малых архітэктурных формаў, выкананне тых ці іншых работ пэўнымі матэрыяламі.
Праблема наступае тады, калі пачынаецца будаўніцтва. Заканадаўства дае магчымасць будаўнікам пайсці на пэўныя адхіленні з улікам пажаданняў забудоўшчыкаў. І ў праект уносяцца пэўныя змены дзеля таго, каб зрабіць кошт квадратнага мера ніжэйшым. Канешне, у першую чаргу цярпіць эстэтычны бок будучага дома: можа быць заменены, да прыкладу, матэрыял даху з чарапіцы на таннейшы шыфер, азеляненне прыдамавой тэрыторыя адкладзена на потым…
Зразумела, што ў выпадку і з муралам на фасадзе будынка можа здарыцца нешта падобнае. І ў пэўнай меры вырашаць гэта будуць людзі, якім тут жыць і плаціць за будаўніцтва.
Гэты дом насамрэч можа стаць нашай візітоўкай – бо ён адкрывае горад, калі ехаць з Бярозы і зварочваць у горад на вуліцу Інтэрнацыянальную. Такое аздабленне дамоў у райцэнтрах – пакуль надзвычай рэдкая з’ява. Мы можам стаць адным з першым раённых гарадоў Берасцейшчыны, дзе будзе мурал. Ды яшчэ такі прыгожы.

Валерый Гапееў.