Атэль у Палацы Пуслоўскіх ужо прымае першых пастаяльцаў

Марыце пра жыццё ў старадаўнім палацы з вечарамі ля каміна і павольнымі шпацырамі ўздоўж велічных партрэтаў? І такая магчымасць ёсць – распачаў сваю працу атэль, які месціцца ў Палацы Пуслоўскіх. Тут кожны можа адчуць атмасферу вытанчанага Сярэднявечча і ўявіць сябе манаршай асобай.

Атэль

Усяго ў атэлі шэсць нумароў агульнай умяшчальнасцю 16 чалавек. На першым і трэцім паверсе размешчаны нумары для тых, хто падарожнічае адзін ці з сям’ёй. На другім паверсе – нумар павышанага камфорту, так званы «віп-нумар» і нумар для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
– Ёсць нумары, дзе можа размясціцца як асобны турыст, так і цэлая сям’я. У нумарах ёсць чайнікі, тэлевізар, хуткасны інтэрнэт, халадзільнік, фен, а таксама халат, тапкі і набор касметыкі для ваннай. Нумары выкананы ва ўніверсальным еўрапейскім стылі, але з невялікай стылізацыяй той эпохі: цяжкія парчовыя шторы, ляпніна, шыкоўныя люстры. Нумары атрымаліся даволі аўтэнтычныя, – расказвае выконваючая абавязкі дырэктара ДУК «Косаўскі палацава-паркавы ансамбль» Ірына Семянюк. – Мэбля для нумароў зробленая па індывідуальным праекце для гэтага атэля. Тэндар на яе выраб выйграў «Пінскдрэў». Іншая справа – «віп»-нумар. Па-першае, ён самы вялікі з усіх нумароў. Таксама тут антыкварная мэбля: тахта, камод, набор каміннай мэблі, ложак, кансолі, люстэрка, туалетны столік, вазы, гадзіннік, карціны XVIII-XIX стагоддзяў. Мэблю бярэм у дэпазіт у аднаго са сталічных антыквараў, гэта значыць з правам яе выкупу. Яшчэ адна значная перавага «віпа» – гэта від з акна, ад якога сапраўды захоплівае дыханне.

Цікавосткі
Асаблівая «фішка» атэля – гэта магчымасць разглядзець частку старажытнага падзямелля. На першым паверсе пад
шклом можна ўбачыць уваход у сапраў-
днае сутарэнне.
– У XIX стагоддзі ў часы Пуслоўскіх у палацы ўжо было паравое ацяпленне. Каміны насілі дэкаратыўны характар, а ў падвалах знаходзіліся рэзервуары з вадой. Вада награвалася, пара па трубах паступала ў палац, і такім чынам ён ацяпляўся. Мы вырашылі захаваць гэты цікавы аб’ект, каб турысты маглі ўбачыць яго на ўласныя вочы. Кладка – арыгінальная, усё захавалася з тых часоў, – расказала адміністратар комплексу Паліна Сауціна. – У атэлі ўжо былі першыя пастаяльцы не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы, якія засталіся ў захапленні ад прыгажосці і палаца, і нашай прыроды.

Вяселле ў палацы!

Аблюбавалі атэль для правядзення фотасесій маладажоны, дарэчы, не толькі з Івацэвіцкага раёна. Ёсць магчымасць зрабіць у палацы вяселле, як кажуць, пад ключ. Правесці зборы нявесты ў адным з нумароў, арганізаваць рэгістрацыю, адсвяткаваць у рэстаране і застацца ў тым жа нумары на першую шлюбную ноч.

На тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля размяшчаецца не толькі атэль, але і рэстаран «Граф Пуслоўскі» на 50 чалавек, які пачаў сваю работу ў студзені 2020 года. Адметны знак рэстарана – жывая музыка ў святочныя дні.

 

З легендаў

Дарэчы, Палац Пуслоўскіх можа прыцягваць турыстаў не толькі камфортам і добрай кухняй, але і легендамі, якія яго акружаюць. Раней экскурсаводы расказвалі наведвальнікам, што ў залах палаца можна ўбачыць прывід панны Пуслоўскай, якая пужае толькі азартных, любячых моц-
ныя напоі гасцей (бо яе сын, які прайграў у карты палац, быў менавіта такім чалавекам), з астатнімі яна вельмі гасцінная і абараняе тых, хто прыйшоў у замак з мірам.
– Адзін з нашых пастаяльцаў расказаў, як яму начавалася ў нашым атэлі. Хоць ён і рацыянальны чалавек, але калі зачыняў у калідоры дзверы, то заляпалі іншыя дзверы, і мурашы пабеглі па скуры. Магчыма, аматары містыкі таксама захочуць пераначаваць у нас, каб даведацца, ці сапраўды існуе прывід Пуслоўскай, – расказала Паліна Сауціна.

Пра планы

А пакуль задача перад супрацоўнікамі ДУК «Косаўскі палацава-паркавы ансамбль» стаіць вельмі грунтоўная – зрабіць Марачоўшчыну цэнтрам грамадскай і культурнай дзейнасці раёна, папулярызаваць гістарычныя месцы сярод моладзі, арганізаваць больш мерапрыемстваў з актыўным удзелам наведвальнікаў.
– На базе канферэнц-залы, якая таксама будзе месціцца ў Палацы Пуслоўскіх, будзе магчымасць глядзець фільмы, у тым ліку і з 3D-эфектам. Там можна будзе дэманстраваць гістарычныя кінастужкі, не толькі падчас экскурсіі, а і ў фармаце кіна-залы. Пакуль да гэтага далёка, будзем праводзіць кінапаказы з дапамогай праектараў на адкрытым паветры. Думаем, што яны будуць карыстацца папулярнасцю сярод моладзі, – падзялілася планамі Ірына Семянюк.

Усю актуальную інфармацыю пра дзейнасць атэля і рэстарана ў Палацы Пуслоўскіх вы можаце даведацца па тэлефоне +375-29-249-64-96.