На Століншчыне працягваецца ліквідацыя буйнога пажару

У Столінскім раёне працягваюць ліквідаваць буйны пажар у экасістэме, паведамляюць на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. На месцы працуе авіяцыя МНС. 

Фота: brest.mchs.gov.by

Паведамленне ў МНС паступіла 23 красавіка ў 07-52 ад леснікоў: пачала гарэць сухая расліннасць у балоцістай мясцовасці, у лесе на тэрыторыі Вільямскага лясніцтва каля вёскі Альманы Столінскага раёна.

 

“Для ліквідацыі пажару задзейнічаны ратавальнікі, лясгасы, арганізацыі раёна, – пішуць на сайце Міністэрства. –  На месцы працуюць два МІ-8 авіяцыі МНС. Верталётамі ажыццявілі 42 скіды вады. Агульная плошча пажару, пройдзеная агнём, склала 200 га (50 га – лес, 150 га – сухая расліннасць). На месцы працуюць больш за 100 чалавек, арганізаваны падвоз вады для запраўкі усюдыходаў, АРС і ранцавых вогнетушыцеляў, працягваецца тушэнне пажару”.

Таксама вядзецца авіяцыйны маніторынг становішча. Сёння раніцай адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Столінскім раённым выканаўчым камітэце.