ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас» першы ў вобласці пачаў укараняць вопыт фінскіх калег

ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас» першы ў вобласці пачаў укараняць вопыт фінскіх калег – вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай.

І гэта атрымлівалася паспяхова яшчэ ў 2013 годзе, калі, лічы, у саматужных умовах у цяпліцах, якія былі як рэшата, у кожную касету высаджвалася карпатліва па аднаму насенню. На той час такім спосабам вырошчвалася сеянцаў у Івацэвіцкім лясгасе больш, чым па ўсёй вобласці.

Пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай зарэкамендаваў сябе ўжо тады цудоўна – паказчыкі прыжываемасці пасля высадкі ў глебу былі выдатныя.
Таму менавіта івацэвіцкія лесаводы атрымалі магчымасць стаць першапраходцамі ў краіне па будаўніцтве сучаснага комплексу па вырошчванні лясных сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай (ЗКС). Комплекс з ЗКС на тэрыторыі гадавальніка Івацэвіцкага лясгаса быў пабудаваны па галіновай праграме ў рэкордны тэрмін – за 10 з паловай месяцаў. У строй уведзены ў 2018 годзе, і ў той жа год было пасеяна па новай тэхналогіі 1 млн 763 тыс. сеянцаў сасны і елкі. Яны паспяхова падраслі і часткова былі пасаджаны на плошчах лясгаса, а часткова рэалізаваны іншым лясгасам вобласці. Летась ужо па сучаснай тэхналогіі вырошчвання лесапасадачнага матэрыялу было атрымана 2 млн 200 тыс. сеянцаў.
– У 2019 годзе мы пасадзілі лес на 691 гектары, з іх 37 працэнтаў плошчаў – сеянцамі ЗКС, – расказвае галоўны ляснічы ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас» Раман Мяцечка. – Сёлета даведзены план пасадзіць 540 гектараў лесу, з іх 51 працэнт плошчаў зойме лесапасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай. Будзем прыкладваць намаганні, каб па факце атрымалася больш плошчаў агульнай пасадкі.
Самы вялікі плюс сучаснай тэхналогіі вырошчвання лесу ў тым, што пасадачны матэрыял можна пачаць высяваць у лютым, не аглядваючыся на кліматычныя ўмовы.
– На нашым комплексе мы паспяваем вырасціць дзве ратацыі сеянцаў. Многія нашы ляснічыя ўспрымалі ў штыкі вырашчаны такім чынам лесапасадачны матэрыял, – расказвае Раман Лявонцьевіч. – Цяжкасці былі якія? Тут у цяпліцах і на палях дарошчвання вырасцілі прыгожыя сеянцы ў касетах, як вывезці іх да месца пасадкі, каб не траўміраваць? Патрэбны спецыяльныя падстаўкі. Даводзілася вывозіць матэрыял мінімальнымі партыямі. Далей для пасадкі сеянцаў з ЗКС патрэбны спецыяльныя прыстасаванні. Пытанні
ўзнікалі і па якасці касет… Але засушлівае лета мінулага года паказала, што прыжывальнасць сеянцаў з ЗКС – выдатная. І ўсе, хто раней супраціўляўся, цяпер просяць толькі ЗКС.
Галоўны ляснічы казаў, што нават на вока адрозніваюцца пасадкі, дзе культуры створаны перасадкай з адкрытага грунту, а дзе з закрытай каранёвай сістэмай. Раман Лявонцьевіч прывёў у прыклад выпадак, калі ў Івацэвіцкі лясгас прыязджаў дырэктар Іванькаўскага лясгаса Кіеўскай вобласці:
– Мы з ім праехалі 50 участкаў лясных культур, каб дасканала параўнаць з ЗКС-нымі. І калега з Украіны з вялікім вопытам работы ў лясной гаспадарцы зрабіў адназначны вывад: сеянцы з ЗКС – на першым месцы. Ён казаў, што яны гатовы за свае грошы будаваць цяпліцы са штангавым палівам.
Супрацоўнікі комплексу па вырошчванні лесапасадачнага матэрыялу з ЗКС разумеюць, што галоўная задача – вырасціць якасны пасадачны матэрыял.
– У нас ёсць усё для гэтага, нават мыечная машына, на якой пад тэмпературай 70-90 градусаў праводзіцца і мыццё, і дэз-
інфекцыя касет. Без гэтага ні адна касета на лінію не трапіць, – тлумачыць галоўны ляснічы.
Улічваючы, што лета было спякотнае, а вясна сёлета з замаразкамі да апошніх дзён, асаблівую ўвагу даводзіцца надаваць тэмпературы і вільготнасці паветра, каб стварыць неабходныя ўмовы для сеянцаў. Работнікі, якія працуюць на комплексе, уважліва адсочваюць параметры мікраклімату і кантралююць своечасовасць паліву. Рэгулярна вядзецца і падкормка сеянцаў комплекснымі ўгнаеннямі. Калі расада падрастае, касеты з сеянцамі выносяцца на палі загартоўвання.
– Сёлета высяваем адну сасну. Сваім насеннем, – дадае Раман Мяцечка. – У нас у халадзільных камерах захоўваецца насенне лясных культур з лясгасаў вобласці. Пастаянна сочым, каб запас яго быў не менш, чым трохгадовы. Са спецыяльнай плантацыі ў 31,7 га сабралі летась шышак сасны 13 770 кілаграмаў. З іх атрымліваецца пасля перапрацоўкі на шведскім абсталяванні насенне палепшанай якасці. Плюс з лесу лясніцтвамі сабрана 11 тон шышак, з якіх атрымліваецца насенне нармальнай якасці.
Вядома, гэта не самы танны спосаб лесаўзнаўлення, але вырошчванне такога пасадачнага матэрыялу дазваляе здымаць два «ўраджаі» з адной і той жа плошчы. Акрамя таго, пры перасадцы на пастаяннае месца такія саджанцы высаджваюць з комам зямлі. Карані саджанцаў пры гэтым не траўміруюцца, а значыць, у такіх сеяцаў і лепшы рост у першыя гады. Пасадачны матэрыял можна высаджваць на лесакультурныя плошчы на працягу значна большага перыяду, што дазваляе раўнамерна размеркаваць працоўныя рэсурсы і тэхніку.
За маладымі пасадкамі з ЗКС вядзецца і ў далейшым пільны догляд. У мэтах абароны ад дзікіх жывёл апрацоўваюцца такія ўчасткі рэпелентамі, бывае, што і ў першы год пасля пасадкі. Акрамя таго, сёлета закуплена 10 тыс. м ацынкаванай сеткі для агароджвання ўчасткаў з ЗКС.
– Асаблівасць лясной галіны ў тым, што рэзультат работы лесаводаў бачны праз 80-100 гадоў, і важна, каб нашчадкі маглі падзякаваць за нашы намаганні, – рэзюмаваў Раман Мяцечка.
…За «Тыдзень лесу» з удзелам школьнікаў і іх бацькоў пасаджаны 31 гектар лесу. Акрамя таго, на гэтым тыдні вядзецца добраўпарадкаванне месцаў воінскай славы і ачыстка лесу вакол іх.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.