Жыхарка Івацэвіцкага раёна запрасіла незнаёмцаў у госці і скрала рэчы

46-гадовая Т., жыхарка аг. Вулька-Аброўская, накіравалася электрапоездам у Баранавічы. Вырашыла праблемы ў гэтым буйным населеным пункце, дзеля якіх сюды і накіроўвалася, набыла і выпіла спіртны напой. У такім «вясёлым» стане жанчына пераблытала цягнік, села і паехала не ў той бок, паспела вярнуцца ў Баранавічы, але ўжо ўсе цягнікі ў кірунку Брэста прайшлі.
Засталася толькі начная электрычка.
Каб не бавіць час у адзіноце, Т. завязала знаёмствы з мужчынам і жанчынай на вакзале ў Баранавічах і запрасіла іх да сябе ў госці. Не паверыце, але тыя пагадзіліся з’ездзіць у госці да жанчыны, якую бачаць у першы раз. Начной электрычкай прыкладна ў пяць гадзін раніцы яны прыехалі ў Івацэвічы, але тут здарылася нечаканая падзея: Т. папрасіла новых сяброў даць ім свой пакет з рэчамі, каб купіць спіртное. Узяла пакет і… знікла. Доўга прыйшлося жыхарам Баранавічаў чакаць новую «сяброўку». Не дачакаліся і выклікалі міліцыю.
Складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да Т., які ўжо накіраваны ў суд.
Здаецца, падарожжа ў цягніку паміж двума станцыямі – справа няхітрая. Як і знаходжанне на чыгуначным вакзале. Але некаторыя нашы грамадзяне не могуць з’ездзіць у суседні райцэнтр, каб не напіцца і не здзейсніць крадзеж.
Віталь ВЫСОЦКІ, начальнік  ЛПМ на ст. Івацэвічы.