Па вул. Гамаліцкага ў Івацэвічах завяршаюцца работы па будаўніцтве новай лініі асвятлення

У гэтыя дні работнікі ААТ «Прамбудэнерга» завяршаюць работы па будаўніцтве новай лініі асвятлення па вул. Гамаліцкага ў Івацэвічах. 47 прыгожых апор лініі тым больш радуюць вока, што ўстаноўлены вельмі роўна – нібы пад лінейку.

Супрацоўнік «ІВ» наведаў аб’ект, дзе гутарыць з Арцёмам Ермаковічам, майстрам участка электрамантажных работ ААТ «Прамбудэнерга».
– Арцём, такіх прыгожых апор лініі асвятлення ў Івацэвічах і раёне яшчэ не даводзілася бачыць…
– Згодзен, мне даводзілася працаваць над устаноўкай самых розных «слупоў» у нашых Івацэвічах, але гэтыя самыя прыгожыя… Цэлы месяц давялося чакаць, пакуль прадпрыемства з Мінска іх зробіць.
– Чым выклікана неабходнасць будаўніцтва лініі асвятлення на Гамаліцкага? І яшчэ. На гэтым аб’екце вы працуеце цэлы месяц. Ці не шмат «пераводзіце» часу на ўстаноўку 4-5 дзясяткаў апор?
– Старая лінія не выконвае тых функцый, якія павінна выконваць. Амаль не асвятляецца праезная частка аўтадарогі і мала «дастаецца» святла новай пешаходна-веласіпеднай дарожцы, што дабудоўваецца. Пасля ўстаноўкі новых апор і пуску лініі святлоаддача стане больш высокай, дадайце, што эканомія электраэнергіі двухразовая, тут будуць устаноўлены святлодыёдныя лямпы, якія да таго ж звычайна служаць больш працяглы тэрмін.
Работы на гэтым аб’екце распачаліся каля месяца назад, але вы павінны разумець, што забяспечыць вуліцу святлом – гэта не толькі апоры ў зямлю «ўткнуць». Пачалося ўсё з разбіўкі трасы на адлегласці 1,5 метра ад краю праезнай часткі (даўжыня ўсёй новай лініі – 1 380 метраў), пасля выклікаем усе зацікаўленыя службы: сувязістаў, камунальнікаў, газавікоў, каб упэўніцца, што земляныя работы, якія будзем праводзіць пад пракладку кабелю, не «пакрыўдзяць» іх. Нам, дарэчы, прыйшлося перасякаць лінію газаправода, таму прадстаўнік іх прадпрыемства дзяжурыў на аб’екце, калі мы праводзілі работы каля гэтай самай лініі. Дадайце, што прыйшлося падключацца да дзвюх дзеючых падстанцый на завулках Руднянскі і Зарэчны – гэта яшчэ 500 метраў падводкі дзвюх ліній паветраных перадач… Устаноўка апор – толькі вяршыня айсберга ў нашай рабоце.
– Хто будзе абслугоўваць усю гэту прыгажосць?
– Дзейнічаем па наступнай схеме: пасля таго, як пройдзе пераабсталяванне сістэмы і ў дзеючых шафах будзе ўстаноўлена рэле часу (каб святло ўключалася і выключалася аўтаматычна ў вызначаны час), мы аб’ект перададзім на баланс Івацэвіцкай ЖКГ – гэтае прадпрыемства будзе абслугоўваць лінію, як абслугоўвае і іншыя лініі, пабудаваныя нашым прадпрыемствам у апошні час – на вул. Свярдлова, Спартыўнай, Славянскай, 60 год Кастрычніка г. Івацэвічы…
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота)