Алея памяці ў Яглевічах

У мінулую суботу супрацоўнікі Яглевіцкага сельвыканкама на невялікай пустцы паміж дзіцячай пляцоўкай і вясковымі могілкамі пасадзілі 75 бярозак. Такім чынам, створана невялічкая алея, якая сімвалізуе 75-годдзе Вялікай Перамогі, што будзе адзначацца сёлета.

Для таго, каб дрэўцы лепш прыняліся, яны агароджаны калкамі і штодня паліваюцца, бо вясна бягучага года дажджамі пакуль не радуе.
Як паведамляе старшыня Яглевіцкага сельвыканкама Галіна Панюк, работы па навядзенні парадку на зямлі не абмяжоўваюцца вышэйзгаданай акцыяй. Літаральна некалькі дзён назад супрацоўнікі сельвыканкама праводзілі ўборку тэрыторыі вакол возера Галенчыцкае. Тут традыцыйна часта бавяць час мясцовыя жыхары і рыбаловы, пасля іх застаецца нямала смецця. Цёплы перыяд года возера сустракае чыстым і дагледжаным.
Аляксандр ГОРБАЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).