12 красавіка – Дзень войскаў супрацьпаветранай абароны

У другую нядзелю красавіка ў Беларусі адзначаецца дзень войскаў супрацьпаветранай абароны.

Сёння войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі аснашчаны вялікай колькасцю сучасных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, апаратуры. Кантроль за беларускім небам ажыццяўляюць тысячы высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Праходзячы сур’ёзную падрыхтоўку на працягу службы, працуючы ў цесным узаемадзеянні са сваімі камандзірамі, салдаты атрымліваюць каштоўныя веды і вопыт, дзякуючы гэтаму, авалодваюць новымі для сябе спецыяльнасцямі.
Высокакласнымі спецыялістамі можа пахваліцца і 174 вучэбны палігон ВПС і войскаў СПА. Адзін з іх – начальнік штаба, першы намеснік начальніка 174 вучэбнага палігона Мікалай Афонін.

Будучую прафесію, а лепш сказаць – прызванне, Мікалай абраў дзякуючы бацьку. Той быў ваеннаслужачым, таму дзяцінства сваё Мікалай правёў у ваенным гарадку ў Старых Дарогах. Натхнёны прыкладам не толькі бацькі, але і стрыечнага брата, вырашыў пасля школы паступаць у Ваенную акадэмію.
Скончыўшы яе, пачынаў свой прафесійны шлях у вёсцы Волька ў 302 зенітна-ракетнай брыгадзе лейтэнантам на пасадзе начальніка разліку баявой машыны ЗРК «АСА-АКМ». І потым упэўнена крочыў па кар’ернай лесвіцы. У гэты ж час спаткаў у Івацэвічах каханне. У 2013 годзе, калі была расфарміравана 302 зенітна-ракетная брыгада, застаўся з сям’ёй тут і стаў працаваць на 174 вучэбным палігоне. З 2014 года займае пасаду начальніка штаба, першага намесніка начальніка палігона.
– Ні разу я не пашкадаваў, што ў жыцці абраў прафесію ваеннага. Лічу, што яна сапраўды дапамагае маладому чалавеку заняць годнае месца ў грамадстве і рэалізаваць сябе. І ёсць у ёй нават некаторая рамантыка, але яе не кожнаму дадзена зразумець, – расказаў Мікалай Афонін. – Колькі прайшло ваеннаслужачых праз наш палігон, многія служаць і цяпер, некаторыя атрымалі высокія званні. Прыемна ўсведамляць, што пачыналі яны тут. Многія, калі сустракаюць, дзякуюць. Кожны год прыхо-
дзіць новае пакаленне прызыўнікоў, і прыемна назіраць, як за кароткі прамежак часу яны атрымліваюць новыя веды ваеннага рамяства, практычны вопыт і становяцца сапраўднымі абаронцамі Айчыны. І мы намагаемся, каб служыць у нас было добра, робім, як кажуць, усё па сумленні. Каб кожны салдат штосьці карыснае са службы для сябе вынес.
З добрым настроем падыходзіць да завяршэння службы сяржант Іван Пушыла з Івацэвіч. Малады чалавек ужо прывык да ранніх пад’ёмаў, фізічных нагрузак і каманднай работы.
– Рады, што давялося прайсці сваю службу на 174 вучэбным палігоне ВПС і войскаў СПА. Лічу, што войскі супрацьпаветранай абароны – гэта інтэлектуальныя войскі, прычым, яны знаходзяцца ў мірны час на пастаянным баявым дзяжурстве. Як кажуць, «ні дня без цэлі і кругласутачнае баявое дзяжурства», – адзначыў Іван Пушыла. – Навабранцам хачу сказаць, каб не баяліся службы. Час, калі ён выкарыстаны з карысцю, ляціць хутка. Падчас службы знойдзеце сапраўдных сяброў, гэта я магу сказаць з асабістага вопыту. Прызыўнікам, якія збіраюцца на службу, хацелася б сказаць, што служба ў войску – гэта не проста абавязак, але і справа кожнага мужчыны. Не важна, у якія войскі закіне лёс, трэба з гонарам адслужыць.
Ганна Ільяшэвіч.