Злодзей усё добра бачыць

Жыхар в. Даманава, мужчына пенсійнага ўзросту, у вячэрні час вырашыў наведаць свайго суседа. Тое, што дом застаўся без нагляду, зацікавіла мясцовую групоўку з трох чалавек (двое мужчын і жанчына), якія на той момант былі засмучаны адсутнасцю сродкаў на пакупку алкагольных напояў.
Яны праніклі ў дом да вяскоўца праз акно, укралі 70 рублёў. Гаспадар прыйшоў дамоў, адразу заўважыў, што ў доме былі нязваныя госці, выклікаў міліцыю. Раніцай, прыкладна у 5.30, зладзеяў затрымалі. Прыкра, але абаім мужчынам каля 40 гадоў, яны раней судзімыя, ды толькі належных высноў для сябе не зрабілі. Грошы патрачаны на алкаголь, зараз у адносінах да ўсіх трох узбуджана крымінальная справа.
У Целяханах з падвала адной шматпавярхоўкі неўстаноўленыя зладзеі ўкралі два веласіпеды. Адзін з іх дастаткова дарагі і новы, горны. Падвальнае памяшканне не закрываецца на замок, туды можа зайсці любы чалавек хоць днём, хоць ноччу. Веласіпеды зноў-такі былі не замкнутыя. Паўтаруся: усе веласіпеды, што былі скрадзены ў нашым раёне, не былі замкнутымі – назіраўся свабодны доступ да іх. Рабіце вывады!
Некалькі гадоў назад, калі пачасціліся крадзяжы ад УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ», супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку накіраваліся да гэтай установы, сабралі ўсе непрышпіленыя веласіпеды і прывезлі ў райаддзел міліцыі. І тут адзін за другім пайшлі тэлефанаванні… Гаспадароў мы запрашалі да сябе і ставілі ўмову: пакуль не купіце замок – веласіпед не вернем. Відаць, трэба нам і надалей так дзейнічаць, бо пра неабходнасць прышпільваць свой транспартны сродак нашы грамадзяне згадваюць толькі тады, калі іх абакралі.
Аляксандр КІКУН,
начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.