У Івацэвічах з’явіўся новы ласунак – мяккае марожанае

Новы ласунак могуць пакаштаваць жыхары райцэнтра: у кафетэрыі ўніверсама «Івацэвіцкі» з’явіўся новы від любімага прысмака дзяцей і дарослых – мяккае марожанае.

Яго вырабляюць у спецыяльным апараце, які называецца фрызер. Мяккае марожанае мае крэмападобную кансістэнцыю, яно вельмі лёгкае і «паветранае». Галоўнае адрозненне мяккага марожанага ад фасаванага і вагавага ў тым, што яно не праходзіць этапа замарозкі, гатуецца на вачах у пакупніка і патрабуе ўжывання адразу ж. Плюс – гэта нізкакаларыйны і лёгказасваяльны прадукт. Менавіта мяккаму марожанаму аддаюць перавагу знакамітыя сеткі фаст-фуда.
– Пакуль у нас прадаецца адзін від мяккага марожанага – пламбір. Летам плануецца продаж яшчэ шакаладнага пламбіру, таксама можна будзе рабіць мікс гэтых відаў. Да марожанага мы прапаноўваем пакупнікам разнастайныя сіропы, топінгі, пасыпкі. Таму кожны пакупнік з дапамогай іх можа «стварыць» сваё марожанае з непаўторным смакам, – расказала начальнік сектара грамадскага харчавання філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Івацэвіцкага райста Таццяна Хаванская. – Смак у мяккага марожанага вельмі прыемны, мяккі, як у знакамітага пламбіру, смак якога асацыіруецца ў многіх з дзяцін-
ствам. Марожанае накладваем у вафельныя ражкі ці аднаразовыя крэманкі. У ласунка ў райцэнтры ўжо з’явіліся прыхільнікі розных узростаў. Спадзяёмся, што ўсім жыхарам і гасцям райцэнтра ён прый-
дзецца даспадобы. Запрашаем усіх пакаштаваць наша мяккае марожанае!
Як адзначыла першы намеснік старшыні праўлення Івацэвіцкага райста Наталля Грынчык, пакуль што мяккае марожанае прадаецца толькі ў кафетэрыі ўніверсама «Івацэвіцкі», таму што ён размяшчаецца ў самым буйным спальным раёне Івацэвічаў. Калі будзе попыт, разгледзяць пытанне аб усталяванні фрызераў у іншых гандлёвых кропках.
Ганна Ільяшэвіч.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.