Гістарычнае месца ў Івацэвічах – Загрыдава

А вы ведалі, што ў цэнтры Івацэвічаў размяшчалася былое ўрочышча Загрыдава? Калісьці там была сядзіба праваслаўнага святара, а раней і ўніяцкага. Менавіта там некаторы час жыў Усевалад Ігнатоўскі, і там нарадзіўся адзін з ягоных сыноў (Усевалад Ігнатоўскі – сын Быценскага святара, наш знакаміты зямляк, дзяржаўны дзеяч, вучоны-гісторык, першы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі. Пра яго ёсць артыкул у кнізе Алеся Зайкі «Крыніцы і вытокі». Аб гэтым  паведаміў наш чытач Вадзім Мінчук, чалавек нераўнадушны да гісторыі нашай радзімы.
Сапраўды, адшукалася карта 1910 года. На ёй Івацэвічы пакуль што і не існуюць як паселішча – такімі яны былі больш за 110 гадоў таму. Ёсць станцыя чыгуначная, ёсць гасціны двор Івацэвічы – гэта нішто іншае, як маёнтак Юндзілаў, цяперашняя наша цэнтральная раённая бальніца.
Відаць на карце некалькі дамоў – у цяперашнім раёне СШ №1 г. Івацэвічы. А болей няма ніякіх забудоў – гэта самы час нараджэння Івацэвічаў.
І вось насупраць чыгуначнай станцыі вельмі выразна відаць – на беразе ручая, якраз у трохкутніку між ручаём і дарогай (а дарога – гэта знакаміты тракт Масква-Варшава) размешчаны пабудовы. І надпіс-тлумачэнне: «Дв. св. Загридово» – двор святара Загрыдава.
Такім чынам, месца мела адмысловую назву!
Загрыдава, відавочна ж, – тапонім, прывязаны да ракі Грыўды. Вельмі верагодна, што першапачаткова ён гучаў як Загрыўдава – «за Грыўдай», але цягам часу «ў» згубілася. Ды, па шчырасці, назвы вёсак і паселішчаў на старых картах іншым разам вельмі здзіўляюць. Да прыкладу, цяперашні Селец ля Дабромысля недзе напісаны як Сельцы, недзе – Сельца. А нашы Панкі побач на гэтай карце маюць мяккі знак – Панькі. То не будзем здзіўляцца.
Але як напісана, тое і маем: Загрыдава.
Зусім не выпадкова, такім чынам, праз трыццаць гадоў трохі вышэй на ўзгорку будзе пабудавана тут праваслаўная царква, якая згарыць у 60-ыя гады мінулага стагоддзя. На карце-фотаздымку, якую мы ўжо некалі публікавалі, што зрабілі нямецкія лётчыкі ў 1944 годзе, добра відаць і саму царкву, і забудовы ў гэтым самым месцы – Загрыдаве.
У любым выпадку Івацэвічы прыраслі адной мясцінай, назвай і гісторыяй.
Падрыхтаваў Валерый Гапееў.