Як фраза “Дай закурыць!” прывяла ў суд

Двое хлопцаў, жыхары райцэнтра, накіраваліся ў спартзалу Івацэвіцкага прафліцэя сельгасвытворчасці. Сустрэлі яшчэ аднаго сябра, разгаварыліся. У гэты момант з інтэрната прафліцэя выйшаў Л., навучэнец установы. старшакласнік Ш., адзін з групоўкі сяброў, папрасіў у Л. закурыць. Той адмовіў у просьбе. Тады Ш. нанёс яму ўдар кулаком у твар.
Прыкладна праз паўгадзіны гэтая групоўка ў поўным складзе зноў «перасеклася» на тэрыторыі прафліцэя. Ш. накінуўся з кулакамі на Л.: нанёс яму не меней трох удараў кулаком у твар, не меней пяці – па руках, адзін раз ударыў нагой у вобласць галавы. Гэтым ён прычыніў Л. цялесныя пашкоджанні, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў, што не пацягнула кароткатэрміновага расстройства здароўя або нязначнай страты працаздольнасці.
Л., дарэчы, і пасля такога збіцця не трымаў крыўды на Ш., а ў судзе не настойваў на прызначэнні свайму крыўдзіцелю цяжкага пакарання. Як стала вядома аб бойцы? Л. аб гэтым расказаў дома, гісторыя моцна абурыла бацьку, які вырашаў разабрацца з крыўдзіцелем сына з дапамогай міліцыі. Як вынік, была ўзбу-
джана крымінальная справа па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У ходзе судовага пасяджэння Ш. вінаватым сябе прызнаў поўнасцю, адзначыўшы, што пацярпелага Л. ён ведаў толькі наглядна, ніякіх канфліктаў паміж імі не мелася, пацярпелы не правакаваў яго. Яшчэ да пачатку судовага пасяджэння Ш. былі прыняты меры для таго, каб загладзіць віну, ён прынёс прабачэнні…
Суд пастанавіў прызнаць Ш. вінаватым і, улічваючы непаўналетні ўзрост яго, чыстасардэчнае раскаянне, умовы жыцця, выхаванне ў няпоўнай сям’і і іншыя абставіны, прызначыў Ш. прымусовыя меры выхаваўчага характару ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 4 месяцы, усклаўшы на яго шэраг абавязацельстваў, устаноўленых крымінальным законам.
…Хочацца звярнуць увагу маладых людзей, якія накіроўваюцца ў спартыўныя залы: сваю сілу і спрыт дэманструйце, уздымаючы штангу, падцягваючыся на перакладзіне ці на брусах. Гэта прынясе карысць і моц і не прывядзе ў суд.
Яна ДРОБЫШ, памочнік пракурора Івацэвіцкага раёна.