Работнікі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» высаджваюць у райцэнтры падгадаваныя маладыя дрэўцы

Гэты вялікі двор між дамамі вуліц 70 год Кастрычніка і Максіма Танка ў Івацэвічах меў з дрэў толькі бярозку, рабіну і яшчэ колькі малых ліпак. Жыхары дамоў, што праўда, спрабавалі яшчэ дзе пасадзіць дрэўцы, але не атрымлівалася – гінулі саджанцы.

Вялікі ўчастак, як кажуць, прасіўся пад пасадку дрэваў. І жыхары звярнуліся з просьбай у райвыканкам, каб улада паспрыяла азеляненню двара.
Зварот быў пачуты. І днямі работнікі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» пасадзілі тут 8 ліп і 10 саджанцаў бэзу. Як бачна, ліпы тут пасаджаны не маленькімі, дрэўцам недзе па пяць гадоў. Гэты факт і добрая агароджа дрэўцаў дае ім шанец застацца цэлымі, бо, на жаль, малыя саджанцы часта становяцца ахвярамі дзіцячай неразумнасці і свавольніцтва.

Як паведаміла нам майстар па азеляненні ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Кацярына Саевец, у райцэнтры сёлета было высаджана 38 дрэўцаў: вялікіх, не маленькіх саджанцаў бярозы, хвойкі.
Падрыхтаваў Валерый Гапееў.