Прысуд – са слязьмі на вачах з улікам апошняй волі памерлай

27-гадовая жыхарка Івацэвічаў цяжка, невылечна захварэла. Анкалогія, 4-я стадыя. Чалавек у такой сітуацыі паступова згасае, бо ўжо не можа дапамагчы ні хіміятэрапія, ні прамянёвая тэрапія. За маладой жанчынай ажыццяўляў догляд яе грамадзянскі муж А. – разам яны пражылі каля 10 гадоў, выхоўвалі 7-гадовую дачку. Муж паспяваў і жонцы дапамагчы, і на работу, і за дачкой даглядаць, бо хворая жанчына ў апошнія месяцы амаль не ўставала з ложка.

Хворая ў той сітуацыі, што склалася, папрасіла сваю малодшую 18-гадовую сястру Р., якая пражывае з маці ў Бярозаўскім раёне, прыехаць у Івацэвічы, каб аказваць дапамогу – прыбіраць у доме, мыць бялізну, ежу прыгатаваць… Р. пагадзілася, але час паказаў, што дапамога гэтай маладой дзяўчыны сваёй невылечна хворай сястры мела, так бы мовіць, спецыфічны характар.
Справа ў тым, што Р. знайшла ў доме сястры, у камодзе, грошы – долары, якія купляў і збіраў А. Мужчына разумеў, што трэба мець нейкую капейку на «чорны» дзень, які няўмольна набліжаўся. Наяўнасць грошай у свабодным доступе не давала спакою Р., яна не стрымалася і пачала паціху выцягваць з камоды 100-доларавыя купюры і траціць іх – то смарт-
фон сабе набыла, то нейкую шубку, то з сяброўкамі на таксі памчалася ў рэстаран у Баранавічы, каб паспытаць дарагія сушы, вустрыцы, мідыі… Муж, які разрываўся паміж хворай жонкай, работай і дачкой, не меў нават часу заглянуць у тую самую злашчасную камоду, каб пералічыць грошы. Яму ў і галаву не прыходзіла, што малодшая сястра жонкі шыкуе на непрыкметна выцягнутыя долары. А калі нарэшце вырашыў пералічыць, то сумеўся: прапала больш за 1 000 долараў…
Мужчына выклікаў міліцыю.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў хутка разабраліся, хто «запусціў руку» ў сямейны бюджэт. Была ўзбуджана крымінальная справа. Дарэчы, пацярпелы А. у ходзе расследавання выказваўся, што жадае, каб абвінавачаную пакаралі па ўсёй строгасці закона: вельмі ўжо цынічна было з боку Р. красці грошы і шыкаваць на іх, калі роднай сястры застаецца жыць лічаныя тыдні. Тым болей, што Р., растраціўшы гэтыя грошы, не мела магчымасці іх вярнуць.
Так атрымалася, што судовае пасяджэнне адбывалася літаральна праз два дні пасля смерці хворай на анкалогію жанчыны. Атмасфера ў зале суда па гэтай прычыне была гнятучай, некаторыя ўдзельнікі працэсу ледзь стрымлівалі слёзы; згадзіцеся, смерць маладой жанчыны ў 27 гадоў мала каго пакіне раўнадушным. У ходзе судовага працэсу А. нечакана папрасіў не караць строга Р. Калі мы пацікавіліся, чаму ён так рэзка змяніў свае адносіны да Р., то мужчына сказаў наступнае: літаральна за некалькі гадзін да смерці хворая жонка папрасіла яго дараваць малодшай сястры гэтыя яе непрыгожыя паводзіны.
Мужчына не мог не выканаць апошнюю волю паміраючай жонкі.
Суд вынес максімальна мяккі прысуд 18-гадовай Р. Але хочацца звярнуць увагу абвінавачанай і многіх іншых маладых людзей, хто можа аказацца ў падобнай сітуацыі. У маладосці любы з нас можа здзейсніць учынак, за які пасля не зможаш дараваць сабе ўсё дарослае жыццё. Цяжка хворая сястра чакала ад Р. рэальнай дапамогі ў доглядзе, бо хто ж, як не родная кроў, можа пранікнуцца бядой, што пасялілася ў гэтых сценах? Але атрымалася, як бачыце, непрыгожая гісторыя… І калі Р. не зразумее, што неяк трэба навучыцца жыць на самастойна заробленую капейку, то ёй прыйдзецца некалі зноў сесці на лаву падсудных.
І прысуд можа быць не такім літасцівым і мяккім.