Самыя рэдкія імёны і самыя вялікія сем’і 150 год таму ў Дабромыслі і побач

Шмат нам могуць расказаць дакументы, што захаваліся і дайшлі да нашых дзён. Якое вялікае шчасце перагортваць лісты артэфактаў, якім ужо сотні гадоў!
Кожны дакумент, кожны пажоўклы лісток дыхае гісторыяй нашай малой радзімы, раскрывае цікавыя і непаўторныя старонкі мінулага дабромысленскага краю. А сама вёска Дабромысль налічвае больш за пяць стагоддзяў. Вось на якой старажытнай зямлі мы жывём, на вельмі прыгожай і маляўнічай. І нам хочацца дастойна ўшанаваць памяць гэтай зямлі.
А каб знайсці гэтыя артэфакты, мы займаемся пошукавай работай. Сустрэча з пажылымі людзьмі дабромысленскага краю, гутаркі з імі дапамагаюць раскрыць невядомыя старонкі з жыцця мінулых часоў. А тое, што захавалася, што дайшло да нашых дзён з XVIII-XX стагоддзя, – яшчэ адна крыніца пазнання мінулага роднай зямлі.
Нядаўна намі знойдзены ўнікальныя дакументы: царкоўная метрычная кніга, якая датуецца, пачынаючы 1745 годам, а другі дакумент – спісы прыгонных сялян памешчыкаў Юндзілаў. На спісах няма даты і невядома, калі яны былі складзены.
Мы заняліся пошукам. Канешне, мы разумелі, што гэта былі часы прыгоннага права, гэта значыць, што яны былі складзены да 1861 года. На адным спісе мы чытаем: «Крестьяне помещика Адама Юндила», а на другім «Крестьяне помещика Владимира Юндила». У гэтай нялёгкай пошукавай рабоце нам дапамагла кніга шаноўнага краязнаўца Івацэвіцкага краю Алеся Зайкі «Населеныя пункты Івацэвіччыны», у якой чытаем:
«Першага снежня 1845 года быў складзены падрабязны інвентар маёнтка Дабромысль, у склад якога ўваходзіла і вёска Глядзенне. У інвентары пералічваюцца ўсе жыхары ад старога да малога. Так, сям’я Герасіма Фёдаравіча Кожана з Глядзення складалася з 6 чалавек: жонкі Марцьяны, трох сыноў і дачкі. У адным доме з Герасімам жыў яго брат Трахім з жонкай Агнешкай і дарослым сынам Лявонам».
Звяраем са спісамі, якія знойдзены намі, – усё супадае. Таму можна меркаваць, што гэты дакумент, магчыма, быў складзены ў той час, як і падрабязны інвентар, гэта значыць, 175 гадоў назад.
З гэтага ўнікальнага дакумента мы шмат даведаліся пра малую радзіму: аб колькасці дамоў у кожнай вёсцы на той час, аб колькасці пражываючых разам з галоўным членам сям’і, запісаны дзеці, можна даведацца аб самых старых прозвішчах. У дакуменце пазначаны гады ўсіх членаў сям’і. Са спісаў вядома, што жыхары вёсак Глядзенне, Дабромысль, Закаплічча былі прыгоннымі сялянамі памешчыка Адама Юндзіла, а сяляне вёскі Селец – памешчыка Уладзіміра Юндзіла.
А цяпер пагартаем гэты ўнікальны дакумент, каб дапамагчы тым, хто цікавіцца сваім родам і імкнецца адшукаць свае карані. А такія звароты ад людзей ужо паступаюць.
Паводле архіўных крыніц, вёска Глядзенне вядома з XVIII стагоддзя. У вёсцы, згодна спісу, на той час было 6 хат, у якіх пражывала 50 чалавек. Мужчын – 23 чалавекі, а жанчын – 27, дзяцей ад 1 да 16 гадоў – 20.
Самаму старэйшаму жыхару вёскі Карпею Лявонавічу Максімчыку было 85 гадоў, з якім пражывала 6 чалавек. У наш час такога прозвішча ў Глядзенні няма. Самымі распаўсюджанымі прозвішчамі ў гэтым паселішчы былі Кожан, Лазарчук, Субоцька, Мінчык. У сям’і Трахіма Міхайлавіча Лазарчука, Герасіма Фёдаравіча Кожана, Міхаіла Сцяпанавіча Мінчыка пражывала па дзевяць чалавек. Разам з бацькамі жылі і старэйшыя сыны са сваімі сем’ямі. Папулярнымі мужчынскімі імёнамі ў вёсцы былі Адам, Андрэй, Васіль, Міхаіл, Максім, Лявон, Піліп, Трахім, Фёдар, Якаў, а рэдкімі – Верамей, Герасім, Карпей, Марцін, Мірон. Жаночымі – Ганна, Ева, Еўдакія, Кацярына, Марыя, Марта, Соф’я, Таццяна, а рэдкімі – Агнешка, Елізавета, Марцьяна, Марцэла, Улана.
Недалёка ад Дабромысля знаходзіцца невялікая вёска Закаплічча. Паводле пісьмовых крыніц, яна вядомая з XIX стагоддзя. Пагартаем знойдзеныя спісы і пазнаёмімся з яе гісторыяй, што яна прадстаўляла сабою ў сярэдзіне XIX стагоддзя. На той час у вёсцы налічвалася 9 дамоў, у якіх пражывала 55 чалавек. Мужчын – 29, жанчын – 26, дзяцей ад 1 да 16 гадоў – 19. Самымі старэйшымі жыхарамі вёскі былі Дзмітрый Сцяпанавіч Самсон і яго жонка Пелагея, якім было па 70 гадоў. У вёсцы пражывалі людзі з прозвішчамі Кожан, Кухценя, Лазарчук, Лашко, Самсон, Субоцька, Сяргейчык. Гэтыя прозвішчы захаваліся і ў нашыя дні. Толькі няма прозвішча Лашко, а ёсць – Лешка. Самая вялікая сям’я была ў Дзмітрыя Сцяпанавіча Самсона, у якой пражывала 9 чалавек: жонка Пелагея, сыны Андрэй і Іван, дочкі Ева і Аляксандра, жонка сына Андрэя – Праніда, іх дзеці Еўдакія і Іван. У іншых сем’ях пражывала ад 5 да 8 чалавек. Распаўсюджанымі мужчынскімі імёнамі ў вёсцы былі Андрэй, Васіль, Ігнат, Іван, Дзмітрый, Рыгор, Сцяпан, Павел, Цімох і Якаў. Былі рэдкія імёны – Варфаламей, Верамей, Даніла, Ксаверый, Несцер, Самсон, Фадзей, Фама, Франц. Сярод жаночых імён ужываліся Аляксандра, Варвара, Ганна, Ева, Еўдакія, Настася, Пелагея, Соф’я, а сярод рэдкіх імён – Магдалена, Марта, Праніда, Улана, Юстына.
Шырока і вольна раскінулася ля берагоў ракі Шчара вялікая вёска з прыгожай назвай Дабромысль. І жыве яна ціхім і спакойным жыццём ужо больш за 500 гадоў. Са знойдзенага дакумента мы ўстанавілі колькасць хат на той час. Іх налічвалася 44. Даныя аб колькасці жыхароў, аб прозвішчах і імёнах людзей захаваліся толькі аб 31 сялянскай сядзібе, у якіх пражывала 236 чалавек. Мужчынскага полу – 126 чалавек, жаночага – 110 чалавек, дзяцей ад 1 да 16 гадоў – 107 чалавек. Самымі старэйшымі жыхарамі ў вёсцы былі Гаўрыл Бенедыктавіч Лазарчук і Амбражэй Фаміч Мінчык, якім было па 80 гадоў. Жонцы Гаўрылы Лазарчука Пелагеі – 70 гадоў, Сямёну Іванавічу Войціку – 75 гадоў, яго жонцы Ганне – 70 гадоў. Давіду Раманавічу Шацілу – 70 гадоў, яго жонцы Просі – 70 гадоў. Былі і цікавыя сямейныя пары. Паўлу Антонавічу Качаноўскаму было 70 гадоў, а яго жонцы Агнешцы – 45, у іх было трое дзяцей: Іван (16 гадоў), Пеця (12 гадоў), дачка Елізавета (10 гадоў). На той час самымі ўжывальнымі прозвішчамі ў Дабромыслі былі Варапай, Войцік, Качаноўскі, Кожан, Лазарчук, Лашко, Мінчык, Субоцька, Сяргейчык, Сярко, Харко, Хвясько, Хмялеўскі, Шабанковіч, Якаўчук, Якубайлік. Усе гэтыя прозвішчы, акрамя Качаноўскі, Лапко, Новік, бытуюць і сёння. Лашко няма, а ёсць Лешка. Сярод мужчынскага полу часта сустракаем імёны: Андрэй, Антон, Адам, Гаўрыл, Дзмітрый, Ігнат, Лявон, Міхаіл, Павел, Пётр, Піліп, Рыгор, Сцяпан, Трахім, Фадзей, Федзя. Рэдкія мужчынскія імёны: Амбражэй, Гасафат, Давід, Даніла, Кузьма, Кірыла, Леў, Лука, Маісей, Марк, Мартын, Сідар, Станіслаў, Самуіл, Цупрыян. Сярод жанчын самымі ўжывальнымі імёнамі былі Антаніна, Агата, Варвара, Ганна, Еўдакія, Ева, Марына, Марта, Пелагея, Настася, Соф’я, Таццяна, Тэрэса. Ёсць рэдкія імёны: Агаф’я, Адар’я, Дамінісія, Луцыя, Матрона, Мангарата, Прося, Прузына, Праніда, Улана, Харціна, Юстына.
Самая вялікая сям’я ў вёсцы Дабромысль была ў Гаўрыла Бенедыктавіча Лазарчука, у якой пражывала 16 чалавек: жонка Пелагея, тры дачкі – Аляксандра, Антаніна і Марыя, тры сыны – Рыгор, Валянцін, Якаў – і іх жонкі, пяцёра іх дзяцей. У іншых хатах пражывала: у дзвюх хатах – 4 чалавекі, у пяці хатах – 5 чалавек, у васьмі хатах – 6 чалавек, у адной хаце – 7 чалавек, у чатырох хатах – 8 чалавек, у трох хатах – 9 чалавек, у чатырох хатах – 10 чалавек, па адной хаце – 11 чалавек, 12 чалавек, 13 чалавек.
Першая пісьмовая згадка пра Селец датуецца 1775 годам. На жаль, знойдзеныя спісы не даюць нам поўную характарыстыку аб колькасці дамоў і сялян на той час. Але тое, што дайшло да нас, ужо крыніца пазнання малой радзімы. Вось што нам удалося ўстанавіць. Згодна захаваных спісаў, мы можам гаварыць толькі аб 33 дамах, але іх было больш. У гэтых хатах пражывала 222 чалавекі. Мужчын-
скае насельніцтва складалася са 106 чалавек, жаночае – 116 чалавек, дзяцей ад 1 да 16 гадоў – 103 чалавекі. У вёсцы ў той час самымі распаўсюджанымі прозвішчамі былі Гаварушка, Голуб, Капейка, Канявега, Пацалуйка, Саванчук, Стральчэня, Сцепанчук, Сяргейчык, Сярко, Хвяшчук, Шалошык, Шастак, Якаўчук, Янкоўскі. Прозвішчы Наліўка, Лянковіч, якія былі ў гэты перыяд, у наш час не захаваліся. Самаму старэйшаму жыхару вёскі Васілю Мітрафанавічу Сцепанчуку было 70 гадоў. Ва ўзросце ад 50 да 60 гадоў у вёсцы пражывала 12 чалавек. Часцей за ўсё сустракаюцца мужчынскія імёны Аляксандр, Аляксей, Андрэй, Васіль, Ігнат, Іван, Лявон, Макар, Міхаіл, Павел, Піліп, Рыгор, Трахім, Якім. Рэдкія мужчынскія імёны: Верамей, Даніла, Клім, Казімір, Канстанцін, Кузьма, Леў, Марк, Осіп, Сельвестр, Франц, Фама, Фадзей і Цупрыян. Самымі папулярнымі жаночымі імёнамі былі Аліна, Ганна, Елізавета, Ева, Кацярына, Марына, Пелагея, Настася, Соф’я, Таццяна, Тэрэса, Тэкля, Прузына, Хрысціна. Рэдкія імёны: Агаф’я, Дамінісія, Канстанцыя, Магдалена, Марта, Марцэла, Рэня. Самая вялікая сям’я была ў Міхаіла Андрэевіча Капейкі, якая складалася з 10 душ: жонкі Агаф’і, сына Якіма, дочак Ганны і Соф’і, жонка сына Якіма – Марцэла, іх дочкі Ганна і Аліна, сыны Васіль і Фама. А ў 32 дамах пражывала ад 5 да 9 чалавек.
Сапраўды, шмат нам расказалі дакументы аб дэмаграфіі дабромысленскага краю сярэдзіны XIX стагоддзя.
Таццяна Голік, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея,
Сцяпан Куніцкі, ветэран педагагічнай працы
ДУА «Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа».