«Грані» пандэміі

Каранавірус і ўсё, што з ім звязана, сёння на вуснах у кожнага, пра гэта гаворым, пра гэта думаем, а калі часам і забываемся, дык пра балячку абавязкова нагадаюць сацыяльныя сеткі або раскажуць у СМІ. Адным словам «гучыць» гэты вірус з кожнага праса. Надакучыла… А нічога не зробіш, ёсць рэчы, якія нельга адмяніць, іх трэба прыняць, перажыць і зрабіць свае высновы.
Аднак і «гучаць» гэты вірус можа па-рознаму. Вось у вас якія асацыяцыі са словам каранавірус? Хвароба 2020 года? Страшная напасць? Біялагічная вайна супраць састарэлых? Так, можа і ёсць ва ўсім гэтым доля праўды. Але могуць жа ўзнікнуць і іншыя вобразы: гэта ўрачы-героі, а яшчэ каранавірус «проверил на вшивость» нашых з вамі суседзяў, а яшчэ агульная бяда раскрыла нам вочы на многіх «богатых», якія накіравалі вялікія сродкі на спецыяльны рахунак Міністэрства аховы здароўя. У рэшце рэшт, гэтая сітуацыя паказала, які моцны ў нашай краіне рух валанцёрства… А на днях у мяне з’явілася яшчэ адна пазітыўная асацыяцыя, звязаная з пандэміяй і каранцінам.
Нядаўна дадому пасля двух тыдняў ізаляцыі прыехала наша з вамі зямлячка, студэнтка Мінскага медуніверсітэта. У сталічным інтэрнаце на каранавірус захварэў юнак, і ўсю дзевяціпавярхоўку закрылі на каранцін. А на наступны дзень за зачыненымі дзвярыма аказаліся яшчэ сотні студэнтаў з суседняга інтэрната. Сотні іншагародніх студэнтаў аказаліся ў ізаляцыі ў сваіх пакойчыках, дзе твая тэрыторыя – гэта ложак ды тумба каля яго. Хто быў студэнтам, той зразумее… Як прызналася мая суразмоўца, на трэція суткі захацелася выць, дык калі б толькі ад суму, элементарна хацелася есці! Студэнты закупіліся, як маглі, на апошнія грошы, а ўсё хутка скончылася. Зразумела, што ў гэтых юнакоў і дзяўчат не было побач родных, якія б прынеслі першае, другое і кампот. Ды і прасіць прыехаць бацькоў у такі час небяспечна. Дзяўчаты ўсім блокам пачалі званіць у розныя піцэрыі, ёсць жа дастаўка, то ж сталіца. Але заказ нідзе нават не прынялі, бо ў кожным кафэ быў поўны перагруз.
– У нас сотні заказаў, больш на сёння не прымаем! – адрэзалі на тым канцы проваду. Вось вам рэальная сітуацыя. Прайшоў яшчэ дзень-другі, і раптам у дзверы пастукалі і крыкнулі, што пакінулі пакет з ежай. «Ого! Адкуль такое шчасце?» – здзівіліся студэнткі.
А як вы думаеце, адкуль? Мінчане, простыя людзі, нечыя мамы і таты, дзядулі і бабулі пачалі прыносіць у інтэрнаты ежу. Пірагі, супы літаральна ў каструлях, катлеты і многае іншае. Пачулі, што сотні студэнтаў засталіся ў ізаляцыі, і вырашылі падкарміць моладзь хатнім. Нехта, напэўна, успомніў сябе студэнтам, а ў некага, можа, дзеці такога ж узросту. А пасля боксы з ежай прывозілі з розных кафэ, што былі паблізу.
Далей – болей. Пачаліся сапраўдныя канцэрты пад вокнамі. Штодзень прыходзілі вулічныя спевакі з гітарамі, акардэонамі і спявалі для моладзі самыя розныя хіты, нават на заказ. Так і вечар бег хутчэй, і настрой мяняўся. Спявалі штодзень, да самага заканчэння каранціна.
Мая суразмоўца прыехала дадому разгубленая, яна ў свае 19 гадоў такой дабрыні ад людзей ніколі не бачыла. Мне і самой не верыцца, што такое было і ёсць. Калі праглядваеш сацыяльныя ролікі, чытаеш пасты ў сацсетках, заўсёды думаеш, што ёсць там нотка фантазіі і перабольшвання, каб прыгожа гучала ці падымала дух. А вось – ён рэальны расказ зняўся з вуснаў і лёг на сэрца…
І гэта ўжо іншы погляд на пандэмію. А яшчэ адна мая знаёмая медсястра з Брэста ў свае 22 пайшла наперакор бацькам і згадзілася працаваць з каранавіруснымі хворымі. І аргумент у яе быў адзін – а як не пайсці? Ведаю, што некаторыя яе вопытныя калегі нават звольніліся, баючыся хваробы. А яшчэ адна наша з вамі зямлячка, супрацоўніца буйнога прадпрыемства, самаручна пашыла з марлі маскі для сваіх калег, бо іх на першых парах не хапала. І яе ніхто не прасіў. Застаецца толькі здзіўляцца і дзякаваць такім людзям.
Блогеры і мае калегі-журналісты ў гэты складаны час любяць разважаць над тым, што нам у спадчыну пакіне гэты вірус: якіх людзей, імунітэт, эканамічныя абставіны, якія каштоўнасці? Так, напэўна мы ўжо не будзем ранейшымі. Ведаеце, з малодшых класаў на ўроках матэматыкі з усіх геаметрычных фігур я больш за ўсё любіла чарціць шматграннік. І не дарэмна, думаю. Якраз у шматграннасці наша сіла і наша выратаванне. На любую сітуацыю можна і нават добра глядзець з розных бакоў, пабачце ўсе грані і ў сітуацыі з пандэміяй – тады будзе прасцей яе перажыць.