Вучань ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Івацэвічы» Андрэй Олкаў стаў адным з пераможцаў другога этапа анлайн-конкурсу «Клёвыя канікулы».

Конкурс быў арганізаваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй падчас вясенніх канікул.
На працягу тыдня кожны дзень школьнікі атрымлівалі анлайн-заданні. У іх ліку былі, напрыклад, такія: зрабіць трэніроўку ў хатніх умовах, правесці віртуальную экскурсію па родным горадзе, прыгатаваць дэсерт для сям’і, арганізаваць скайп-вечарыну і правесці літаратурны вечар. Затым у сваіх акаўнтах у сацсетках яны размяшчалі фатаграфіі аб іх выкананні пад аднайменным хэштэгам #клёвыяканікулы. Рабяты, якія выканалі ўсе заданні, атрымалі падарункі ад арганізатараў. У намінацыі «Май-
старШэф» і перамог Андрэй Олкаў.


– Ідэя паўдзельнічаць у конкурсе належыць маёй матулі, яна педагог дадатковай адукацыі ў ДУДАДзІМ
«Дом дзіцячай творчасці г. Івацэвічы». Ды і мне хацелася правесці канікулы разнастайна, заданні былі вясёлымі, але і не вельмі простымі, – расказаў Андрэй. – Самым складаным было заданне пра анлайн-экскурсію па родным горадзе. Мы зрабілі ролік з фотаздымкаў нашага райцэнтра, яго знакавых месцаў і падзей з яго гісторыі. Мае сябры дапамаг-
лі мне са скайп-вечарынай, ахвотна паўдзельнічалі ў ёй. Асабліва спадабалася гатаваць дэсерт – мы гатавалі наліснікі з тварагом і чарнічным варэннем. Я сам рабіў цеста, мама выпякала, і я самастойна начыняў іх. І было прыемнай нечаканасцю стаць адным з пераможцаў. Можна сказаць, што перамога была сямейнай. Бо пасля першых заданняў я ўжо ледзь не спыніўся, але бацькі мяне падтрымалі. І я з новымі сіламі ўзяўся за выкананне заданняў.
Маці пераможцы Ала Олкава гаворыць, што праект «Клёвыя канікулы» даў сыну магчымасць зразумець, што цікава праводзіць час можна і па-за віртуальнай рэальнасцю. Бацькі не супраць захаплення сына камп’ютэрнымі гульнямі і ўласным каналам на ютубе, але лічаць, што ўсё павінна быць у меру. А вірутальнае жыццё не павінна засланяць сабой рэальнасць. І гэтаму сапраўды вучаць «Клёвыя канікулы».
Ганна Ільяшэвіч.