Успаміны бабулі Жэні з Харошчы

Усё далей і далей адыходзіць Вялікая Айчынная вайна. І ў юбілейную гадавіну 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Мілейкаўскім сельсавеце пражывае, на жаль, толькі адзін ветэран. Гэта інвалід Вялікай Айчыннай вайны Яўгенія Антонаўна Сіткевіч, якая, дзякаваць Богу, яшчэ жыве ў Харошчы і якой у чэрвені споўніцца 93 гады.

Хата Яўгеніі Антонаўны, у якой жыве жанчына адна, выглядае дагледжана. У вялікім пакоі шмат сямейных фотаздымкаў, партрэтаў, а на стале ў цэнтры ляжалі яе ўзнагароды: медалі ў некалькі радоў і ордэн Вялікай Айчыннай вайны – бабуля Жэня чакала нашага прыезду.
Аднак, калі пачалася гаворка, Яўгенія Антонаўна сказала: «Ведаеце, мне і не хочацца ўспамінаць маё дзяцінства. Такое яно было цяжкае. Мая маці памерла, я гадавалася ў мачахі. З малых гадоў я ўсё рабіла: і садзіла, і жала, і капала… Бало (бывала), кароў выганяць на раніцу, а мачаха: «Жэня, уставай, ідзі зелля свінням нарэж. А я боса, па расе іду і плачу, і сама сабе песню жалобную складваю: «Нашто мамачка радзіла на такое горушко, лучшэ б ты, мая радная, бросіла ў морушко…»
У сям’і гадавалася чацвёра дзяцей, і ад мачахі было яшчэ чацвёра. Сям’я атрымлівалася вялікая. І Яўгенія найбольш пакутавала ад таго, што ніхто яе не галубіў, не шкадаваў, як не стала маці. Дзіцячы розум не мог змірыцца са стратай, тым больш, што дзяўчынка бачыла і адчувала, як раптам стала чужой. Хапала найбольш старэйшым. А Жэня была старэйшай. «Мой татачка рабіў, мы нажыналі многа жыта, і ўсяго самі не маглі перарабіць. Мачаха спячэ бліноў і з самага ранку: «Жэня, паеш бліноў і ідзі капай картоплі. Яшчэ людзей на полі нікога няма, а я пайду і, пакуль хто прыйдзе, то мех накапаю. Раз мароз белы зранку, а я боса пайшла капаць тыя картоплі. Халадзіна! Некалі былі поўзанкі, прывязвалі на пояс і поўзалі на каленях. Я прывязала тую поўзанку, аж бачу, мой татачко нясе мне абувацца. Я не схацела, кажу: «Тато, я ўжо нагрэла ногі ў поўзанцы. Ну вось, такая мая жызня была».
А потым пачалася вайна. Брат Жэні, старэйшы з хлопцаў, пайшоў у партызаны. Жэні ў тое лета споўнілася 14 гадоў. Яе бацьку немцы расстралялі ў 1942 годзе. «Тут карны атрад і быў, майго татачку расстралялі за сувязь з партызанамі, – плачучы, расказвае жанчына. – Хату таксама спалілі. І я пайшла ў партызаны. У партызанах я за раненымі і хворымі ўхажвала. Яловыя лапкі ламалі і спалі на яловых лапках. А зімою капалі зямлянкі. А ў зямлянках былі буржуйкі. Як топіш, то аж чырваніць, але хутка ахалодвае і халадно было спаць. На нарах спалі, на яловых лапках. Вот такая жызня была».
Маладая дзяўчына была смелай. Яна хадзіла на заданні, на баявыя аперацыі з партызанамі. Падчас адной была кантужана ў баі. За кантузію далі інваліднасць, але і цяпер скар-
дзіцца бабуля Жэня, што часта і галава баліць, баляць і вушы, і ад гэтага слых парушыўся.
Як вызвалілі раён, Жэня вярнулася ў вёску. «Было гола і боса. Не было ні есці, ні дзе галаву прыхіліць, – успамінае Яўгенія Антонаўна. – Мачаха не прыняла, сказала, у мяне свая сям’я, жывіце, як хочаце. Старэйшы брат у Брэсце ў міліцыю ўладкаваўся, а я па хатах блукала, начавала, дзе прый-
дзецца. Потым папрасіла суседку цётку Кацю, каб узяла мяне на зіму на кватэру. За пражыванне я не плаціла, тады ніхто паняцця такога не меў – браць за гэта грошы. І кармілі яны мяне. Потым мой будучы муж прыйшоў на кастылях, яны яшчэ ў кладоўцы стаяць і зараз. Паранены. Прыйшоў, і сталі мы жыць. Ніхто нас не павіншаваў, ніхто не блаславіў…» Гэта было напрыканцы 1945 года.
Потым сельсавет маладой пары дапамог з матэрыялам на хату. «Якую змаглі, такую і пабудавалі. Адно зруба памаглі, а дах – мы самі крылі саломай. Потым разжыліся каровай. Дзеці пайшлі – іх у мяне было шасцёра. Тры сыны і тры дачкі. Траіх маіх дзетачак ужо няма. Коля і Саша былі тут пахаваныя. Дочачка мая рабіла ў райвыканкаме ў Воранаве, але прычапілася нехарошая хвароба. Даўно ўжо няма», – зноў слёзы заслалі светлыя вочы жанчыны.
Дзеці Сіткевічаў раслі харошыя, добрыя. У вёсцы ніхто не мог пра іх сказаць нічога благога. Дапамагалі і радавалі бацькоў. Міхаіл жыве і працуе ў Івацэвічах кранаўшчыком, Ганна жыве ў Лідзе, а Раіса – у Маларыце. Унукаў ад дзяцей у бабулі Жэні ажно 13, а праўнукаў яшчэ больш – 19.
Яўгенія Антонаўна працавала ўсё жыццё ў мясцовай гаспадарцы. «Спачатку я рабіла ў калгасе на палявод-
стве. Некалі капалі капачкамі, жалі сярпамі. А потым я пайшла за свінарку. І адразу рабіла на малых парасятах, а потым мяне ўзялі на свінаматкі. Я была перадавою свінаркаю, была член праўлення, дэпутатам раённым і мясцовым, мяне вазілі па сабраннях. Я заўсёды з начальнікамі ў прэзідыуме сядзела. Падаркі мне давалі пад музыку на Дзень Перамогі, дзень вызвалення, дзень калгасніка… і як перадавой свінарцы».
Сёння Яўгенія Сіткевіч жыве ў хаце адна. Дзеці, унукі і праўнукі наведваюць яе, тры разы на тыдзень прыходзіць сацыяльны работнік. «Яна мне бліноў напячэ, а кашу і супу якога я яшчэ і сама звару, – кажа Яўгенія Антонаўна. – Дзякаваць, што на нагах яшчэ крыху соваюся, ды галава не падводзіць».
…Вёска Харошча, на думку старшыні Мілейкаўскага сельскага Савета Наталіі Хоміч, вызначаецца добразычлівымі і прыветлівымі людзьмі. Сёння тут 60 з лішкам чалавек зарэгістравана, а пражывае і таго менш. І многія з іх берагуць фотаздымкі дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі за нашу зямлю.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.