Радуніца ў 2020: час памінаць памерлых і думаць пра жывых

На другі тыдзень пасля Пасхі, які яшчэ клічуць Фаміным, прыпадае Радуніца – свята памінання памерлых, напоўненае адначасова і смуткам, і радасцю. Раздзяліць з продкамі радасць Уваскрэсення Хрыста – вось для чаго ідуць на могілкі вернікі.
Па адной з версій, назва гэтага свята звязана менавіта са словам радасць. Дарэчы, ва ўсходнеславянскіх дыялектах ёсць розныя варыянты назвы: Нябожчыцкі Вялікдзень, Радуніцкія Дзяды.
Шанаванне продкаў у беларусаў – з дахрысціянскіх часаў. З гэтым святам звязана шмат народных традыцый.
Радуніца адзначаецца ў аўторак, гэты дзень лічыцца Мёртвай Радуніцай, а панядзелак, што перад ім, – Радуніцай Жывой. У панядзелак людзям дазвалялася працаваць у садзе і агародзе, прыбіраць могілкі. І таксама ў гэты дзень гаспадыні гатавалі святочны абед, каб раздзяліць яго пасля з продкамі ў месцах пахавання. Лічылі так: хто першы прыедзе на Радуніцу на могілкі, той атрымае асаблівую падзяку і заступніцтва продкаў.
А што з сабой неслі? Абавязкова яйкі, пафарбаваныя ў шалупінні, пірагі, а таксама яечню, кашу, куццю. пафарбаванае яйка ці проста клалася на магілку, ці закопвалася ў зямлю, а магілкі накрывалі рушнікамі, на рушнікі ставілі ежу. Бывалі і застоллі, і песні нават. Ёсць такая прымаўка: «На Радуніцу з раніцы пашуць, у абед плачуць, а вечарам скачуць».
Ёсць і такое павер’е: у памінальны дзень можна ўбачыць прарочы сон ад бацькоў, калі папрасіць пра тое ў продкаў і пакланіцца тры разы ля іх магіл. І вось такі цікавы абрад праводзілі на Радуніцу – абрад «аклікання» дажджу. Рабілі тое дзеці. Як бачылі воблака, крычалі: «Палівай, дождж, на бабіна жыта, на дзедаву пшаніцу, на дзявочы лён палівай вядром». А як пачынаўся дождж, дык мыліся дажджавой вадой – гэта павінна было прынесці шчасце, а дождж на Радуніцу ў цэлым – да добрага ўраджаю. Дзяўчаты мыліся дажджавой вадой праз пярсцёнкі. Лічылася, што гэта захавае іх маладосць і прыгажосць.
Да гэтай пары кажуць, што на Радуніцу лепш не ісці на могілкі цяжарным жанчынам. І пасля наведвання могілак трэба абавязкова мыць рукі і нічога не несці адтуль дахаты.
Сёлета Радуніца выпадае на 28 красавіка, гэта дзяржаўнае свята ў нашай краіне. Вядома, многія людзі збіраюцца на могілкі, дзе пахаваныя продкі. Гэты год складаны для краіны, для ўсяго свету… Мы вымушаны па магчымасці заставацца дома, каб не дапусціць распаўсюджвання COVID-19, калі клапоцімся пра сваё здароўе, пра дабрабыт родных і блізкіх, пра медыцынскіх работнікаў. Перш, чым сабрацца ў дарогу, спыніцеся на хвілінку і падумайце аб тым, што патрэбна сёння мёртвым і што патрэбна жывым.
Падрыхтавала
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.