Фермерства як сямейны падрад. Як жыве и працуе сям’я фермераў з Краглевіч

Фермерская гаспадарка «Краглевічы» і фермерская гаспадарка «Аўрусевічы» – гэта нераздзельная па духу сямейная справа Віктара Карповіча і яго зяця Генадзя Аўрусевіча, якія жывуць у Краглевічах. Мужчыны «ўцягнулі» ў фермерства ўсіх сямейнікаў: жонку Віктара Іванавіча – Алену Віктараўну, дачку Кацярыну (па мужу Аўрусевіч) і дачку Валянціну. У валоданні кожнага з фермераў па 40 гектараў, і тры гектары дапаможнай гаспадаркі – у Валянціны. Але гэта па дакументах. У жыцці – уся выдзеленая зямля апрацоўваецца родам Карповічаў разам, разам вырошчваецца, збіраецца і рэалізуецца ўраджай. І фінансы – пароўну. Як кажуць: і ў радасці, і ў смутку – усё папалам.

Прыклад патрыярхальнага ўкладу жыцця дзеда Віктара – сёння вялікая рэдкасць, але гэта самае каштоўнае для іх пяці ўнукаў, якія адчуваюць сябе ў вёсцы шчаслівымі, бо ў іх ёсць усё, акрамя хіба што «чортавага кола». А з другога боку – разам весела, дружна і надзейна. Добра і вяскоўцам, бо Карповічы ніколі не адмовілі ў дапамозе ў грамадскіх вясковых справах, дапамагаюць і нямоглым, і
адзінокім жыхарам вёскі.

Шлях да сваёй справы
Аб гэтым расказала гаспадыня Алена Віктараўна з дочкамі, калі мы ў свята прыехалі да іх.

Мужчын дома не было, яны паехалі па насенне і іншых фермерскіх справах, а жаночая палова чакала нашага прыезду на прасторнай верандзе за сталом на ўсю даўжыню памяшкання і з адмысловымі лаўкамі, зробленымі з густам пад даўніну. За кубкам чаю з самавара і вялася гаворка…
– Выбар работы ў вёсцы невялікі. Калі мы прыехалі жыць у Краглевічы, я пайшла працаваць даяркай, а муж кім і дзе толькі ні працаваў. І даглядчыкам, і конюхам, і ў брыгадзе паляводаў… Сем гадоў таму на сямейным савеце вырашылі, што нечым самім трэба займацца. Ідэю падаў галава нашай сям’і Віктар Іванавіч, які даўно сябруе з фермерамі Тамарай Міхайлаўнай і Васілём Васільевічам Камякамі з Коланска, – расказвае гаспадыня. – Віця мой наглядзеўся на яго і вырашыў заняцца і сам фермерствам. Тамара і Васіль Камякі нам дапамагалі, вопытам дзяліліся. У іх значна большая гаспадарка, мы ж на сваіх палях вырошчваем толькі моркву і бульбу, бульбу раннюю. Гэта асноўныя культуры. Для севазвароту ёсць палі пад луг, сенакос, сеем збожжавыя, буракі, капусту ўпершыню паспрабавалі летась пасадзіць – не пашкадавалі, усю рэалізавалі.
– З чаго пачыналі?
– Моркву садзілі. Адразу ўзялі на дапаможную гаспадарку па тры гектары на дзве сям’і: я з мужам і дачка з мужам. Першы год быў не вельмі. Не хапіла грошай нават пакрыць усе расходы. Працавалі самі, сям’ёй…
– Не хацелася кінуць пасля першай спробы?
– Не-не. Наадварот, яшчэ больш упарта ўзяліся. Памылкі былі, як разумеем цяпер. Але ж як іначай набрацца вопыту ў вырошчванні? Раіліся з Камякамі пастаянна. А праз некалькі гадоў замахнуліся на 80 гектараў. Сёння мы ўжо і самі ведаем, чым апрацаваць, каб жучок, чарвячок не пашкодзіў морквачку, калі падкормку ўнесці, пры якіх умовах лепш наогул не ўносіць, каб не нашкодзіць культуры.
З 2013 года пачынаецца адлік краглевіцкіх фермерскіх гаспадарак: адна гаспадарка называецца «Краглевічы», другая – «Аўрусевічы». Працуюць сем’і разам, не падзяляючы, што гэта поле маё, гэта зяцева, а гэта – дапаможнай гаспадаркі дачкі Валянціны.
– У нас усё разам. І ўраджай дзеліцца, і няўдачы – на траіх. І выручку дзелім на тры сям’і, – дадае дачка Кацярына Аўрусевіч.
– Тэхнікай калі пачалі абзаводзіцца?
– Адразу – трактарам, сеялкай, – кажуць жанчыны. – Астатняе куплялі паціху. Грошы пазычалі ў сваякоў, свае зберажэнні ўсе падчыстую ўклалі ў агульную справу. Бралі і аддавалі, часткамі. Не было такога, каб трактар з завадскога канвеера ўзялі, але глядзелі, каб больш-менш новы, у добрым стане. Цяпер у нас два трактары. На адным працуе Сцяпан Яшын, на другім – Аляксандр Крыўко. І за рулём ЗІЛаў – нашы мужчыны.
У ліку работнікаў і гаспадыня, яна аформлена рабочай, дочкі дапамагаюць. Жонка Сцяпана Ніна іншы раз прыходзіць дапамагчы, яна дамашняя гаспадыня.
– Праблем з рэалізацыяй не адчуваеце?
– Самае галоўнае не вырасціць, а прадаць, – падкрэслівае гаспадыня. – Першыя гады фуры стаялі з пачатку сезона каля палёў, забіралі ўсё оптам на Расію. Потым сітуацыя змянілася, і мы сталі больш вектар продажу скіроўваць на Целяханскі філіял, на Івацэвіцкае райспажыўтаварыства. У дочак добра атрымліваецца прадаваць на кірмашах, рэалізоўваць прадукцыю праз сацыяльныя сеткі. Падумваем, каб міні-рынак адкрыць насупраць Дома культуры, там месца зручнае, людзям праезджым і вяскоўцам было б добра.
– Які год быў лепшы з сямі?
– Самы ўдалы быў 2018 год. Раздалі ўсе пазыкі і натхнёныя вырашылі: трэба яшчэ што-небудзь пасадзіць. Пасадзілі ў 2019-м капусту, буракі. Да гэтага капусту не садзілі. З «Еўраопта» казалі, што наша капуста надта смачная. Шчыра скажу, з усіх гадоў быў адзін добры.
– Дарэчы, а чаму смачная? Ёсць які сакрэт?
– Не ведаем. Звычайны гатунак «Беларуская». Мо, што на перапрэлым гноі вырашчаная. Экалагічна чыстая. Дарэчы, мы ўсю бульбу, моркву садзім, уносячы натуральнае ўгнаенне – гной.
– А самы складаны год, памятаеце?
– Адзін год вымерзла морква, – уступае ў гаворку трактарыст Сцяпан Яшын, да якога з яго жонкай Нінай у гэтай сям’і адносіны як да сваякоў. – Моркву сеем на тарфяніку. Замаразкі яна пераносіць добра, а тады чатыры дні стаяў мароз… Але не змаглі пакінуць яе ў полі, усю выбралі, завязлі ў сховішча, а потым з яго ўсё вывозілі на ферму ў калгас, бясплатна…
– Як суцяшаеце адзін аднаго ў такія хвіліны?
– Нічога страшнага, – адказвае гаспадыня. – Таблетак не п’ём. Жывём, працуем далей. Хлопцы нашы – фанаты. Валя разышлася з мужам, а Кацін і мой муж – са світанку і да ночы працуюць, гатовы начаваць у полі.
– Чаму не жывёлагадоўля?
– Прадукцыю раслінаводства лягчэй прадаць. Але, магчыма, будзем думаць і аб жывёлагадоўлі. Трэба паспрабаваць, каб не думаць, куды падзець некандыцыю. Няхай бы жывёла кармілася.
– Хто даходы лічыць?
– Віця з Генадзем. У Віці ўсё гарыць у руках, ён плануе, а Гена дзесяць разоў падумае, перш чым што рабіць, ён з дакументамі працуе. Але разам у іх атрымліваецца добра. А бухгалтара для справаздач наймаюць.
– Якую параду можна даць людзям, каб ураджай добры вырасціць?
– Морква роўная, добрая на тарфяніку расце, а бульба любіць перагной – вось і ўвесь сакрэт, – кажа трактарыст.
– Думаю попыт будзе сёлета на бульбу…
– Спадзяёмся, – адказвае гаспадыня. – Насенне дарагое. Гібрыды. Грошай укладваць вельмі многа трэба. Але што на гэта глядзець, трэба працаваць.

Сям’я
Віктар Карповіч і Генадзь Аўрусевіч родам з Краглевічаў. Але ў кожнага была свая сцяжынка ў жыцці, якая вывела абодвух назад у родную вёску на агульную дарогу да фермерства. Віктар Іванавіч у свой час скончыў гідрамеліярацыйны тэхнікум у Пінску, да арміі працаваў на трактары, потым на заводзе ЖБВ у Івацэвічах. Неяк на Купалле з сябрам трапіў на свята ў Стайкі, дзе з выязным гандлем прыехала на Купалле Алена Віктараўна. Яна сама стайкаўская, старэйшая з чатырох дзяцей. На Купаллі пазнаёміліся маладыя людзі, і гэты дзень стаў для абодвух самым шчаслівым у жыцці. Штогод на Купалле з тае пары сям’я адзначае знакавую сустрэчу. Летась было жамчужнае знаёмства – 30 гадоў. Муж заўсёды дорыць Алене Віктараўне парфуму ў гэтае свята.
Сустракаліся маладыя мала, вяселле згулялі зімой. У студзені сёлета згулялі жамчужнае вяселле.
– Памятаю, сваты прыехалі з Краглевіч вялікім аўтобусам. Мо, чалавек 30, – расказвае Алена Віктараўна. – Мы сустрэлі іх падрыхтаванымі. У Стайках выкупілі мяне, нявесту, прыехалі ў Краглевічы і вяселле гулялі тут разам.
Напачатку маладыя жылі ў Баранах. Калі малодшай Валі было тры гады, вярнуліся ў Краглевічы, да бацькоў Віктара Карповіча, якім трэба была дапамога. Гэта было ў 1995 годзе, і чатыры гады жылі разам. Нявестка са свекрывёю ладзілі. Алена Віктараўна на кухні была гаспадыня, бо па адукацыі повар, а свякроў – па гаспадарцы ўпраўлялася. Працавала нявестка ў калгасе даяркай, на досвітку ўставала, калі не паспявала што зрабіць, свякроў дапамагала. І сёння Алена Віктараўна з удзячнасцю ўспамінае свякроў за дабрыню і спагадлівасць, за шчырае сэрца. Кажа, што лепшай ні ў каго ў вёсцы не было.
У 1999 годзе Карповічы атрымалі кватэру. Гэта дом, у якім і цяпер жывуць. Выкупілі, робім рамонт, казала гаспадыня. І ў дочак свае дамы. «У мяне застаўся бабулін дом, бабуля памерла, а Валі тата купіў», – дадае Кацярына.
Генадзь Аўрусевіч жыў праз дарогу ад Карповічаў. 15 гадоў таму стаў зяцем, узяўшы ў жонкі Кацярыну, якая толькі-толькі скончыла школу. Генадзь вучыўся ў Пінскім індустрыяльным тэхнікуме, працаваў майстрам у Івацэвіцкім СПТВ (цяпер ліцэй), ездзіў на заробкі ў Маскву, а потым далучыўся да фермерства. Аўрусевічы адзначылі сёлета 15 гадоў сумеснага жыцця.
– Вы былі не супраць дачку так рана аддаваць замуж?– звяртаюся да Алены Віктараўны.
– Што такое замуж? У вёсцы кажуць: бабы каюцца, а дзеўкі збіраюцца…
– А хто пытаў у яе, – дадае Кацярына і смяецца. – Ён мяне гадаваў для сябе з дзяцінства. На танцах убачыў, як падрасла, адразу закахаўся, а школу скончыла – у сваты.
– Не шкадуеце, што ў вёсцы засталіся?– пытаюся ў дачок, прыгожых маладых жанчын.
– Мы за вёску. Заўсёды, – адказвае Кацярына. – У нас трохпакаёвая кватэра ў Івацэвічах: трое дзяцей – вось і атрымалі. Чаго ты не жывеш там, пытаюцца знаёмыя. А што мне там рабіць? У нас такая прыгожая вёска! Свабодна, па двары пахадзіць можна. Машына ёсць, сеў і паехаў, куды трэба. На танцы ў Івацэвічы, на мадэльнае дэфіле старэйшых дзяцей важу. Яны не адчуваюць, што жывуць у вёсцы. У Целяханах ёсць школа спартыўная, ездзім і туды. Дачка адна кажа, што ў нас не хапае «чортавага кола», а астатняе ўсё ёсць. А што кватэра? Клетка.
А дачка Валянціна – швачка. У яе двое дзяцей. Дзеці, практычна, гадуюцца разам. Прадалі моркву – сабраліся разам на чай, на шашлык. Гулялі ў мяч і дзеці, і дарослыя.
– Макіяж, стрыжкі модныя ў вёсцы не праблема? – цікаўлюся.
– Я навучылася і раблю ўсім манікюр, – кажа Кацярына. – Бровы самі сабе робім. А не, то Яніна прыяз-
джае. Яна працуе ў Івацэвічах, сюды прыязджае, прыгажосць навядзе і паехала назад. У любой вёсцы цяпер так. І па мужчынскай справе праблем няма. У вёсцы жыве большасць умелых хлопцаў, рукі залатыя ў многіх. Ездзілі на заробкі ў Маскву, там многаму панавучваліся. Цяпер ніхто нікуды не едзе, то стараюцца рамонт дома зрабіць.
– А што любяць есці вашы мужчыны?
– Сала любяць. І ўнукаў навучылі есці салёнае, са скрыні. У мяне так не атрымліваецца пасаліць, як у бацькоў, – кажа Кацярына.
…Развітваліся мы ледзь не сябрамі. Запрашалі ў госці гасцінныя краглевіцкія людзі, якія знайшлі сябе ў фермерстве. Нялёгкая гэта справа, але калі з аптымізмам, дружна, то і па плячы. Ды і апора яны для вяскоўцаў у любой справе. Надзею маюць на прадаўжэнне фермерства. Разлічваюць на меншых унукаў. Тыя з імі ўсюды.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.