Жаночая бойка ў школе ў Івацэвічах, або пра тое, як можна прымусіць паважаць сябе і саперніцу, і нават суд

Гэтыя дзве жанчыны пражываюць у Івацэвічах, кожнай прыкладна каля 30 гадоў. Яны не сяброўкі, нават не знаёмыя паміж сабой, але раптам у адной з іх – назавём яе ўмоўна А. – узніклі рэзкія непрыязныя адносіны да другой – да Д. Аснова канфлікту – мужчына. А. нават стала высвятляць, дзе жыве Д., каб «разабрацца».
Не знайшла, але шляхі-дарожкі абедзвюх жанчын хутка перасекліся ў адной з сярэдніх школ Івацэвічаў, куды кожная з іх прыводзіць дзіця на заняткі. Паміж імі ўспыхнула сварка, якая тут, у школе, перарасла ў патасоўку. Жанчын супакоілі, але яны вырашылі давесці да канца «разборкі» па-за межамі навучальнай установы: селі ў аўтамабіль адной з іх, ад’ехалі на некалькі дзясяткаў метраў – і зноў пачалі высвятляць адносіны – спачатку знявагі, пасля яны пачалі штурхацца і біцца. Д. выскачыла з аўтамабіля, накіравалася ў райбальніцу, каб зняць пабоі, бо былі вырваны пасмы валасоў, на твары з’явіліся невялікія гематомы і парэзы (хутчэй за ўсё ад пазногця).
Пасля Д. звяртаецца ў міліцыю, праз пэўны час пратакол прыходзіць у суд. Прымірэння паміж жанчынамі не адбываецца, пачынаецца разгляд справы…
Вось на які момант жадаю звярнуць увагу. У ходзе судовага пасяджэння А. не спрабавала сябе абяліць, не падманвала, а адкрыта і цвёрда сказала, што хацела «папулярна» патлумачыць саперніцы: не варта заглядвацца на чужога мужчыну. Не лічыць сябе вінаватай у тым, што вырвала валасы ці падрапала твар саперніцы, папярэдзіла: калі гісторыя паўторыцца, то яна зноў-такі сябе стрымліваць не будзе. Суд пакараў А., яна нават заплаціла 100 рублёў Д. за маральныя пакуты, але пакінула суд, як кажуць, з горда ўзнятай галавой.
Чаму мне, як суддзі, спадабалася цвёрдая і непахісная пазіцыя А.? Справа ў тым, што нярэдка ў судзе абвінавачаныя вядуць сябе непрыгожа, проста брыдка, спрабуюць абяліць сябе, калі факты сведчаць, што чалавек адназначна вінаваты.

Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.