Мужчына з Івацэвіч правучыў суседа з дапамогай… відэакамеры

Гэтыя двое немаладых мужчын з Івацэвічаў суседзі. Ужо даўно сапсаваліся іх адносіны, і стаць сябрамі ім, відаць, ужо не суджана.
Дык вось: у суд звяртаецца адзін з гэтых мужчын – В. Маўляў, мяне ў адзін з дзён зневажаў сусед Г., у мой адрас ляцелі мацюкі і абразы. Разглядаю гэтую справу, але, высвятляецца наступнае: у В. няма ніякіх сведкаў, а Г. прыйшоў з двума, якія сцвярджаюць, што падобнага не было.
Справа спынена за недаказанасцю, але В. папярэджвае суседа і звяртае ўвагу суддзі, што збіраецца размясціць на сваім участку відэакамеру – якраз насупраць плота паміж нашымі ўчасткамі, каб даказаць, што яго абражаюць.
Праходзіць два месяцы – і вось зноў паступае ў суд пратакол, які тычыцца ўзаемаадносін гэтых двух суседзяў. Але на гэты раз да пратакола прымацаваны дыск з відэазапісам. Прагляд і праслухоўванне даюць больш чым дакладную інфармацыю: Г., выкарыстоўваючы ненарматыўную лексіку і мацюкі, насамрэч абражаў В. Пацярпелы мужчына, атрымліваецца, казаў праўду.
Як тлумачыў свае паводзіны ў судзе Г.? Ён паведаміў, што гэтыя абразлівыя словы яго тычыліся… ката, які ўкраў рыбу! Сорамна было слухаць Г. – факты сведчылі, што яго брудныя словы і мацюкі гучалі ў адрас В. Як вынік, Г. быў прызнаны вінаватым і заплаціў штраф за непавагу і знявагу свайго суседа. Напомню: В. пасля першага пасяджэння папярэджваў, што ўстановіць камеру відэаназірання, але Г. прапусціў гэта міма вушэй.
І паплаціўся.
З дзвюма гісторыямі я вас пазнаёміў, шаноўныя чытачы. У адным выпадку жанчына А. ў ходзе судовага пасяджэння вяла сябе адкрыта і шчыра, а ў другім мужчына Г. выдумваў самыя розныя небыліцы. Гэта не дапамагло яму. Дык, можа, ёсць сэнс шчыра прызнацца ў непрыгожым учынку, а не несці такую хлусню, ад якой самому сорамна? А яшчэ лепш наладзіць адносіны з суседам і паспрабаваць жыць у дружбе.
Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.