Мабільны тэлефон «слепіць» вока злодзею

«Бешмет в заплатках, зато оружие в серебре», – так характарызаваў прадстаўнікоў некаторых горскіх народаў Каўказа герой Лермантава. «Оружием в серебре» цяпер для некаторых нашых землякоў становіцца смартфон. Нярэдка прыходзіцца здзіўляцца наступнаму: у чалавека няма нармальнага даходу, ён толкам нідзе не працуе, але, разам з тым, мае смартфон ледзь не за 1 000 долараў.
Дарагая «цацка» трапляе на вочы злодзею і пачынае спакушаць…
Так, адна наша зямлячка сустрэла ў Івацэвічах нецвярозага мужчыну, запрасіла ў кватэру, дзе, спажываючы спіртное, бавілі час яе сябры. Жанчыну ўразіў тэлефон новага знаёмага – сучасная мадэль, прыгожы, дарагі. Пасля яна непрыкметна пацягнула гэты смартфон і з другім членам кампаніі з’ехала ў суседні раён, а абакрадзены мужчына звярнуўся ў міліцыю.
Штосьці падобнае адбылося з другім жыхаром Івацэвічаў, які папрасіў знаёмага даць яму тэлефон пакарыстацца на непрацяглы час, а пасля з’ехаў з чужой рэччу ўвогуле за межы Беларусі – у Расію. І ў дадзеным выпадку ўзбуджана крымінальная справа, а сам выпадак здзіўляе тым, што гэты мужчына, які забраў дарагую рэч, раней судзімы за… крадзеж тэлефона.
Як правіла, усе крымінальныя справы, звязаныя з крадзяжамі мабільнікаў, раскрываюцца. Гэта павінен ведаць і разумець кожны, каму «слепіць» вока прыгожая і дарагая «цацка»…
Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення
крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.