У вадаёма Журавец з’явіліся новыя гаспадары, якія плануюць зрабіць яго ідэальным

У нашым раёне дастаткова многа людзей, апантаных працай на зямлі, – фермеры, гаспадары асабістых дапаможных гаспадарак… Але ёсць мужчыны, якія пажадалі рызыкнуць у такой малазведанай справе, як арэнда вадаёма для арганізацыі рыбаводства і аматарскага рыбалоўства.

Знаёмцеся: Міхаіл Карповіч і Міхаіл Ярута, жыхары Целяхан, якія прыкладна год назад сталі гаспадарамі вадаёма Журавец, што знаходзіцца на тэрыторыі Жытлінскага сельсавета, каля аўтамагістралі Р6 «Івацэвічы-Пінск-Столін» (за 3-4 кіламетры ад вёскі Вялікая Гаць).
У згодзе з маці-прыродай
Міхаіл Ярута і Міхаіл Карповіч маюць багаты практычны вопыт «узаемадзеяння» з прыродай, разумеюць, што, узяўшы дадзеную сажалку (па дакументах – Журавец менавіта сажалка, воднае люстэрка якой каля 150 гектараў) у арэнду, дзейнічаць трэба асцярожна і без «рэвалюцый», у згодзе з маці-прыродай, як сказалі яны аўтару гэтых радкоў. Журавец – своеасаблівы вадаём, трэба правільна выкарыстоўваць яго моцныя бакі.
Так, гэта шчупаковы вадаём, спінінгісту ці аматару лавіць драпежніка на кружкі і жыўца цяжка знайсці лепшае месца ў Івацэвіцкім раёне. Схлусіць не дадуць непасрэдна рыбаловы, якія тут «тусуюцца» на рэгулярнай аснове. Аўтар гэтых радкоў пагутарыў са спінінгістам Паўлам Мартыненкам, жыхаром Івацэвічаў, які пацвердзіў, што рыбалка тут звычайна больш паспяховая, чым дзе-небудзь яшчэ на Івацэвіччыне. Нядзіўна, што ёсць аматары, якія прыязджаюць сюды «спінінгаваць» і з другіх раёнаў. Тым больш, нярэдка трапляюць і даволі буйныя экзэмпляры – па 3-4 кілаграмы, а мінулай восенню былі вылаўлены шчупакі на 7 і 9 кг. Гэтая драпежная рыба тут добра нерастуе, хутка расце, бо маецца неблагая кармавая база (карась, уклейка), таму аматарскае рыбалоўства стала цудоўным бонусам для новых арандатараў.
Спінінгісты прыязджалі і заўжды будуць прыязджаць на Журавец. Дзённы кошт рыбалкі – 5 рублёў.
«Нашы карпы самыя смачныя!»
З другога боку, Журавец – вадаём з абмежаваным відавым складам. Шчупак, карась, лінь, уклейка – вось, бадай, і ўвесь пералік рыб, што тут меліся да нядаўняга часу. Новыя арандатары вырашылі зарыбіць (і ўжо зарыбілі) сажалку карпам, амурам, плануюць запусціць сюды і таўсталобіка. Першы «транш» карпа – 600 кілаграмаў рыбы вагой каля 400 грамаў кожнай асобіны – запушчаны летам мінулага года. Мужчыны былі ўпэўнены: карп зможа добра расці і без штучнага кармлення, без камбікорму.
– Вадаём багаты кармавым матылём, прыродным кормам, – патлумачылі аўтару гэтых радкоў Карповіч і Ярута. – Мы былі ўпэўнены, што карпу тут спадабаецца. Не памыліліся, бо тыя 600 кілаграмаў рыбы па 400 грамаў кожная зараз «вярнуліся» асобінамі ад 1,5 да 2-х кілаграмаў кожная. І рыба наша смачная – гэта адзначаюць многія, бо набірала яна вагу, спажываючы натуральны корм, а не камбікорм… У бягучым годзе зноў зарыбілі Журавец – карпам (2100 кілаграмаў) і амурам (500 кілаграмаў), больш дробнымі асобінамі. Спа-
дзяёмся, што шчупак не моцна будзе атакаваць «навічкоў»… Паўторымся, тут добрая «паша» для мірнай рыбы, таму і амур, і таўсталобік галадаць не будуць…
Час паказаў, што мужчыны не памыліліся ў сваіх разліках: прамысловая рыба сапраўды расце няблага. Іншая справа, што арганізаваць рыбалку на карпа не так і проста: Журавец знаходзіцца ў топкім месцы, да яго берагоў амаль немагчыма дабрацца, за выключэннем невялічкага «порціка» каля аўтамагістралі Р6. Амаль на 100 працэнтаў рыбалка магчыма толькі з лодкі. Гаспадары вадаёма зараз думаюць над тым, як вырашыць праблему з умацаваннем берага хаця б на невялічкім участку. Дарэчы, яны ўжо ўзвялі альтанку на востраве Жураўца, дзе можа адпачыць лодачнік, які захоча размяць ногі.
– Мы прыйшлі надоўга, нашы капіталаўкладанні доўгатэрміновыя, – падкрэсліў напрыканцы Міхаіл Карповіч на развітанне. – Гэта хобі, якое стала нашай работай. Мая жонка Ларыса Канстанцінаўна трохі злуецца, але ўсё роўна перажывае за агульную справу. Думаем, што з цягам часу зможам прапанаваць пакупніку прыроднага карпа, які не камбікормам выкармлены, а набраў вагу на прыродных кармах. Гэта і ёсць сапраўднае здаровае харчаванне…
Аляксандр ГОРБАЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).