Мерапрыемствы да Дня Перамогі і эпідсітуацыю абмеркавалі на нарадзе ў Лукашэнкі

Мерапрыемствы да Дня Перамогі і эпідсітуацыю 3 мая абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што план мерапрыемстваў да Дня Перамогі быў прадстаўлены даўно. “Мы пакуль рухаемся ў гэтым плане. Больш таго, больш шырока разглядалі мерапрыемствы ў сувязі з вучэннямі НАТА ля нашых граніц. Мы, па-мойму, ні на міліметр не адступілі ад таго плана, які з вамі намецілі ў плане рэагавання на тыя мерапрыемствы, якія Паўночнаатлантычны блок планаваў ля нашых граніц. Праўда, крыху адкарэкціравалі пасля таго, калі было заяўлена, што НАТА не плануе маштабных мерапрыемстваў, як гэта было раней. Адпаведна, і мы больш стрымана рэагавалі на гэта”, – заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, некаторыя вайсковыя падраздзяленні цяпер знаходзяцца на палігонах, прадаўжаюць вучэнні. “Але ў асноўным войскі вернуты ў казармы – месцы пастаяннай дыслакацыі”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Яны паміралі дзеля нас” – Лукашэнка аб важнасці правядзення парада ў Дзень Перамогі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае глыбокае ідэалагічнае і эмацыянальнае значэнне парада ў гонар 75-годдзя Перамогі. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе.

“Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыянальная, глыбока ідэалагічная рэч. Трэба помніць, што тыя людзі (удзельнікі вайны. – Заўвага БЕЛТА) паміралі, можа, і ад вірусаў, іншых хвароб. Але яны гэта не адчувалі часам і аб гэтым не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, – скажуць, што спалохаліся”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў арганізатараў, што калі будзе прынята гэта прапанова, то “нікога цягнуць на гэта мерапрыемства не трэба”. “Не хочуць людзі, баяцца, берагуць здароўе – мы гэта зразумеем. Дастаткова сёння жадаючых – тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэта мерапрыемства прайшло”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сярод жадаючых наведаць парад ёсць і ветэраны Узброеных Сіл. “Удзельнікаў вайны засталося зусім няшмат. Яны разумеюць, і мы павінны іх зберагчы. Хоць яны і першыя запатрабавалі, каб іх прывезлі на гэта мерапрыемства. Зразумела, што ім ужо за 90. Падумаем, як з імі быць. Я прытрымліваюся сваёй тактыкі – старых людзей трэба паберагчы. Мы ўсе бачым, што ўсе гэтыя інфекцыі перш за ўсё чапляюцца за старых, хоць хварэюць і маладыя. Таму нікога на гэта масавае мерапрыемства цягнуць не трэба”, – сказаў Прэзідэнт.

“Мяне вельмі хвалюе, што людзі не адобраць, калі мы, спалохаўшыся, разбрыдзёмся па норах. І наогул, Беларусь – гэта жывы помнік той вайны. І я думаю, што ў гэты дзень тут маглі б прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў”, – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што асобныя расійскія дэпутаты і сенатары таксама выказалі жаданне наведаць парад у Мінску. “Мы вітаем гэта. Няхай прыязджаюць. Калі трэба для гэтага выдзеліць сродкі сувязі, мы забяспечым. У нас аэрапорт адкрыты. Думаю, мы з кіраўніцтвам Расіі дамовімся аб пералёце жадаючых пабываць у нас. Мы ад нашых сяброў і братоў не закрываем дзверы”, – запэўніў беларускі лідар.

У цэлым Прэзідэнт упэўнены, што парад – гэта не самае небяспечнае з пункту гледжання эпідэміёлагаў і вірусолагаў мерапрыемства. “Таму што яно будзе арганізавана як належыць. Аб гэтым мы пазней скажам. Магчыма, і з трыбуны гэтага парада”, – сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ні ў мінулыя, ні ў наступныя святы і выхадныя дні абмежаванняў у краіне не ўводзілася, і людзі самі вырашалі, дзе ім быць. “І трэба адзначыць, мы гэта заўважылі, людзі вельмі акуратна ставяцца да свайго здароўя. Неяк разгрупаваліся. Не было гэтага збору людзей”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: у Беларусі ўдаецца стрымліваць захваральнасць у цэлым

“На сённяшні дзень удаецца стрымліваць захваральнасць у цэлым. Што датычыцца інфекцыйных захворванняў, то мы ідзём дакладна ў тым прагнозе, які быў два месяцы таму даложаны мне Міністэрствам аховы здароўя і спецыялістамі, якія займаюцца непасрэдна інфекцыйнымі захворваннямі”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка вобразна адзначыў, што армія 41-га года і армія 45-га – гэта дзве розныя арміі, падкрэсліўшы, што сістэма аховы здароўя, урачы ў Беларусі ўжо атрымалі неабходны вопыт лячэння тых, хто захварэў, і навучыліся правільна дзейнічаць у цяперашніх умовах.

Кіраўнік дзяржавы ў якасці станоўчага моманту адзначыў, што ў краіне навучыліся лячыць людзей амбулаторна – дома і ў санаторыях. “Для гэтага задзейнічалі паліклінічную сістэму. Гэта значыць, не толькі бальніцы, але і паліклінікі працуюць на лячэнне гэтых людзей. Разам з МУС усіх, каго адправілі на амбулаторнае лячэнне, кантралююць, – сказаў ён. – Гэта значыць, выпрацавана дакладная сістэма. Малайцы”.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пасля пандэміі ўжо можна будзе, з улікам атрыманага вопыту, пагаварыць з народам асобна, як трэба жыць, якія ўрокі і высновы зрабіць.

“Абсалютна падтрымліваю меркаванне спецыялістаў, што з гэтымі бедамі, рознымі вірусамі нам давядзецца жыць. Іх будзе ў будучым не менш. Таму што мы нахабна ставімся да навакольнага асяроддзя, да прыроды і нават адзін да аднаго. І гэта бяда і нават вось гэты псіхоз, які разгарнуўся, інфадэмія, як мы называем, часткова пойдзе на карысць людзям у тым плане, што прымусіць нас падумаць, як жыць далей”, – упэўнены кіраўнік дзяржавы.

У цэлым ён падкрэсліў, што ніякай катастрофы няма, але пакуль нельга расслабляцца. “Нам трэба напружана вытрымаць да пачатку лета. Думаю, што з божай дапамогай мы неяк справімся, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Губернатары на гэта нацэлены. У іх пасяўная кампанія – праблема нумар два. Галоўная праблема – дапамагчы ўрачам, Міністэрству аховы здароўя ў гэтай рабоце”.

Прэзідэнт таксама заклікаў падтрымаць урачоў. “Асабліва ўрачоў асноўных бальніц. Яны стаміліся. Гэта ж няпроста. Калі ты ўжо апрануўся, зайшоў у ачаг, то засцерагаешся да такой ступені, што не можаш нікуды выйсці. Галоўнае цяпер – падтрымаць урачоў. У тым плане, што вельмі стамляюцца людзі. Над імі таксама стаіць гэта праблема”.

Лукашэнка: галоўнае для нас сёння – гэта лячэнне людзей – пнеўманіі

“Аналізуючы ўсю сітуацыю, нам асаблівую ўвагу, што мы сёння і робім, трэба звярнуць на пнеўманіі. У нас назіраецца (няхай на 40-50 чалавек за 4 месяцы) прырост пнеўманій да ўзроўню мінулага года. Так, гэта проста мізэр пры нашай сістэме аховы здароўя, але пнеўманіі крыху падраслі. Думаю, па годзе гэта сітуацыя выраўняецца і гэтак далей. І мы бачым, што галоўнае для нас сёння – гэта лячэнне людзей – пнеўманіі. Прашу гэта мець на ўвазе. Для мяне гэта пытанне нумар адзін. І я вельмі сур’ёзна кантралюю гэтыя працэсы”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у гэтым плане галоўнае нават не колькасць выяўленых людзей, у якіх дыягнаставалі каранавірус, а менавіта сітуацыя па пнеўманіях.

“Чым больш мы тэсціруем людзей, а цяпер мы выйшлі на 9,5-10 тыс. штосутачна тэсціруемых, тым больш мы атрымліваем з вірусам. Гэта недзе ў раёне 9 працэнтаў ад тэсціруемых. Я ўлічваю гэта, гляджу гэту дынаміку. Тым больш я папрасіў ад вас прагноз. І вы мне далі прагноз паўтара-два месяцы таму, як будуць развівацца гэтыя хваробы. І я кантралюю, наколькі вы мне дакладна выдалі прагноз”, – адзначыў беларускі лідар.

“Не заўсёды тэсты даюць дакладны паказчык. І ўжо мне з розных месцаў – бальніц, лабараторый – прыходзіць гэта інфармацыя. Ну, на хаду рабілі ўсе тэсты. І ўжо тэсты на антыцелы пачалі рабіць”, – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: у Беларусі заняты ўсяго 10 працэнтаў апаратаў ШВЛ ад тых, што ёсць у наяўнасці

“Я гляджу кожныя суткі інфармацыю. Сёння атрымаў. Таксама 9 працэнтаў у нас ад тэсціруемых (выяўлена выпадкаў захворвання на COVID-19 ад колькасці зробленых тэстаў. – Заўвага БЕЛТА). Па пнеўманіі, што я вельмі кантралюю, заняты ўсяго 10 працэнтаў ад наяўнасці апаратаў. У нас сёння на ШВЛ крыху больш за 200 чалавек. А апаратаў ШВЛ – 2,5 тыс. плюс паўтары тысячы наркозна-дыхальных, калі гэта патрэбна будзе”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама заявіў, што ад агульнай колькасці пнеўманій толькі ў 30 працэнтаў дыягнаставаны COVID-19. “Гэта таксама вельмі добры паказчык. Таму я сёння прэтэнзій ні да Міністэрства аховы здароўя, ні да галоўных урачоў бальніц не прад’яўляю. Мы дакладна выпрацавалі сістэмы лячэння інфіцыраваных людзей”, – адзначыў беларускі лідар.

Лукашэнка: сродкаў аховы і лякарстваў у Беларусі хапае

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, вырашаны ўсе неабходныя пытанні, звязаныя не толькі з бяспекай урачоў у бальніцах, але і на іншых узроўнях. “Усе пытанні для таго, каб лячыць людзей, вырашаны. Сёння ўжо сродкі аховы мы экспартуем. Скажу шчыра, і людзі малайцы. Яны гэту маску не надзяваюць дзе папала. У грамадскіх месцах недзе, у магазін ідуць… Спачатку рынуліся ў аптэкі, скупілі, дэфіцыт. Цяпер гэтага дэфіцыту няма. Мы экспартуем гэтыя маскі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Дзякуй кітайцам, Сі Цзіньпіну дзякуй, адгукнуўся на маю просьбу. Прыслаў нам адзін станок, цяпер другі – для масак, рэспіратараў. У нас будуць цэлыя фабрыкі дзякуючы гэтай дапамозе”.

“Лякарстваў, як мне міністр дакладвае і не толькі, у нас хапае. Прытым для лячэння самымі сучаснымі новымі спосабамі”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Урачы навучыліся працаваць, і рознымі варыянтамі”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Агульная смяротнасць у Беларусі зніжаецца, а памерлых ад COVID-19 у 5 разоў менш, чым ад алкаголю

Прэзідэнт расказаў, што яму напярэдадні перадалі статыстычныя даныя з падрабязным аналізам. “За 4 месяцы агульная смяротнасць у краіне зменшылася на 1,5 працэнта. Калі кожны квартал будзем утрымліваць 1,5-2 працэнты, то мы на 7-8 працэнтаў змяншаем смяротнасць. Гэта вельмі добры паказчык на фоне таго, што ў некаторых дзяржаў смяротнасць пастаянна расце. У нас дынаміка ўніз ужо некалькі гадоў”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Як было адзначана на нарадзе, па стане на 2 мая зафіксавана 97 смярцей пацыентаў з COVID-19. Пры гэтым за мінулы перыяд года ад хвароб сістэмы кровазвароту памерлі амаль 25 тыс. чалавек, ад анкалогіі – прыкладна 6,4 тыс.

“Але што мяне ўразіла – ад атручэння алкаголем памерлі 482 чалавекі. Самазабойстваў – 470. Ужо амаль 1 тыс. чалавек загінулі ад алкаголю і самазабойстваў. На пажарах загінулі 218 чалавек. На дарогах за 4 месяцы ў аварыях загінулі 163 чалавекі. Патанулі 89 чалавек – амаль столькі, колькі ад розных хвароб, ускладненых COVID-19”, – прывёў статыстыку Аляксандр Лукашэнка.

“Але самае галоўнае, што колькасць загінулых зніжаецца квартал да квартала мінулага года, красавік да красавіка мінулага года і гэтак далей”, – падкрэсліў беларускі лідар.