«Кветачкі, якія кветачкі…»

Нядаўні майскі дзень, вуліца Дэпутацкая ў райцэнтры. Сонца, лёгкі ветрык. Што ні кажыце, а гэтай шырокай вуліцай ад перасячэння з вуліцай Чарткова і да магазіна «Санта» прыемна ісці па левым баку: шырокі тратуар, злева – распускаюцца дрэвы, справа – шырокі газон з клумбамі.
У гэтым годзе на клумбах першымі распусціліся гіяцынты: белыя і сінія. Гатовыя выбухнуць белым і чырвоным, падрасталі цюльпаны.
Яны і выбухнулі: незвычайныя, многапялёсткавыя, бы ружы, невысокія. Яркія, прыгожыя…
– Там кветачкі, сыночак? Вой, кветачкі, паглядзі, якія кветачкі… – маладая маці кажа да свайго сына, гадоў двух. Яна на тратуары, адной рукой прытрымлівае каляску, у другой – мабільны тэлефон – яшчэ і паспявае некаму званіць…
Карціна для замілавання, ці не праўда?
Вось толькі адзін штрых урываецца ў рэчаіснасць дысанансам: хлопчык упэўнена тупае пасярод клумбы, вось нахіляецца, захоплівае ручкамі яркі чырвоны бутон, цягне – кветка лёгка ломіцца. Карапуз нейкі час глядзіць на яе, выпускае, цягнецца ручкай да другой…
– Кветачкі такія прыгожыя, сыночак, кветачкі… Алё, ты мяне чуеш? – маці бачыць усё, што робіць яе дзіця, але ніякай рэакцыі, акрамя гэтага «сюсі-пусі».
І толькі калі я прыпыняюся ля іх у пяці кроках, дастаю свой тэлефон, яна, ускінуўшы на мяне позірк, раптоўна спыняе гутарку. Яна разумее, што я магу зараз сфатаграфаваць яе дзіця, якое ірве кветкі пасярод клумбы, і яе саму. Нешта спрацоўвае ў яе мозгу, хлопчык імкліва выхопліваецца з кветак, закідваецца бесцырымонна ў каляску. І мама з’язджае пад акампанемент дзіцячага плачу.
А на клумбе застаюцца тры сарваныя кветкі, дзве – зламаныя дзіцячымі ножкамі.
«Кветачкі, якія кветачкі…»
Крыўдна, прыкра і горка.
Тое, з чым мы ніяк не можам развітацца – вандалізм падлеткаў – хай дарэшты і не можа быць зразумелым нармальным чалавекам, але дастаткова звычайны, на жаль. І сабакі бадзяжныя, якія ўлазяць у клумбы, дзе затоптваюць, дзе выкопваюць кветкі, дзе змінаюць, нават укладваючыся паляжаць, таксама зразумелыя. Дзеля ратавання клумбаў ад апошніх і былі зроблены тыя драўляныя «вазоны» на вул. Дэпутацкая і М. Танка. Але, як бачыце, яны ў сваю чаргу цярпяць ад падлеткавага вандалізму.
І ўсё ж, нішто мяне так не
ўзрушыла ў адносінах да кветак, як тая матуля з дзіцём, сарваныя свежыя бутоны на зямлі.
Здаецца, ужо колькі часу, як выйшлі мы з таго «калгасу», дзе агульнае лічылася нічыім. Ужо колькі часу расказваем мы пра выпадкі вандалізму дзяцей, калі вінаватыя панеслі пакаранне. Колькі часу не заклікаем упрыгожваць, нешта рабіць, а ўгаворваем і просім адно: не псаваць.
У нас ёсць каму ствараць прыгажосць, на гэта выдзяляюцца бюджэтныя сродкі. Не хочаце вы прыкласці рукі да стварэння ўтульнасці ў горадзе – не будзем вас ганіць. Адно толькі: не псуйце.


Не заўсёды, як бачыце, спрацоўвае. Не да ўсіх даходзіць.
У аснове самога існавання прыгажосці ляжаць дзве рэчы. Першая – павага. Другая – адказнасць. Як сведчыць гісторыя, і адно, і другое выхоўваецца ў пакаленнях не угаворамі і заклікамі, не гучнымі забаронамі. А непазбежнай расплатай за парушэнне правілаў і разбурэнне.
Гэта нам сёння надзвычай важна: данесці да кожнага – да мужчыны, жанчыны, маці і бацькі, падлетка і дзіцяці (так – і дзіцяці!), што нельга разбураць прыгажосць не таму, што стане непрыгожа, а таму ў першую чаргу, што за гэтай прыгажосцю стаяць нашы агульныя грошы, праца людзей, якую трэба паважаць і якая аплачаная. І зусім нескладана падлічыць, колькі пайшло грошай, каб расцвіў на клумбе адзін цюльпан.
Разам з тым, у залежнасці ад нанесенай шкоды, можа наступіць як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць. Дзеянне можа быць кваліфікавана як дробнае хуліганства, а можа як і крадзеж, калі кветкі менавіта выкопваюцца з клумбаў з мэтай пасадкі на сваім участку ці перапродажу (на жаль – здараецца).
Колькі прыкладаў пакарання штрафам за нанясенне шкоды гарадскім кветнікам і клумбам трэба нам прывесці, каб у свядомасці кожнага гараджаніна выспела гэта думка: прыгажосць каштуе грошай?
Валерый ГАПЕЕЎ.